Выбрать главу

— Ты нібы чытаеш мае думкі...

— Ды па бацьку сваім ведаю, як i дзеля чаго становяцца прафесійнымі рэвалюцыянерамі...

— Вучоба давалася легка, i я мог бы стаць, як кажуць, чалавекам — мець прафесію, месца пад сонцам, добрую лусту з тоўстым слоем масла i з кілбасою. Змоладу тлусцеў бы, часамі крыху i ліберальнічаючы. Адным словам, быць «як i ўсе...».

— Не ўяўляю цябе такім хамячком!

— Я i сам не мог уявіць сябе гэткім Іонычам. A калі пазнаёміўся з таварышамі з РСДРП (б), паслухаў ix — дык, як ты кажаш, рашыў адразу ж: пайду толькі з імі. Уступіў у тайны студэнцкі i рабочы гурток, пачаў, як умеў, агітаваць... 9 студзеня 1905-га, у сумна вядомую Крывавую нядзелю, разам з пецярбургскім рабочым людам меў першае баявое хрышчэнне...

На міг ён задумаўся: казаць ці не казаць, што быў тады, пры спробе стрымаць звярэлую салдатню i паліцыю, паранены?

«Мусіць, не варта гаварыць ёй такое,— рашыў.— Усё ж яна жанчына. Не трэба яе пужаць».

— З інстытута, само па сабе зразумела, мне прыйшлося пайсці. І я падаўся агітаваць па краіне. Спачатку быў у Маскве, рабіў усё, што давяралі, а потым пад клічкай Трыфанавіч мяне паслалі ў Іванава-Вазнясенск. Даручылі ўтварыць там тайны гурток, глыбей асвоіць самому i вучыць рабочых марксізму, а таксама папрактыкаваць для партыі некаторыя формы барацьбы — праз Савет рабочых дэпутатаў i рабочыя баявыя дружыны... Калі села на хвост ахранка, дык пад клічкай Арсень перабраўся ў Шую, дзе мы ўтварылі, як з гонарам называлі, універсітэт альбо акадэмію. Вывучалі марксізм, прыдбалі друкарню, згуртавалі рабочыя баявыя «дзесяткі», сваю міліцыю — карацей, баявое ядро паўстанцаў. Мітынгавалі, дабіваліся для рабочых большых праў i лепшага жыцця. Як i трэба было чакаць, хутка трапіў у турму...

Замаўчаў.

«Не варта расказваць i пра тое, што казакі цягнулі мяне на аркане, як дзікага каня. Я не паспяваў бегчы, зачапіўся — дык саскочыла рэпка... Там, у Чыце, калі аднойчы папытала, чаму падкульгваю, сказаў: маю выпадковы вывіх...»

— Ты думаеш: я сплю? — па-свойму зразумела яго маўчанне Соня.— Расказвай, калі ласка, Міша.

— З турмы ўдалося неўзабаве вырвацца. У снежні з вазнясенска-шуйскай баявой дружынай быў у Маскве, на Прэсні i на Трыумфальным пляцы... Але, як ведаеш, тады мы не перамаглі... У 1906-м пабыў у Стакгольме, на Чацвёртым з'ездзе нашай партыі, пабачыў Леніна i пагаварыў з ім. Ён шмат распытваў у мяне пра наш універсітэт, пра нашы баявыя дружыны... Ленін ускрыліў мяне ўвагай, марай i верай. Я вярнуўся ў Расію пасталелы, нават узнёслы. Але на волі пабыў мала. Ахранка ўсё ж зноў напала на след, схапіла i, каб легка расправіцца, прыпісала замах на паліцэйскага...

— Божа мой!—уздыхнула Соня.— Якая трэба мужнасць, каб пачуць смяротны прысуд i не звар'яцець!

— Першы раз, у студзені дзевятага, калi хацелі накінуць пятлю, я, скажу шчыра, трымаўся годна. А вось другі раз, у верасні дзесятага, калі зноў паўтарылі смяротны прысуд, пахіснуўся...

«Пахіснуўся, бо стаміўся чакаць смерці... Семдзесят сутак гарэлі мазгі, пякло сэрца: ці не якраз сёння выведуць з камеры смяротнікаў? Кожную ноч не заплюшчыў вочы: паклічуць на досвітку — значыць, павядуць на расстрэл, не паклічуць — цэлыя суткі яшчэ буду жыць... Стаміўся ад такой пакуты. Хацеў сам павесіцца. I, можа, налажыў бы на сябе рукі, каб у апошнюю хвіліну не знайшоў сілу волі пачаць вывучаць англійскую мову, права i палітэканомію...»

— Ад смерці выбавілі вядомыя людзі... Замест яе была пажыццёвая катарга ў матухну-Сібір. Турмы i катарга забралі лепшых маіх восем гадоў. З катаргі збег, трапіў у вашу Чыту. Там сустрэўся з аднапартыйцамі, стаў Васіленкам, пазнаёміўся з вамі, Соф'я Аляксееўна. A калі зноў вынюхала мой след ахранка, даў драпака... З красавіка 1916 (з невялікімі перапынкамі) — тут, на Заходнім фронце — у Івянцы i ў Мінску. Земскі служачы Міхайлаў...

«Зноў жа не варта гаварыць, што кепскі мой страўнік, што ляжаў летась у лазарэце... Як не варта хваліцца, што ЦК якраз мне даручыў наладзіць тут нашу работу...»

— Вас, аднадумцаў, шмат? — запытала Соня.

— Ёсць крыху,— адказаў.— Летам 1914-га паліцыя разграміла тут арганізацыю РСДРП. У 1915-м партыйную работу пачалі латышскія сацыял-дэмакраты (сярод ix вельмі абаяльны Карл Ландар. Я пазнаёмлю цябе з ім, ён табе спадабаецца). З канца пятнаццатага пачаў работу мой даўні таварыш Любімаў, з пачатку шаснаццатага — яшчэ адзін мілы прыбалтыец, Кнорын. Ну, а з красавіка шаснаццатага падключыліся мы, грэшныя...

— Дык ты тут, бачу, не адзін!

— Цяпер з табой нас будзе двое...

— Фрунзе, Трыфанавіч, Арсень, Васіленка, Міхайлаў, я ганаруся табою...— прамовіла Соня. I ўзнёсла: — Наша яшчэ маладое стагоддзе шмат ужо апашліла, апашлілася само, загубіла, але заадно i шмат нарадзіла светлага, герояў. Ты, Міша, з праметэевага племені, дзекабрыст...