Выбрать главу

— Не рабі з мяне героя, дарагая. Я радавы баец, беспрытульны чалавек...

— Я хачу быць толькі з табой, Міша...— сказала цёпла. Выцягнула руку, паклікала: — Хадзі сюды... Я цябе вельмі люблю, Мішачка...

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

1.

Раніца першага сакавіка выдалася, як i трэба быць раніцы на мяжы зімы i вясны. Марозная, настылая, светла-ружаватая ад нізенькага сонца, што напачатку нібы спрыяла холаду i памагала пячы агнём нос i шчокі. Але ўдзень, як адчувалася, будзе цёпла, мароз адпадзе, каб падскочыць нанач i сабраць, абскарыніць талую ваду.

Васілевіч, як i ўсю зіму, пацепваўся ў тонкім паліто ад холаду, цёр твар шурхлай далонню i шпарка крочыў на вакзал. Спяшаўся на цягнік, што неўзабаве павінен быў падацца пад Баранавічы.

Толькі зайшоў у будынак вакзала, удыхнуў яго адмысловае, з пахам даўняй фарбы, мелу, тытуню i нежылога памяшкання паветра, як тут жа, у шырокім фае, яму перагарадзіў дарогу ўзброены вайсковы патруль — афіцэр, фельдфебель i салдат.

— Вашы дакументы,— казырнуўшы, уладна запатрабаваў малады рыжы штабс-капітан, бліснуўшы пярэднімі залатымі зубамі.

Васілевіч падаў сваё пасведчанне земскага служачага, здзіўляючыся, што яго, цывільнага, затрымлівае не дзяжурны жандар (той сіратліва i нібы бездапаможна прытуліўся ў кутку фае, ля яшчэ зачынегіага сёння газетнага кіёска), а вайсковы патруль.

— Паездка на фронт сёння не дазваляецца,— аддаючы яму пасведчанне, прамовіў штабс-капітан.

— Я маю даручэнне Земсаюза... Мой клопат — памагчы раненым салдатам...— Паспрабаваў растлумачыць свой занятак Васілевіч.

— Даручэнне вам далі ўчора, а сёння ўсе яны адмяняюцца,— перапыніў яго штабс-капітан.— Ёсць загад штаба фронту не дапускаць у франтавыя часці пастаронніх людзей.

— я...

— Асабіста я нічога супраць вас не маю. Але, на жаль, сярод вас, паноў земскіх служачых, нямала агітатараў-падбухторшчыкаў...

Штабс-капітан зірнуў паўз яго на дзверы вакзала: сюды шпарка заходзіў Міхайлаў, як i раней, у афіцэрскай форме без пагонаў.

Затрымалі, не пусцілі ехаць на фронт i яго. Разам з ім Васілевіч мусіў выйсці з вакзала, падацца ў горад, на службу.

— Што яшчэ здарылася ў Петраградзе, Miшa? — нецярпліва запытаў Васілевіч, праходзячы каля пажылога дзядзькі ў шэрым фартуху. Той біў ломам стары асенні лёд, каб пасля яго ссунуць у кучкі, знесці воддаль.— Па гэтых жа вайскоўцах адчуваецца: у Петраградзе ўжо новыя падзеі...

— У Петраградзе, Сямён, пераварот...— адказаў той, нацягваючы чорныя скураныя рукавіцы.

— Удалы? — спачатку ўсклікнуў Сямён, а пасля толькі падумаў ужо: «I адкуль ён, як i Муха, пра ўсё так добра ведае? Ніхто яшчэ нічога не чуў, а яны знаюць».

Міхайлаў расказаў пра тое, як заявіліся Петраградскі Савет i Часовы камітэт Дзяржаўнай думы.

— А хто на чале Савета i Часовага камітэта? Якія партыі? Якія лідэры?

— На чале Савета — лідэры меншавікоў i эсэраў,— прамовіў Міхайлаў.— На чале Часовага камітэта — лідэры з «Прагрэсіўнага блока»...

— Ты i прозвішчы іхнія ведаеш? — зноў усклікнуў уражаны Васілевіч.

— На днях увазнаеш i ты ўсё, Сямён...

— А што — цар? — схамянуўся Васілевіч.— А стары ўрад?

— Цар гэтай часінай у дарозе на Петраград, каб на месцы «принять решение». Спадзяецца яшчэ, што крывавы генерал Іваноў утрымае яму трон, патопіць у крыві рэвалюцыю... Спрабуе захаваць манархію i Часовы камітэт... Цяпер шмат будзе значыць, як павядзецца Савет, якога падтрымлівае петраградскі гарнізон... Вось чаму, Сямён, нас не пускаюць на фронт, a ў Мінску сёння няма i не будзе сталічных газет...

— Дык сёння-заўтра вырашыцца спрэчка старой i новай улады? — узбуджана запытаў Васілевіч.

— Можа, i сёння-заўтра...— адказаў Міхайлаў.

Ідучы па Падгорнай вуліцы — вузкай, з цаглянымі двух-трохпавярховымі будынкамі, а сям-там з драўлянымі панадворкамі, са старымі голымі дрэвамі,— Васілевіч пачаў настойліва выпытваць невядомыя яму звесткі пра Петраград.

Васілевіч мала заўважаў, куды яны крочаць: раз-пораз пазіраў у шэрыя ці то блакітныя цёплыя вочы Міхайлава, ішоў, спатыкаўся аб умерзлыя грудочкі лёду, але не зважаў на гэта, з прагаю слухаў навіны.

Толькі, калі Міхайлаў замаўчаў, ён зірнуў паперадзе сябе. Заўважыў: яны падышлі да ляхаўскіх вуліц, ступілі на адну з ix — Ніжнюю Ляхаўку, што вяла да завода. Па гэтай утаптанай, снежналедзяной, бруднай вуліцы цягнуўся доўгі людскі шнурок —да блізкага чыгуна-ліцейнага, машынабудаўнічага i кацельнага завода «Энергія», што раней, да вайны, выпускаў усякае начынне для паравых i вадзяных млыноў — жорны, крупэрні, турбіны, рамантаваў розныя машыны, выпісваў i пастаўляў лакамабілі, газавыя i нафтавыя рухавікі, але апошні час даваў далека не мірную прадукцыю.