Выбрать главу

Праўда, у гэтую хвіліну завод, здаецца, не працаваў. Не дымеў высокі ўцямнелы комін, не заходзіў за цагляныя сцены рабочы люд. Ён стоўпіўся на перадзаводскім пляцы — ад заводскай прахадной i аж да платоў недалёкіх, па другі бок пляца i вуліцы, драўляных хат, дзе жылі мінчукі, найбольш яўрэйскія сем'і. Значыць, «Энергія» забаставала і, можа, сёння падахвоціць да гэтага i Кашарскі машынабудаўнічы i чыгуна-медна-металургічны завод, чыгуначную майстэрню, дрожджавы завод, лесапільню, дзе ўчора, як казалі, было неспакойна.

«Стачкуюць прывезеныя з Расіі тылавыя рабочыя,— гаварылі ў горадзе,— а таксама падаграюць сацыял-дэмакраты».

Калі паразважаць, дык Мінск быў вельмі цікавы горад сярод губеранскіх гарадоў вялікай расійскай імперыі. Ён нібы лічыўся зацішны, спакойны, але... заўсёды небяспечны. Якраз тут у 1898 годзе адбыўся Першы з'езд РСДРП, на самым пачатку гэтага стагоддзя — з'езд Рабочага саюза Літвы i сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага, дзе была ўтворана СДКПіЛ, a ў 1902 — першы Усерасійскі з'езд сіяністаў... Калі гаварыць пра пазіцыю, сілу мінскіх гурткоў РСДРП, СДКПіЛ альбо Беларускай сацыялістычнай грамады, то яны ў розны час былі розныя, бо на ix былі вялікія рэпрэсіі царскага ўрада. А што тычыць сіяністаў, то іхнія пазіцыі тут былі заўсёды моцныя. Ix царызм, лічы, не чапаў — яны хітра маскаваліся, падтрымлівалі самадзяржаўе i нейтралізоўвалі рэвалюцыйны дух, у тым ліку i сярод яўрэяў. Акрамя буржуазных, былі i так званыя рабочыя партыі пад сіянісцкім кантролем. Іхнім памагатым быў Бунд. З тых партый, якія памагалі разбураць рэвалюцыйны дух яўрэйскіх рабочых, найболей вызначалася створаная ў 1901 годзе па ініцыятыве начальніка маскоўскай ахранкі Зубатава Незалежная яўрэйская рабочая партыя.

Цяпер, у 1917 годзе, узнікла новая сітуацыя. I, канечне ж, найперш з-за таго, што Мінск які ўжо час быў прыфрантавым горадам i што адбылася некаторая змена ў яго настроях, а таксама сярод палітычных сіл.

Тая чутка, што забастоўка перакідваецца i ў Мінск, мігам абляцела горад. Але мінчукі па-рознаму ўспрынялі «местные беспорядки». Хтосьці асуджаў ix, хтосьці зацікавіўся, хтосьці падагрэўся ажыятажам, хтосьці аднёсся да ўсяго са скептыцызмам — дзе-дзе, а тут велізарная армія i бязлітасная паліцыя хутка адновяць лад i спакой. Многія, надта інтэлігенты, лавілі навіны, чуткі, плёткі, але нікуды не лезлі, чакаючы, што выйдзе з бунту ў Петраградзе. Пагалёкаць, прайсціся па вуліцах паспрабавалі гімназісты, але ix даволі лёгка разагнала паліцыя.

Як заўважыў Васілевіч, i сёння з раніцы адчыняліся лаўкі, крамы, установы, працавала конка.

Вось цяпер, калі Васілевіч падышоў да заводскіх забастоўшчыкаў, дык убачыў: гэты вялікі, злітны здалёку натоўп на самай справе стракаты. У ім тоўпіліся рознага ўзросту мужчыны ў ботах, святочных паліто альбо ў паношаных ватоўках, у папахах ці шапках-картузах з аколышамі i з цвёрдымі бліскучымі брылямі (гэты люд быў, канечне ж, з цэнтральнай Расіі i карэнны мінскі), тапталіся i маладыя хлопцы ў кажушках, валёнках (з тутэйшых вёсак), гімназісты, а таксама нямала было i кабет ды дзяцей, салдат у шэрых салдацкіх шынялях — мусіць, тых, хто яшчэ нядауна быў у акопах, а пасля трапіў у тыя заводскія аддзелы, што працавалі на вайну.

Над натоўпам, у ранішняй смузе ды ў клубах тытунёвага дыму, чырванеліся транспаранты, па якіх вялікімі белымі літарамі кідаліся ў вочы незвычайныя заклікі: «Да здравствуетъ братство народовъ!», «Миръ и хлебъ!»

Абапал натоўпу было своеасаблівае ачапленне: спачатку, паблізу людзей, стаялі маладыя хлопцы альбо сталыя дзядзькі з чырвонымі павязкамі на рукавах, крыху воддаль — конныя i пешыя жандары, а яшчэ далей, у завулку — конныя казакі.

Натоўп гуў, як растрывожаны вулей. Хтосьці гаварыў, хтосьці слухаў ці перабіваў рэплікамі, смяяўся, i ўсе час ад часу кідалі позіркі на прахадную, нібы чакаючы чагосьці важнага.

Васілевіч i Міхайлаў сталі ззаду высокага худога вусатага дзядзькі i маладога хлопца ў кажушку.

— Это — не галдёжь, паря, это — больше, понимаешь? — гаварыў вусаты, нашмат старэйшы.— Похлеще того, что была двенадцать лет назад.

— Немаведама, што яшчэ з гэтага выйдзе...— падаў басісты голас маладзейшы.

— Теперь должно выйти... Вишь,— кіўнуў вакол сябе,— как даже здесь настроен народ...

Сустрэўшыся з іхнімі позіркамі, сціхлі. Малады сумеўся, а стары ўталопіўся пранікнёна i дзёрзка.