Выбрать главу

2.

Адразу пасля службы Фрунзе ўзяў фурманку i пад'ехаў на Кандуктарскую вуліцу, да чыгуначнай майстэрні.

Праўда, у майстэрню, дзе было шмат знаёмых, ён сёння не павярнуў, злез з фурманкі, абышоў агароджу i падаўся далей, да мінскіх ускраінных драўляных хат, да безымяннага завулка, дзе стаяў Бэркаў дом.

У тупіковым завулку (у ім было пяць-шэсць хат) клаўся прыцемак — можа, спускаўся з засмужанага цяпер неба альбо поўз з недалёкага ўжо лесу.

Калі падышоў да Бэркі, перад ім нібы сама адчыпілася высокая дашчаная брамка — яе, як i трэба, адчыніў свой чалавек, невысокі рыжы мужчына, які стаяў тут, у двары, на варце i праз шчыліну ў брамцы агледжваў завулак. Убачыў бы паліцыю — падаў бы адпаведны знак, згледзеў свайго чалавека — упусціў у двор.

— Усе на месцы, Ёська? — запытаў у знаёмага вартавога Міхайлаў, падаючы руку.

— Усе, таварыш Міхайлаў,— адказаў той.

Вартавы застаўся ля брамкі, а Фрунзе ўздоўж даўгаватай, з двума вокнамі хаты (да шыбін у гэтую хвіліну прыпалі гаспадаровы ўнукі, Ёськавы дзеці) падаўся па ўтаптаным двары — у сад-поплаў, дзе быў пад снегам гаспадароў склеп.

Гэтая сяліба была агароджаная з усіх бакоў высокім дашчаным плотам, паверсе быў яшчэ калючы дрот, дык з вуліцы не было відаць, што робіцца тут, на сялібе. Гэта яны i спажылі — нанялі ў гаспадара парожні склеп (раней, да вайны, Бэрка трымаў тут купленыя свіныя i цялячыя тушы, a ў вайну, калі гаспадар стаў анучнікам, склеп запуставаў). Нанялі для сваёй тайнай мэты.

У сад, да склепа, вяла вузкая, выкапаная ў снезе i ўтаптаная сцежка. Калі падышоў да склепа, Фрунзе па загадзя дамоўленым знаку пастукаў у невысокія памазаныя вапнаю дзверы, i яму неўзабаве адчынілі.

Па вузкіх i падгнілых сходках ён спусціўся ўніз, у глыбокую i абкладзеную каменнем досыць прасторную яміну, дзе вісела падвешаная да столі запаленая лямпа, пад ёй быў ёмісты, збіты з аполкаў стол, а яго абступілі людзі — чалавек сем мужчын. Цяпер яны ўсе перавялі позірк на яго, госця, а дагэтуль, як відаць было, не зводзілі вачэй з высокага чарнявага Рыгора Клёнава, па клічцы Майстра, які перад імі разбіраў i складаў браўнінг, вучыў, як цэліцца — тут, у гэтым склепе, сакрэтна навучалася адна з іхніх баявых дружын. Усе дружыннікі, а таксама іхні кіраўнік, Клёнаў, былі рабочыя з чыгуначнай майстэрні. Каго прыслалі туды на працу, а хто па партыйным заданні ўладкаваўся i сам.

Фрунзе павітаўся, кожнаму дружынніку падаў руку.

— Ну, як ідзе вучоба, Рыгор Якаўлевіч?

— Няблага,— усміхнуўся Майстра.— Хлопцы маладыя, зацікаўленыя, схопліваюць усё на хаду i рвуцца ў бой.

— Усе гатовыя ўжыць зброю, калі трэба будзе? — запытаў Фрунзе, беручы з рук кіраўніка новенькі нікеляваны браўнінг.— Адно — круціць гайкі альбо гаварыць, але зусім іншае — страляць у чалавека, хоць ён i вораг...

— Палова была на вайне, абстраляная, таварыш Міхайлаў,— адказаў Майстра, які навучаў ужо чацвёртую дзесятку за гэты год.

— Зброя — самая паганая прылада на свеце...— уздыхнуў Фрунзе, разгледжваючы элегантны на вока браўнінг.— Але без яе, на жаль, не абысціся. Праўда — добрая, цудоўная нават рэч, але часамі яе без кулакоў, без сілы, без зброі не сцвердзіш... Можа, ужо i на днях спатрэбіцца ваша сіла, хлопцы...

Збоку, за перагародкай, пачуліся стрэлы. Адзіночныя i парныя, адзін за адным.

— Можа, i вы, таварыш Міхайлаў, праверыце сваё вока i сваю руку? — усміхнуўся Майстра, звычайна вельмі вясёлы, багаты на жарты i анекдоты чалавек. Да прыезду ў Мінск ён працаваў у цэнтральнай Расіі збройным майстрам.

— Давайце,— згадзіўся Фрунзе, адчыніў дзверы i зайшоў у суседні, вузкі i доўгі, таксама выкладзены каменнем пакой. Пасярод яго вісела яшчэ адна запаленая лямпа. Тут, ля дзвярэй, стаяла трое мужчын i страляла ў канец пакоя, дзе на фанерным лісце віселі мішэні (з той сцяны яны выбралі каменне, каб кулі ішлі ў пясок).

Адзін з тых, хто страляў, заклаў калочкі ў левую падзёўбаную мішэнь, i Фрунзе тры разы стрэліў. I калі ўсе паглядзелі, то ўбачылі, што стрэліў трапна — амаль у самы цэнтр.

— Вось як, хлопцы, трэба страляць! — пахваліў яго кіраўнік новай дзесяткі.

— Дай бог, каб у жыцці ні мне, ні вам усім не даводзілася без патрэбы страляць...— прамовіў Фрунзе, аддаючы браўнінг Клёнаву.— Вы, Рыгор Якаўлевіч, трэніруйце хлопцаў, а мне трэба ўжо ісці. Толькі сёння мушу ўзяць з сабою на заданне двух баевікоў. Хто хоча пайсці сам?

— Я,— прамовіў чарнявы Гердт.

— I я,— дадаў таксама чарнявы, нібы цыган, Супраневіч.

— Ну то хадзем хутчэй, хлопцы,— сказаў Фрунзе i пайшоў.