Выбрать главу

Яго праводзіў Клёнаў.

— Рыгор Якаўлевіч,— улучыўшы міг, калі яны засталіся ўдвух (хлопцы пайшлі паперадзе), сказаў Фрунзе,— сёння затрымайце дружыннікаў у Бэркі нанач...

— Ясна,— адказаў той.

— Адным словам, чакайце нашага пасланца...

— Ясна,— зноў паўтарыў той, нічога болей не пытаючы.

Ужо на дварэ, дагнаўшы Супраневіча (помніў, што той мае земляка-пісара ў штабе фронту), запытаў:

— Ну, як жыве ваш аднавясковец?

Супраневіч (а гэта быў Пятрусь Чорны з Янкавін, у хаце якога да вайны былі вячоркі, той Пятрусь, які прыстараўся хлопчыка сваёй братавай Гані), нядаўні салдат, а цяпер, пасля выпіскі ca шпіталя, рабочы ваеннага аддзела чыгуначнай майстэрні, адказаў:

— Тоіцца, нічога не кажа...

Фрунзе i Пятрусь Чорны мелі на ўвазе былога янкавінскага валаснога пісара Дзяжко, які цяпер служыў пры штабе фронту пісарам i мог ведаць важныя звесткі.

— Верны служака, кажаце? — усміхнуўся Фрунзе.— На жаль, нямала яшчэ такіх псоў у нашага цара-бацюшкі... Ды нічога, хутка ix раптоўна паменее...

3.

У ноч на 2 сакавіка, калі Мінск адпачываў, ужо не на канспіратыўнай кватэры, a ў гаспадароў Фрунзе сабраліся на нараду.

Вось Фрунзе акінуў позіркам завешаныя цёмнымі дзяругамі вокны, круглы, засланы белым абрусам стол, настольную лямпу з маленькім агеньчыкам, бліжэйшых сваіх паплечнікаў у цывільным i вайсковым уборы, іхнія агромністыя, быццам волатаўскія цені на сценах i на столі. Коратка пастрыжаны, з упартым, крышку раздвоеным падбародкам бравы прапаршчык, з ордэнамі Святой Ганны III ступені i Святога Станіслава Мяснікоў сядзеў па правай руцэ, за ім — круглатвары, з запытальным позіркам ва ўчэпістых, нават калючых вочках, з невялікім носам i кучомкаю вусікаў Фамін, далей — вайскоўцы, абодва з вусікамі, Кнорын i Крывашэін, лявей — інтэлігентны Ландар, побач з Фрунзе — кучаравісты, з круглымі, трошкі навыкаце, жывымі вачыма Магілеўскі. З самых блізкіх сяброў, паплечнікаў не было толькі Любімава — той паехаў у Лунінец, пабачыцца са сваёй парт'ячэйкай.

— Сябры! — ціха, але ўсхвалявана прамовіў Фрунзе.— Я сабраў вас, каб паведаміць надзвычайную навіну.— Усміхнуўся.— Не, да нас не едзе рэвізор, да нас з Петраграда спяшаецца рэвалюцыя... Віншую вас, старых бальшавікоў, ca светлымі днямі!

Каб не замінаць гаспадарам, ніхто не ўсклікнуў i не запляскаў. Як ніхто i не паспрабаваў нават усміхнуцца з гэтага «мы, старыя бальшавікі», хоць самаму малодшаму з ix, Кнорыну, ішоў дваццаць сёмы год, а самаму старэйшаму, Ландару — толькі трыццаць чацвёрты, бо амаль усе былі ў партыі па дзесяць i болей гадоў (самым маладым па стажы быў Фамін, сем гадоў), некаторыя былі сярод байцоў Снежаньскага паўстання, прайшлі турэмныя «універсітэты», i ўсе, прысланыя партыяй сюды ў вайну, ужо зрабілі нямала.

— Цяпер, сябры, кораценька пра тое, што за апошнія дні адбылося ў Петраградзе i што нам трэба рабіць,— сказаў Фрунзе.— Па-першае, наша сувязная перадала нам вялікі дзякуй ад ЦК. За тое, што праясняем тут галовы арміі i тылу, што ўведалі ў Стаўцы i перадалі ў Петраград вельмі важныя навіны. A іменна: копію зместу тэлеграмы Мікалая генералу Хабалаву, вестку пра місію генерала Іванова i пра ад'езд Мікалая з Магілёва ў Петраград. Уведаўшы ўсё гэта, нашы таварышы паслалі агітатараў у воінскія часці i здолелі не толькі настроіць ix супраць Хабалава (не прымяняць зброю), але i далучыць да паўстанцаў. Лічы, увесь петраградскі гарнізон. А гэта, сябры, не меней 50-60 тысяч штыкоў... 27 лютага паўстанцы даволі легка захапілі Галоўнае артылерыйскае ўпраўленне, арсенал, найбольш важныя ўстановы, тэлеграф, паштамт, арыштавалі міністраў i буйных чыноўнікаў. Удала сарвалі i карную місію генерала Іванова. Хоць ён вёў на «усмирение» адборныя часці з Паўночнага i Заходняга франтоў, батальён георгіеўскіх кавалераў з асабістай царскай аховы, але «разложили» i ix: каго — пад Оршаю, каго — пад Гатчынай... Пасля 21 гадзіны 27 лютага ўтварыўся баявы штаб рэвалюцыі — Выканком Савета з 15 чалавек...

Фрунзе замаўчаў, пераводзячы дыханне. Усе ўважліва слухалі, бо некаторыя, асабліва з арміі, не ведалі апошніх навін.

— Канечне, каб нашы лідэры i таварышы не былі ў эміграцыі, на катарзе альбо ў акопах, то i яны былі б цяпер каля руля рэвалюцыі,— зноў загаварыў у цішыні Фрунзе.— А так не зусім зразумела, як будуць паводзіцца меншавікі i эсэры — лідэры Савета. Тым больш у незвычайнай сітуацыі, што склалася. Я маю на ўвазе тое, што ўчора ў 2 гадзіны ночы ўтварыўся i Часовы камітэт Дзяржаўнай думы на чале з Радзянкам, які аб'явіў, што бярэ ўладу ў свае рукі... Праўда, калі ўчора ўвечар расклеілі яго загад, каб салдаты вярнуліся ў казармы i аддалі зброю, то яго ніхто не паслухаў. Гэта значыць, Радзянка не здолеў «обуздать» Петраград, пацярпеў фіяска, Часовы ўрад пачаў фармаваць князь Львоў...