Выбрать главу

— Дык колькі цяпер улад у Петраградзе? — здзівіўся Кнорын, прамаўляючы крышку з прыбалтыйскім акцэнтам.

— Выходзіць, што тры,— усміхнуўся Фрунзе.— Савет, Часовы камітэт Дзяржаўнай думы i Часовы ўрад. Але лініі дзве. Савет заклікае ліквідаваць манархію. Як напісана ў яго звароце, «старая власть должна быть окончательно низвергнута и уступить место народному правлению», а лёс Расіі павінен рашыць Устаноўчы сход, выбраны на аснове «всеобщего, равного, прямого и тайного» выбарчага права. Радзянка i Львоў пакуль што нічога не сказалі пра ліквідацыю манархіі...

— Дык што гэта выходзіць? — запытаў Крывашэін, які разам з Кнорыным прыбыў сёння з 32-га тылавога эвакуацыйнага пункта сама пазней i найменш за астатніх ведаў пра сітуацыю ў сталіцы.

— А тое, што адны хочуць знішчыць самадзяржаўе, a другія — толькі яго падрэтушаваць...— загаварыў Мяснікоў, які прыехаў з Барысава раней i ўжо многае пачуў ад Фрунзе.

— I што з гэтага выйдзе? — зноў здзівіўся Кнорын.— Сутычка? Грамадзянская вайна?

— Горад, рабочыя i вайсковы люд, за ліквідацыю самадзяржаўя...— прамовіў Фрунзе.— А вось Савет, здаецца, спрабуе шукаць кампрамісу з Часовым камітэтам думы i Часовым урадам — гэта значыць, спрабуе даць свой, памяркоўны накірунак людской стыхіі...

Замаўчаў. Прыкусіў ніжнюю губу. Нават ведаючы больш за астатніх, нялёгка было ўсё як след ацаніць, тым больш што ў цяперашняй сітуацыі ўзніклі i досыць своеасаблівыя моманты.

— Што такое кампраміс Саветаў, Міхаіл Аляксандравіч? — запытаў Крывашэін.

— Па-першае, Савет згаджаецца ўтварыць Часовы ўрад (а ў яго, канечне, увойдзе буйная буржуазія), па-другое, яны разам рыхтуюць сумесную дэкларацыю, якую павінны аб'явіць сёння-заўтра...

— А чаму Савет сам не фармуе рэвалюцыйна-дэмакратычны ўрад? — падаў голас звычайна стрыманы Фамін.

— «Вышэйшая палітыка!» — развёў рукі Фрунзе.— Старшыня Савета Чхеідзе i яго калегі лічаць: яны не ўтрымаюцца, не навядуць ладу. Справяцца якраз моцныя свету гэтага. Савет бярэ на сябе функ-цыю кантролю за новым урадам...

— Гэты кантроль будзе толькі да таго часу, пакуль салдат не загоняць у казармы i адбяруць зброю...— прамовіў Фамін.

— Я хоць i больш за вас сёння ведаю, але не менш многага не разумею...— прызнаўся Фрунзе, хітаючы галавою.— Зусім не такога чакаў ад Савета...

— Ну, а што нам раіць сувязная? — запытаў Кнорын.

— Сабраць нашы сілы, расказаць ім пра ўсё, падтрымаць Петраградскі Савет i пачаць тут утвараць кааліцыйны Савет...

— Значыць, мы павінны пасаюзіцца з меншавікамі i эсэрамі?

— I з бундаўцамі...— дадаў Мяснікоў.

— А як гэта мы будзем усім тлумачыць?

— Паўтараю, выйшла так, што ў цяперашняй, не зусім спрыяльнай для нас, сітуацыі руль захапілі меншавікі i эсэры. Якраз яны сталі лідэрамі Петраградскага Савета,— Фрунзе пачаў не толькі пераказваць тое, што сёння сказалі яму, але i разважаць уголас, хоць, прызнацца, не ўсё разумеў, як таго хацела петраградская сувязная.— Дык што нам рабіць? Адысці ўбок? Выступіць супраць усіх? Відаць, усё ж будзе разумней шукаць — асабліва з нашымі меншавікамі i з бундаўцамі — калі не згоды, дык хоць кампрамісу. Нам раяць аб'яднацца...

— Я, скажу шчыра, не зусім уяўляю наш саюз...— паціснуў плячыма Мяснікоў.— Усё ж мы, меншавікі ды бундаўцы — розны люд... А па-другое, нам было б нашмат лягчэй без саюзнікаў...

— Давайце тут, вось цяпер дамаўляцца,— сказаў Фрунзе.— Цяпер мы можам разважаць, нават спрачацца да ахрыпласці, але заўтра на наш пашыраны сход, дзе будуць i маладасведчаныя, i не такія інтэлектуальныя таварышы, мы павінны вынесці не наша недаўменне альбо палеміку, а ясную пазіцыю. Тым больш што ў Мінску мы мацнейшыя па інтэлекце за меншавікоў i эсэраў, дык павінны i абагнаць ix ва ўсім, ісці якраз пад нашым сцягам...

— Лагічна рабіць тое, што раяць нам са сталіцы,— урэшце падаў свой голас Магілеўскі. Праўда, цяпер без жарту, хоць звычайна ён перасмешнік адмысловы.

— А заадно трэба некаму з нас з'ездзіць у Петраград i выясніць усё добра ў ЦК,— урэшце азваўся i Ландар.— Я раю паслаць Магілеўскага альбо непрысутнага тут Дзмітрыева. Яны добра ведаюць там усе хады.

— Як, таварышы? — акінуў усіх позіркам Фрунзе.— Збіраем заўтра пашыраны сход бальшавікоў? Заяўляем ім пра падтрымку Петраградскага Савета? Заклікаем да аб'яднання з меншавікамі i бундаўцамі? Заўтра ж пачнём рыхтаваць глебу, каб утварыць Савет земскіх устаноў i прадпрыемстваў на Заходнім фронце i Савет рабочых i салдацкіх дэпутатаў у Мінску?