Выбрать главу

Усе замоўклі. Няпроста ўсё было. Але сёння Фрунзе не настойваў на жалезнай дысцыпліне, аднагалоссі, нават хацеў, каб было болей палемікі. Трэба было ж не толькі ведаць сапраўдныя думкі блізкіх людзей, але i з розных сцяжын да мэты выбраць найбольш патрэбныя.

— Думаю, поўнага «сожительства» з меншавікамі i бундаўцамі ў нас не выйдзе,— сказаў ён яшчэ пра тое, што найбольш усіх турбавала.— Кажу ж, будзем «саюзіцца», але заадно i гнуць сваё... Дык я за гэтыя пункты...— i падняў руку.

Услед за ім паднялі рукі i астатнія.

— I яшчэ адна закавыка, сябры, пра якую мы павінны мець ясны погляд сёння i далажыць заўтра,— Фрунзе адкінуўся i абвёў усіх учэпістым позіркам.— У Петраградзе паўстанцы раззброілі паліцыю, разагналі жандармерыю, спалілі ахоўнае аддзяленне, дзе былі палітычныя справы i нашых таварышаў, утварылі атрады народнай міліцыі... Што нам рабіць на гэты конт тут?

Зноў усе замаўчалі. Цяжкае было гэтае яго запытанне.

— Неразумна марудзіць альбо сядзець як мыш пад венікам, але небяспечна i паспяшаць, наляцець вераб'ём на каршуна...— прамовіў Ландар.

Усе адначасна ўсміхнуліся. З такой вось мудрагелістай парады.

— Ты не Карл, а мой цёзка, Саламон! — хітнуў галавою Магілеўскі.

— А ты што параіш? — пачырванеў Ландар.— Альбо якую мудрую думку свайго цёзкі можаш успомніць?

— Мой цёзка Саламон...

— Хлопцы,— перапыніў Мяснікоў, зірнуў на гадзіннік,— ужо трэцяя гадзіна...

— Не забывайма,— Ландар пачаў загінаць пальцы.— Тут паблізу фронт, амаль два мільёны штыкоў, дык Эверт «лішняга» не дазволіць; мінскі люд i мінскі гарнізон не такія актыўныя i рэвалюцыйныя, як у Петраградзе; сілы нашых баявых дружын невялікія; многае будзе значыць ад таго, што будзе сказана пра паліцыю ў сумеснай дэкларацыі Часовага ўрада i Савета...— таксама, як i Кнорын, крышку з прыбалтыйскім акцэнтам пачаў тлумачыць сваю нядаўнюю перасцярогу Ландар.

— ...Яшчэ многае будзе значыць i ад раптоўнай змены настрою ў Мінску,— дадаў Фрунзе.— Сёння тут было даволі спакойна, a заўтра... I хто ведае, што мы можам пачуць сёння-заўтра з Петраграда...

— Карацей, дружыны трэба прывесці ў гатоўнасць нумар адзін,— сказаў Мяснікоў.— Каб усімі дзесяткамі былі ў зборы, маглі ў любую хвіліну па першаму ж сігналу ўступіць у бой...

— Іншыя думкі ёсць? — зірнуў на ўсіх Фрунзе.

— Не,— сказаў Крывашэін.

За ім паднялі рукі i іншыя.

— Ну, тады ўсё,— прамовіў Фрунзе.— Цяпер давайце пакумекаем, што i як будзем рабіць заўтра, прыкінем, хто што возьме на свае плечы... Толькі давайце гаварыць коратка i ясна. Іначай мая Соня замерзне на дзяжурстве...— I пажартаваў: — Сход сходам, а жонка таксама ж дарагая...

Частка другая

ЗВАНАРЫ

Ніхто не вінаваты ў тым, калі ён нарадзіўся рабом; але раб, які не толькі цураецца імкненняў да сваёй свабоды, але апраўдвае i прыхарошвае сваё рабства..., такі раб ёсць халуй i хам, які выклікае законнае пачуццё абурэння, пагарды i агіды.

У. I. Ленін

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі!

Янка Купала

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

1.

Раніцай другога сакавіка ў Мінску хтосьці пусціў чутку: у сталіцы — пераварот!

Гэтая незвычайная вестка мігам абляцела горад, узбудзіла люд: што іменна i як адбылося ў Петраградзе? Ды ніхто пра тое нічога не ведаў; петраградскія газеты зноў не прыйшлі; мінскія, прыдушаныя ваеннаю цэнзураю, які ўжо дзень замоўчвалі сапраўдныя сталічныя падзеі альбо тлумачылі ix па-свойму, з вернападданніцкім духам. Таму шмат хто ў Мінску палічыў: ат, яшчэ адна людская пагалоска-выдумка! Праўда, ужо ў гэты дзень той-сёй з уласнікаў пачаў абачліва зачыняць крамы i рэстараны.

Апоўдні генералу Эверту пазваніў начальнік Стаўкі генерал Аляксееў i запытаў, ці «гарантуе ён, што Заходні фронт і Мінск будуць супраць бунтаўшчыкоў, падтрымаюць цара i яго ўрад». Пажылы, шасцідзесяцігадовы, няўдачлівы Эверт (ён не набыў вялікай славы ў руска-японскую вайну на пасадзе начальніка штаба дзеючай арміі i няўдала кіраваў наступленнем Заходняга фронту летась (разгубіўся, задумаўся, пацёр пачырванелы i раптоўна павільгатнелы лоб i, як казалі, нават заплюшчыў ад хвалявання вочы. Пасля (як i ўсе галоўнакамандуючыя іншых франтоў) мусіў прызнацца генералу Аляксееву, што цяпер, у такую незразумелую часіну, не можа цалкам ручацца за неспакойны, нават выбуховы фронт i ахвочы да бунту Мінск. Калі ж ён сам запытаў, што значыць гэты дзіўны званок, генерал Аляксееў не то рэзка, не то разгублена адказаў, што i ад яго адказу ўжо сёння, праз гадзіну-другую, «будзе вырашацца лёс самадзержца Мікалая Другога». Калі неўзабаве Эверту зноў пазванілі (але ўжо не генерал Аляксееў, а яго ад'ютант) i сказалі, што цар, уведаўшы думкі камандуючых франтоў, адмовіўся ад трона, генерал доўга не мог апамятацца, да вечара седзьма сядзеў у сваім кабінеце як прывязаны да крэсла. Адно, што ён буркнуў свайму ад'ютанту, гэта было тое, каб ніхто, найперш тэлефанісцкі гурт, не плявузгаў пра пачутае.