— Я ад усёй душы, панове, грамадзяне, прашу вас: разыходзьцеся, не заваблівайце люд, не наэлектрызоўвайце горад! Цяпер нам трэба не хаос, анархія, а развага, спакой. Толькі так мы зможам ва ўсім разабрацца, памагчы Петраграду i змагчы паспрыяць рэвалюцыйнаму абнаўленню тут.
— Вы хочаце ўтаймаваць не толькі нас,— тыцнуў пальцам запалісты юнак, ужо трохі пасінелы ў лёгкай вопратцы ад холаду: цяпер, раніцай, трымаўся колкі мароз.— Вы хочаце ўтаймаваць рэвалюцыю!
— Грэх такое гаварыць, малады чалавек,— падняў на яго стомленыя вочы Самойленка.— Легка сеяць звады, гарлапаніць, нашмат цяжэй рабіць усё па-дзелавому...— Зноў уважліва, з мальбою ўталопіўся на Васілевіча.— Мы, паўтараю, будзем рабіць усё, каб усім было лепш. Сёння да нас у Мінск прыбудуць высокія госці з Петраграда. Яны раскажуць нам пра сталічныя падзеі, а вечарам яны правядуць сход гласных гарадской думы, прадстаўнікоў Земскага i гарадскога саюзаў, губеранскага i павятовага земства, прадстаўнікоў грамадскасці i нацыянальных груп, у тым ліку i рабочага люду...
— Гэта будзе зборышча абаронцаў старога рэжыму! — зноў не даў заверхаводзіць Самойленку юнак.— Народ павінен сам выбраць свой кіруючы орган — Савет. I якраз Савету трэба аддаць уладу. Вось тады гэта будзе рэвалюцыйнае абнаўленне.
— Наколькі я ведаю, сёння-заўтра ўтворыцца ў Мінску i Савет, як вы кажаце. I мы, думаю, будзем супрацоўнічаць...
— Мана! Вы хацелі б бачыць Саветы на ражне!
— Так няможна размаўляць...— развёў рукі Самойленка, апелюючы да натоўпу. I гэты яго ход заваражыў некаторых, i яны пачалі ўжо сімпатызаваць Самойленку i не даваць такой волі юнаку.
Пасля, калі занепакоены Самойленка ад'ехаўся i, можа, падаўся да іншых мітынгоўцаў, каб супакоіць i ix, Васілевіч пашыбаваў далей у горад. Хацеў купіць свежых газет.
Ды ні сталічных, ні мінскіх выданняў у продажы не было. Дык ён паімчаў да будынка, дзе размяшчалася рэдакцыя «Минского голоса». Але трапіць туды не ўдалося: пры ўваходзе стоўпіўся агромністы гурт салдат, чыноўнікаў, рабочых. Гэты гурт падзяліўся на невялікія, цесна стуленыя адна да адной купкі, i ў кожнай купцы было па газеце, якую нехта адзін чытаў уголас.
Васілевіч прыляпіўся да крайняга гурту, дзе голас падаваў маладжавы рыжы чыноўнік:
— «...в Петрограде произошли волнения. Умиротворение взяла на себя Государственная дума...»
Калі ж ён міжволі прыслухаўся да таго, што чыталі збоку, дык пачуў адтуль:
— «...в настоящее время в столице наступило полное спокойствие. Все вернулись к своему труду. Внутренняя жизнь страны течет по своему обычному руслу...»
3.
Як i дамаўляліся, трэцяга сакавіка Фрунзе склікаў яшчэ адну, большую нараду бальшавікоў. На яе апрача тых, хто быў у яго на кватэры ўчора, прыйшлі яшчэ i іншыя цывільныя ды армейскія бальшавікі — Алібегаў, Пярно, Дзмітрыеў, Гурэвіч, Фішгендлер, а таксама i іншыя, менш знаёмыя яму людзі.
Фрунзе спачатку, маючы ўжо сённяшнюю петраградскую газету (яе прывёз i даў яму іхні пасланец), расказаў усім пра тое, што было за апошнія дні ў Петраградзе, а пасля сказаў некалькі слоў пра іхінюю ўчарашнюю сходку i пра тое, што яны рашылі. Як i трэба было чакаць, успыхнулі спрэчкі, i даволі вострыя. Той-сёй рашуча не хацеў аб'ядноўвацца з меншавікамі i бундаўцамі. Але ён здолеў пераканаць i гэтых, максімалістаў, што такі саюз цяпер мусова патрэбен.
— Я добра разумею, таварышы, ваш клопат пpa аблічча нашай партыі, пра яе большую ролю,— вось прамовіў ён, намагаючыся кожнаму зазірнуць у вочы.— Паверце, мы не думаем саступаць альбо толькi назіраць. Да слова, ёсць думка: давайце ўжо заўтра склічам наш легальны агульны сход i на ім пададзім ідэю, каб ужо на гэтым сходзе пачаць засноўваць Мінскі Савет рабочых дэпутатаў i яго Часовы выканаўчы камітэт. Заснуём сваё ядро, а тады паклічам сваіх саюзнікаў: далучайцеся! Упусцім дзень-другі, дык яны ўтвораць Савет пад сваёю эгідай... Як, таварышы?
— Згода,— падаў голас чарнявы Алібегаў.
— Уперад! — з выразным латышскім акцэнтам выгукнуў маладжавы Пярно.
— Ёсць,— усміхнуўся Фрунзе.— Значыць, заўтра спрабуем аформіць орган народнай улады... Далей. Трэба параіцца з вамі i яшчэ па адной вельмі важнай справе. Мы ўчора прыйшлі да думкі, што не трэба чакаць, калі ўсталюецца ў Петраградзе Часовы ўрад, калі пачне мяняцца апарат тут, а варта нам умяшацца i паспрыяць рэвалюцыйнаму абнаўленню. Да слова, мы можам паспрабаваць разагнаць паліцыю, ахранку i з земскіх служачых, нашых дружыннікаў хутка ўтварыць народную міліцыю... Што на гэта скажаце, сябры?
— A ці хопіць у нас сілы на такую акцыю? — запытаў Фішгендлер.