Выбрать главу

— Сілы не шмат,— прызнаўся Фрунзе.— Але многа будзе значыць ад таго, калі мы гэтую акцыю правядзём імгненна, рашуча i зладжана. Па-другое, дух паліцыі i ахранкі падарваны, яны ўжо не здолеюць як след супраціўляцца. А па-трэцяе, таварышы, народ любіць смелых i дзёрзкіх пераможцаў,— Зноў усміхнуўся.— Значыць, ёсць шанец рэзка падняць наш аўтарытэт, а таксама ролю, аўтарытэт міліцыі...

— Мы можам ашаламіць не толькі просты народ, але ўвесь горад, губерню, штаб фронту i Стаўку,— падаў голас Ландар, якога яны ўчора назначылі камандаваць рэзервам дружыннікаў па разгоне старога карнага апарату.

— I не толькі ашаламіць,— як i Ландар, не для яго, Фрунзе, а для тых, хто сядзеў у зальчыку, загаварыў Магілеўскі.— Пры ўдалай аперацыі мы зможам пусціць тут ход падзей па сваім русле, аберагаць яго, а пры патрэбе i ўладна сяго-таго натхняць, а сяго-таго i стрымліваць...

— A калі прайграем, страцім i тое, што маем?— запытаў маладжавы чалавек у салдацкім шынялі.

— Мы не маем права прайграць,—адказаў яму, незнаёмаму, Фрунзе.— Тым больш што сваёю перамогаю тут мы здолеем добра памагчы нашым таварышам у Петраградзе... Улічваючы ўсе гэтыя аспекты, прашу галасаваць. Хто за тое, каб, не адкладаючы, ужо сёння разагнаць мінскую паліцыю i ахранку?

Амаль усе, хто быў тут, ускінулі ўгору рукі.

Пасля палудня, калі адпаў мароз, ярка свяціла сонца i парыхлеў снег, горад запоўнілі салдаты. Аж зашарэла ўваччу ад іхніх шынялёў. Салдаты на чале з афіцэрамі пачалі рашуча зганяць люд з вуліц на тратуары ад вакзала i аж да Саборнай плошчы, выгароджваць сабой жывую заслону.

Люд не разумеў, што задумліваюць вайскоўцы, i гэтая загадкавасць болей распаліла ix інтарэс, завабіла ўжо ўсіх, у тым ліку i звычайных разявакаў.

Калі Муха падышоў да Захараўскай, дык убачыў: абапал яе тоўпіцца процьма люду, i яго ўсё большае ды большае. Калі наблізіўся, дык аж здзівіўся: люд абляпіў усю Захараўскую вуліцу — ад блізкай Нова-Маскоўскай i аж туды, куды бачыла вока,— да гасцініц «Гарні», «Вікторыя» i «Лібава», што былі паміж вуліцамі Багадзельнай i Серпухаўскай. Праўда, справа, насупраць кінатэатра «Эдэн», Захараўскую перагарадзілі драўляным плотам, утварыўшы паўкруг.

Муха запыніўся ззаду інтэлігентнай публікі — афіцэраў, чыноўнікаў, важных паноў — i пазнаў сярод яе знаёмага служачага з паштова-тэлеграфнай канторы, што была непадалёку яго цяперашняй кватэры на гэтай жа, Губернатарскай, вуліцы.

Крануў за локаць таго, у службовым шынялі i фуражцы, павітаўся. I хоць ведаў, што значыць гэты натоўп, запытаў:

— Што тут такое, Міхаіл Раманавіч?

— Ды чакаем во высокіх петраградскіх гасцей.

— Каго?

— Пасланцоў Часовага ўрада. Ваеннага i марскога міністра Гучкова i члена Дзяржаўнай думы Шчэпкіна...

Люд заварушыўся, загуў, пачаў падымацца на дыбачкі i намагацца зазірнуць туды, на вуліцу. На ёй паказаўся атрад конных афіцэраў у параднай форме, а за імі ціха каціліся два аўтамабілі. Абапал ix i ззаду таксама была вялікая ахова — конныя афіцэры.

— Дзе Гучкоў? — загудзелі ў натоўпе.— А дзе Шчэпкін?

— У першай машыне. З Эвертам i з Друцка-Сакалінскім.

— У другой — Самойленка i Хржанстоўскі...

Дзе хто сядзіць з высокіх гасцей i тутэйшага ваеннага ды цывільнага начальства, Муха не ўбачыў. З-за людскіх галоў. Публіка ж гула, ляскала ў ладкі, кідала папяровыя кветкі цераз натоўп на вуліцу, пад конскія ногі i аўтамабільныя колы.

Пазней, калі высокія госці з'ехалі i вайскоўцы знялі ачапленне, людзі пачалі разыходзіцца. Муха закрочыў далей па Губернатарскай—да невялікага, светлага, з цемнаватымі дрэвамі скверыка паблізу Саборнай плошчы.

Там, у ачышчаным ужо ад снегу i люду скверы, каля кветніка з горкаю чорнай зямлі (для кветак), чакаў Дзядзя. I сёння ў зношаным паліто i капелюшы. Кіўком галавы адказаў на яго прывітанне.

— Брат Георгі,— адразу ж загаварыў той, назваўшы яго тайнай клічкай.— Трэба пагаварыць.

Павёў па пустой алеі.

— У дзевяць гадзін вечара вы падыдзеце да «Еўропы»,— без ніякіх уступаў пачаў Дзядзя, кіўнуў направа, на гасцініцу,— i ўбачыце каля парадных дзвярэй пана ў паліто, белым шаліку i ў капелюшы. Гэты пан — наш госць, горада не ведае. Хто ён, вам ведаць не мусова. Вы запытаеце: «Цудоўны вечар, ці не праўда?» Калі вам адкажуць: «Бясспрэчна!» i пакажуць вось такі знак (паказаў — які), вы правядзіце гэтага пана на нашу кватэру на Нова-Маскоўскай. Пасля, калі мы пагаворым з паўгадзіны, вы адведзіце госця зноў да гасцініцы. Ясна?

— Ясна,— адказаў Муха.

— Далей. Пра наша, мінскае,— сказаў Дзядзя.— Хоць сёння на дварэ халодная імжа, але сёння ў палітычным асяроддзі будзе горача...