Калі госця зноў даручылі яму, яны падаліся побач. Петраградзец — пад парасонам, а ён — па-ранейшаму пад дажджом, мокнучы да ніткі. Услед за госцем, як заўважыў, вымкнуліся i, разыходзячыся, ішлі іншыя людзі, але ён не пазнаў, хто гэта. Ды, можа, некаторых засакрэчаных ён i не ведаў.
— Мне сказалі, што вы неўзабаве ідзяце на вельмі важную нараду i будзеце прадстаўляць сваіх землякоў...— нечакана загаварыў госць. I ўжо не басавіта ды прастуджана, a мяккім, нават прыемным грудным голасам. Праўда, вельмі ўпэўненым, уладным тонам.
«Вялікі птах!» — падумаў Муха, a ўголас адказаў:
— Іду.
— Мы задаволены тым, як пакуль што паводзіцца ваш Мінск, што робіце тут вы...— прамовіў той, хлюпаючы па лужынах. Відаць, прывык у вялікай сталіцы да светлых i ўночы вуліц, дык тут, у зацемненым прыфрантавым горадзе, добра не бачыў у цемры.
Муха пачціва прамаўчаў. Не варта ні хваліцца, ні пра штосьці неабдуманае пытаць. Усё ці толькі тое-сёе, што трэба ведаць яму, іншым яго ступені пасвячэння, скажуць самі.
— Мне трэба з вамі пагаварыць вось пра што,— зноў загаварыў таямнічы незнаёмец.— Скажыце: вы шчыра i глыбока верыце, што вашы землякі вымерлыя як народ, як нацыя?
— Я шчыра i глыбока веру, што нават i цяпер, пры такім пераломе, яны не прачнуцца...— пранікнёна прамовіў Муха.— Беларусы — сапраўды не народ, не нацыя. Яны — статак цярплівых, паслухмяных, баязлівых авечак. Нават больш — яны абыякавыя да свайго болю, ненавідзяць, а то i самі топяць тых, хто абудзіўся, хоча назваць ix народам, нацыяй... А па-другое, яны зусім цяпер абяссіленыя, ледзь трываюць...
— Мне падабаецца тое, што i як вы гаворыце,— лагодна сказаў госць.— Але... Што — сапраўды ў ix ні кроплі не захавалася духу птушкі Фенікс?
— Што абсалютна ніхто не падыме галавы i не падасць свайго голасу, я не гарантую...— адказаў Муха.— Але тое, што сілы тых, «свядомых», нікчэмныя, я гарантую...
— Хто ведае, брат мой,— уздыхнуў госць.— Дзяцюк, які шмат гадоў спіць летаргічным сном, а пасля раптам прачнецца, здольны на цуды i подзвігі. Вашы Янкі ды Марылі — таксама... Так што небяспечна ix недаацэньваць...
Муха змаўчаў, слухаў.
— Цяпер у нас шмат самых розных i самых вялікіх клопатаў,— гаварыў далей незнаёмец,— але i нацыянальным пытаннем мы ігнараваць не павінны. Мы мусім i тут усё добра ведаць, усюды трапіць, усё кантраляваць i спажываць... Сёння, на нарадзе, добра запамінайце, хто i што будзе гаварыць i пра гэта. У кулуарах, у зале, на трыбуне. Сярод землякоў ахвотней «выяўляйце» сваю «роднасць», спакушайце на выліццё нават самых вялікіх пачуццяў i эмоцый... Хай усе, што хочуць, крычаць, спрабуюць рабіць... Мы, паўтараю, павінны ведаць усіхныя думы, мары, дзеі. Можа, i з-за таго, што трэба асцерагацца адчаю тых, у каго ўсё забралі... Можа, дзеля таго, каб выявіць увесь дух, усе магчымасці i спробы, а пасля, у спрыяльную хвіліну, усё ўміг гэтае выпалаць... Можа, трэба i нейкі эксперымент... Можа, i для нейкіх іншых вялікіх мэт, пра якія i я, i ніхто тут, у Расіі, не ведае... Ясна, як кажа ваш мудры брат Пётр?
— Ясна,— завучана адказаў Муха.
Каля гасцініцы пачалі развітвацца. Госць цяпер ветліва падаў сваю руку — невялікую, мяккую, кволую i халодную, як лёд, а на самым адыходзе, аддаючы парасон, нешматзначна, але схільна падакляраваў:
— Рост ваш (па нашай лесвіцы, адпаведна, i службовы), Георгі, будзе шмат значыць ад вашага ж старання...
— Дзякую,— можа, больш, чым трэба, схіліў галаву Муха,— Я аддам усе свае сілы для поспеху нашай святой справы.
5.
Соня, у сукенцы, з накінутай на плечы цёплай хусткай, сцішаная, нават, бадай, разгубленая, праводзіла яго аж за брамку.
На дварэ запыніліся i моўчкі пазіралі, як па цёмнай ужо халоднай вуліцы разыходзіліся ў розныя бакі іхнія госці: хто — на вакзал i зноў на фронт, хто — дадому альбо са сваім даручэннем, а хто, як Ландар i іншыя,—да заводаў, майстэрняў i прыватных явачных хацін на ўскраіне, каб падняць на ногі ды павесці з сабой у вызначаную часіну баявыя дружыны. Калі падпольшчыкі зніклі ў начной ужо цемені, Фрунзе прытуліў Соню i клапатліва прамовіў:
— Ну ідзі, мілая, у хату. Прастудзішся.
Яна не абзыўнулася, толькі паслухмяна паддалася i прыхіліла галаву да яго грудзіны.
— Ляж, паспі,— папрасіў.— Ты ж, відаць, не звыклая да бяссонных начэй, што была надоечы...
— Пра які сон гаворыш ты, Міша? — прашаптала.— Пасля таго, што пачула! Пасля таго, калі ведаю, хто ты i што кладзецца на твае плечы!
— Ты што — напужалася?
— A хіба можна быць спакойным, знаючы, на што вы ідзяце?! — прамовіла.— Сапраўды ж, як казалі каторыя, задумалі вы вельмі ж рызыкоўнае i небяспечнае!