Выбрать главу

— Усё будзе добра, Сонечка,— сказаў i мацней прыгарнуў. — Быць не можа, каб мы ix не агарошылі...

— Удачы вам,— пацалавала, а пасля, лагодна, нават крышку гарэзна ўсміхнуўшыся, нечакана перажагнала яго.

— Соня, ты — што?! — лагодна ўсміхнуўся i затрымаў яе лёгкую маленькую руку.— Хто-хто, а бог нам не паможа...

— Цяпер вам не зашкодзіць паспадзявацца i на бога...— сказала, а пасля сама падштурхнула.— Ідзі. Але п а с л я ў с я г о , калі зможаш, адразу ж вяртайся дадому альбо прышлі пасланца з весткай. Добра?

— Добра,— згадзіўся ён, далікатна пацалаваў яе i шпарка пайшоў па вуліцы ў вячэрні горад.

Не азіраўся, але адчуваў: Соня, можа, i, ссутуліўшыся, стаіць, пазірае ўслед — як i кожная любімая жанчына, якая перажывае за свайго каханага. Канечне, i сумняваецца ў іхнім поспеху, i трывожыц-ца за яго. Ды што казаць пра яе, маладую жанчыну. Вось запалоньвае сумненне, а за ім перасцярога i яго. Калі задумліваў гэты смелы ўчынак, калі гаварыў пра яго на сходках, не баяўся. А вось цяпер, калі ішоў адзін, дык i пачала падкрадвацца прыкрая боязь: ці не залішне адчайны ты, таварыш Фрунзе?

Ад нахлынутых супярэчлівых пачуццяў паддаў хады i неўзабаве апынуўся на гарбаватым мосце цераз Свіслач. Пасярод яго на хвіліну запыніўся, абапёрся на чорную халодную парэнчу, паслухаў, як па спіне пырскае дождж, зірнуў уніз: рака была яшчэ скаваная лёдам, бела-шэрая, але ўжо чуйна дыхала жыццём — вадой, пяском, каменнямі, рыбай, а заадно i вабіла сваім нябачным цячэннем, схаванай імкліваю сілай.

Ад адчування жывасці гэтай Свіслачы яму стала аж лягчэй.

«Наперад! — падахвоціў сам сябе ў думках.— Толькі наперад! Далоў усякі страх, усякія сумненні! Смелымі, удачлівымі не нараджаюцца, імі якраз становяцца!»

Калі зноў закрочыў, дык ішоў спачатку ўздоўж скверыка i дамоў аж да Паліцэйскай вуліцы, а на горцы, за Архірэйскім падвор'ем i паблізу ўжо Аляксандраўскага сквера, не павярнуў направа, да патрэбнай Юр'еўскай вуліцы, а неспадзявана для самога сябе падаўся па Захараўскай. Павярнуць задумаў ужо на Губернатарскай. Каб прайсці па ёй i яшчэ раз зблізку акінуць позіркам губернатарскі дом, які прыйдзецца хутка штурмаваць.

За кінатэатрам «Эдэн», непадалёку скрыжавання i электрычнага слупа, стаяў высокі тонкі гарадавы. Пачуўшы яго крокі, ажывіўся. Аднак згледзеўшы афіцэрскую апратку, выпрастаўся i казырнуў.

— Усё ў парадку? — строга, але ў той жа час з насмешкаю запытаў Фрунзе.

— Усё, вашавысокаблагародзь,— выпаліў малады служака.

— Глядзі, каб усё было добра!

Мінуўшы яго, Фрунзе адчуў холад на спіне: што было б, каб гэты вулічны пёс затрымаў i завёў ва ўчастак? Як усё ні ўзважвай, але колькі часта можа значыць яго вялікасць выпадак.

Як вось, можа, нейкая хвілінка зноў жа паспрыяе яму — калі паварочваў на Губернатарскую, дык убачыў у святле вулічных ліхтароў: на Захараўскай вуліцы, каля польскага клуба паказаўся конны раз'езд жандармерыі. Можа, той якраз пачынаў дзяжурыць. Хто ведае, што выйшла б, каб яны сустрэліся лоб у лоб?!

Калі падышоў да Саборнай плошчы, дык i пакаяўся ўжо, што падаўся якраз сюдою: вунь на рагу, каля гасцініцы «Ёўропа», стаіць не адзін, як яны лічылі, гарадавы, а пакручваецца ix аж трое. Сярод ix, як ужо відаць, i афіцэр. Значыць, можа, болей узмоцнена ахоўваюць сёння i губернатар скі дом.

Варта, згледзеўшы яго, наструнілася. Дык што рабіць? Павярнуць назад? Не. Адбіцца сілай? Паспрабуй адуж трох бугаёў! Даць драла? A ці ўцячэш, калі пабольвае ўсё яшчэ нага?

Па тым, як падаўся наперад афіцэр, Фрунзе зразумеў: хоча запыніць. Дык мільгнула думка: трэба збянтэжыць, збіць з тропу! Тут жа ён перайшоў на страявы крок i падрыхтаваў руку для казырання — афіцэр i яго падначаленыя выцягнуліся, казырнулі i, праводзячы яго позіркам, стаялі ў здранцвенні. Рашучасць, афіцэрская форма зрабілі сваё. Ён жа, ужо i не спрабуючы ні здалёку, ні зблізку азіраць губернатарскі дом, павярнуў на Праабражэнскую, падаўся на блізкую Юр'еўскую, да вядомага ў Мінску рэстарана «Акварыум», а таксама тэатра-вар'етэ — туды, дзе павінен быць збор той баявой дзесяткі, з якой ён меўся арыштаваць губернатара.

На месцы сустрэчы яшчэ нікога не было. Фрунзе пачаў праходжвацца каля пахкага смажанінай, булачкамі ды кавай рэстарана, часцей i глыбей, чым трэба, удыхаючы i выдыхваючы з сябе паветра — супакойваў сэрца, што затрапяталася звыш меры. Раз-пораз пазіраў на гадзіннік: хвілінная стрэлка рухалася, здаецца, вельмі ж марудна. Нібы баялася прыспешваць i ноч, i новыя падзеі.

Ды горад уцемніваўся i суцішваўся. Зліваліся ў адно суцэльнае дамы, дрэвы, ярчэлі ліхтары ў цэнтры горада, i падсвечвалася, жаўцела неба ад ix; усё радзей чуліся аўтамабільныя сірэны, тарахценні фурманак, гучна, праз увесь горад, нёсся посвіст паравоза ад вакзала. А пасля ўсё мігам замерла, нібы горад нехта магутны пакрыў велізарнаю коўдраю.