Выбрать главу

У нечаканай цішыні Фрунзе пачуў таропкія крокі — ад Ніжняга рынку. Неўзабаве ўбачыў, а пасля i пазнаў чалавека: Пятрусь Супраневіч — невысокі, але каржакаваты, смелы дружыннік.

Фрунзе падаў яму руку, запытаў:

— Без прыгод, зямляк, дайшоў?

Земляком называў яго таму, што летась кватараваў зусім паблізу Петрусёвых родных Янкавін — у Івянцы.

— Ага,— коратка адказаў той.

— Хвалюешся? — усміхнуўся Фрунзе i, не пачуўшы адказу, падбадзёрыў: — Не трэба. Няхай трасуцца іншыя, уладныя. Ім ёсць што траціць, а нам — няма чаго. Так?

— Ну,— буркнуў той.

Хутка падышлі i іншыя — старшы дзесяткі Клёнаў, Ёська, Гердт, Шломскі, яшчэ пяць малазнаёмых чалавек.

Здаецца, усе ўзбуджаныя. Хоць не ведалі, дзеля чаго ix цяпер прывялі сюды, але адчувалі, што чакае штосьці сур'ёзнае.

— Хлопцы,— сказаў Фрунзе, хочучы i расказаць ім пра ўсё, i заадно супакоіць.— Вось i настала хвіліна паказаць нашу баявую сілу, наш спрыт... Сёння апублікавана дэкларацыя Часовага ўрада. У ёй ёсць пункт i пра паліцыю. Яна ліквідоўваецца, а замест яе будзе народная міліцыя... Я толькі што са сходу служачых аддзелаў i пададдзелаў Франтавога камітэта Усерасійскага земства. Там мы пагаварылі i пра гэта — пра новую міліцыю. Некаторыя таварышы асцерагаюцца, што Часовы ўрад, верныя яму новыя нашы гарадскі i губеранскі органы могуць захаваць стары ахоўны апарат, толькі яго крыху, так сказаць, пераапрануць у новую вопратку. На сходзе мы рашылі: пакуль сёння сфармуецца тут новая мясцовая ўлада, мы сваёй сілаю раззброім, разгонім паліцыю, жандармерыю i ахранку, будзем самі ахоўваць лад у горадзе.

Усе маўчалі, прагна слухалі яго. Здаецца, ва ўсіх, надта ў маладзейшых, аж перахоплівалася дыханне ад таго, пра што ён гаварыў.

— Вашу дзесятку я сам павяду ў бой...— дадаў ён.— Мы павінны рабіць усё рашуча і... ціха! Hiякай мітусні, ні аднаго стрэлу! Ясна?

— Ясна, таварыш Міхайлаў,— адказаў за ўсіх Клёнаў.— Хлопцы гатовыя з вамі ісці i ў агонь, i ў ваду.

— Тады гайда раззбройваць гарадавых каля гасцініцы «Еўропа» i арыштоўваць губернатара,— прамовіў Фрунзе, тут жа дастаў з кішэні i падаў кожнаму па чырвонай павязцы, каб завязалі адзін аднаму на левую руку — дзеля знаку, хто ў горадзе таварыш па іхніх дружынах.

Бачачы, што ўсе пачынаюць супакойвацца, а той-сёй нават жартуе, Фрунзе махнуў рукой:

— За мной, байцы!

Рушылі да гасцініцы «Еўропа». Пачуўшы крокі, а пасля i ўгледзеўшы іхні гурт, зноў насцярожыліся гарадавыя, надта афіцэр. Ён асвяціў ліхтаром ix і, здаецца, аж еў вачыма іхнія чорныя паліто ды курткі, чырвоныя павязкі.

Афіцэр, пажылаваты, прысадзісты, вусаты, выйшаў наперад, падняў руку — маўляў, стой! Хто ідзе?

Фрунзе махнуў рукою — з-за спіны вымкнуліся Клёнаў, Пятрусь, схапілі афіцэравы рукі i заламалі ix за спіну.

Афіцэр, угнуўшыся, заенчыў ад болю, а пасля абурыўся:

— Адпусціце! Неадкладна! Я не пацярплю...

— Паны гарадавыя,— пазіраючы ўжо на двух маладых разгубленых гарадавых, сказаў Фрунзе,— мы ліквідоўваем паліцыю. Вас i вашых паслуг больш не трэба. Цяпер за ладам у горадзе будзем сачыць мы, земскія служачыя. Прашу здаць зброю.

Адзін гарадавы, сутулаваты, рыжы, няўцямна пазіраў на яго, не то не верачы таму, што чуе яго вуха, не то злякаўшыся, a другі, таўсматы, чарнявы, трапяткімі рукамі пачаў паслухмяна расшпільваць кабур.

— Паны гарадавыя, зараз вы пойдзеце ва ўчастак,— сказаў ім Фрунзе,— Пабудзеце гадзіну-другую, а пасля, думаю, мы адпусцім вас. Перасцерагаю: паводзьцеся ціха i мірна. Іначай мы будзем вымушаны, мякка кажучы, ужыць сілу,— i, паварочваючыся да Ёські, дадаў: — Вядзіце. Да Ландара. Пасля ідзіце да жандарскага ўпраўлення i чакайце нас там.

Акрылены першым, хоць i маленькім, поспехам, пакрочыў далей, да губернатарскага дому, не зважаючы на тое, што афіцэр прадаўжае бурчэць i патрабаваць, каб яму развязалі рукі.

Зірнуў на гадзіннік на вежы казённай палаты: цёмна, нічога не відаць. Мусіць, цяпер недзе каля дзевяці гадзін вечара. Пан губернатар, бадай, прымае душ перад сном альбо п'е гарбату. Можа, i не думае, што нехта рашыў зусім непачціва абысціся з ім.

Як i чакаў, жалезныя вароты ў двор былі ўжо замкнёныя. Ён кіўнуў Петрусю Супраневічу I яшчэ аднаму дружынніку, Шломскаму,— тыя, зразумеўшы ківок, спрытна пакараскаліся па браме з вострымі пікамі наверсе, перасільгнулі яе i пашыбавалі да недалёкай дворніцкай i неўзабаве перлі ўжо сюды пад браўнінгамі перапужаных пажылога лахматага дворніка i маладжавага паліцэйскага-вартавога.