— Спакайней-спакайней, дзядзька,— прамовіў Фрунзе дворніку, які ніяк не мог уцэліць ключом у замок.— Не бойцеся, мы вас не зачэпім. Мы ў госці да вашага гаспадара.
Калі той урэшце адамкнуў замок, Фрунзе сам папхнуў палову брамы, кінуў на хаду Шломскаму: «Заперці абодвух у дворніцкай»,— а сам рашуча накіраваўся да блізкіх, як бачыў на плане будынка, уваходных дзвярэй.
Дзверы былі замкнёныя. Ён пазваніў. Ніхто доўга не адчыняў. Мусіў даць доўгі званок. Толькі праз хвіліны дзве-тры пачалі адчыняць. Але цалкам не адчынілі. I няможна было піхнуць — перашкаджаў ланцужок зашчапкі.
Ca шчыліны пачуўся хрыплаваты голас:
— Хто там?
— Афіцэр са штаба фронту. З пакетам,— наўмысна рашуча i па-камандзірску, як i трэба вайскоўцу, «далажыў» Фрунзе.
Той, хто пытаўся, дзверы ад зашчапкі не вызваліў. Здаецца, сказаў штосьці ў глыб калідора, паслухаў, а пасля прамовіў:
— Перадавайце пакет.
— Загадана перадаць асабіста ў рукі пану Друцка-Сакалінскаму i ўзяць асабіста адказ,— сказаў Фрунзе, а пасля прыкрыкнуў: — Адчыняй хутчэй, балван! Ёсць тут час перастарэкваць!
Дзверы зачыніліся, звякнуў ланцужок, і, калі дзверы пачалі прачыняцца, Фрунзе з усёй сілы піхнуў ix. Пасля, як ускочыў у светлую, з жоўтымі шафамі i абабітую паркетнай дошчачкай пярэднюю, убачыў: дзвярыма збіў з ног пажылога, сівога пакаёвага, а пры дзвярах, што вялі ўсярэдзіну, стаіць высокі, стройны армейскі афіцэр-прыгажун. Той, як толькі згледзеў, што Фрунзе без пагонаў, не разгубіўся, хутка i спрытна выхапіў з кішэні штаноў рэвальвер.
— Рукі! — не разгубіўся i Фрунзе, імгненна таксама наводзячы на таго браўнінг.
Штабс-капітан зноў не спалохаўся, але, убачыўшы за спінай Фрунзе ўзброеных людзей, стрымаўся.
— Хто вы? —у сваю чаргу строга запытаў Фрунзе, думаючы, што гэты задавака, мусіць, нейкі губернатараў сваяк.
— Я — намеснік начальніка аховы.
Toe, што тут (відаць, з сённяшняга вечара) вайсковая варта, устрывожыла Фрунзе. Сутыкацца з вайскоўцамі не трэба, нават — небяспечна: у іхніх руках магутная сіла.
— Я, штабс-капітан, земскі служачы,— ужо міралюбней прамовіў ён, спрабуючы i не счапіцца з гэтым франтам, i не саступіць лішне.— Начальнік аховы тут?
— Тут.
— Вы, ваенныя, ахоўваеце губернатара па загадзе армейскіх улад альбо па асабістай просьбе губернатара?
— А якая розніца?
— Вельмі вялікая.
Штабс-капітан завагаўся.
— Па асабістай просьбе губернатара да начальніка штаба фронту,— пасля адказаў няўпэўнена.
— Дзякую,— прамовіў Фрунзе i з палёгкаю ўздыхнуў. Схаваў браўнінг у кішэню.— Вядзіце нас да начальніка аховы.
Афіцэр яшчэ болей завагаўся, але пасля, зноў абмацаўшы позіркам іхнія чырвоныя павязкі, нечакана паслухаў— апусціў рэвальвер, крутнуўся і, аж іграючы маладым целам, нібы дзяўчына, павёў ix па цемнаватым калідоры. Фрунзе зноў, які ўжо раз сёння, падаў знак; каля абабітых чорнаю скураю дзвярэй штабс-капітан прыпыніўся, прапускаючы яго наперад; Фрунзе штурхнуў дзверы, з якіх вылецеў ключ, i, ужо зачыняючы ix, чуў, як за дзвярыма счапіліся i завалтузіліся штабс-капітан i дружыннікі.
У невялікім пакоі Фрунзе ўбачыў канапу, а на ёй — распластанага лысага, з вялікай рыжай барадой соннага падпалкоўніка. Той не пачуў ні таго, што гэтак рэзка адчыніліся дзверы, ні таго, што вось i цяпер чуецца за сцяной стук i грукат — відаць, дружыннікі ўтаймоўваюць ужо i салдат, якія кінуліся памагаць штабс-капітану. Падпалкоўнік хутчэй за ўсё быў п'яны.
Праз хвіліну ў суседнім пакоі Фрунзе ўбачыў сапраўды ўжо раззброеных штабс-капітана i салдат. Тут жа быў i стары перапалоханы на смерць пакаёвы.
— Сядзіце, паны ваенныя, ціха. Мы вас не зачэпім, хутка адпусцім i вернем зброю,— сказаў Фрунзе,— А вы,— кіўнуў пакаёваму,— вядзіце нас да губернатара.
Той, бачачы, што нечаканыя госці гэтакія смелый ды спрытныя, баявейшыя нават за вайскоўцаў, пакорліва пасунуўся з пакоя. Фрунзе, Пятрусь i Шломскі пайшлі за ім.
— Дзе цяпер, у гэтую хвіліну, гаспадар? — запытаў Фрунзе.
— У сваім кабінеце,— адказаў пакаёвы.
— Вядзіце туды.
Калі падышлі да высокіх жаўтаватых, пакрытых лакам дзвярэй, пакаёвы паслужліва запытаў:
— Загадаеце далажыць?
— Абыдземся без даклада,— прамовіў Фрунзе, адчыніў адны, а пасля i другія жоўтыя дзверы i ступіў у вузкаваты, але доўгі пакой. Справа былі шафы з кнігамі, злева — карта Расійскай імперыі, карціны; шырокі зялёны, з чырвонымі палоскамі па краях ходнік вёў да стала, за якім пад партрэтам Мікалая Другога сядзеў губернатар. Яшчэ ўчора Фрунзе разглядаў губернатара на здымку, а вось цяпер убачыў яго i жывога— маладжавага, высакалобага, прыгожага мужчыну з прадаўгаватым тонкім носам, з чарнявымі валасамі i вусікамі ды барадой, якая напалову была ўжо сівая.