Той падняў галаву. Здаецца, здзівіўся. Але нават не павёў брывом, чакаў, што яны скажуць, i маўчаў.
— Пан Друцкі-Сакалінскі? — запытаў Фрунзе.
— Я,— паважна адказаў той.— Хто вы i што вам тут трэба?
— Мы — земскія служачыя. Сёння, выконваючы народную волю, мы пачынаем ліквідоўваць тут стары апарат. Сюды прыйшлі, каб арыштаваць вас. Як царскага сатрапа...
Гаспадар, канечне, добра ведаючы, што робіцца гэтыя дні ў Петраградзе, у якой сітуацыі цяпер цар i яго ўрад, неяк мігам звяў. Мусіць, ужо нават тое, што яны трапілі сюды, разгубіла яго. Перавёў позірк на тэлефонны апарат — можа, узнікла выратавальная думка пазваніць у жандармскае ўпраўленне альбо ў штаб фронту.
— Не трэба мітусіцца, пан Друцкі-Сакалінскі,— «параіў» Фрунзе.— Ніхто вам ужо не паможа. Супраць вас, сатрапаў, уся Расія. Армія, як вы i самі ведаеце, спачувае не Мікалаю Другому, а народу...
Губернатараў прыгожы твар, а таксама яго крышку адтапыраныя вушы наліліся чырванню.
— Адкуль вы?—запытаў ён паныла.
— Я — мясцовы земскі служачы,— сказаў Фрунзе,— а яны,— кіўнуў на Петруся i Шломскага,— адзін — былы селянін, салдат, а цяпер рабочы, а другі — служачы. Мы пачалі ўжо раззбройваць паліцыю, жандармерыю, разганяць ахранку, браць пад народную ахову цывільныя ўстановы ў Мінску.
— Вы чулі пра дэкларацыю Часовага ўрада? — запытаў пабялелы гаспадар.
— Нават чытаў,— адказаў Фрунзе.
— Дык чаго вы парушаеце яе? Там яшчэ не напісана, каб арыштоўвалі губернатараў...
— Сапраўды, там не напісана пра гэта,— прамовіў Фрунзе.— Мы, паўтараю, выконваем народную волю...
— Вы зашмат бераце на сябе! Губерня, Мінск, а заадно з імі i народ не жадаюць вашай разбуральнай рэвалюцыі...
— Не, пап губернатар. Якраз народ жадае рэвалюцыі.
— Экстрэмісты! — прасіпеў гаспадар.— Генерал Эверт хутка супакоіць вас. Вы што — не чулі, што ён аб'явіў: беспарадкаў у Мінску i на фронце не будзе?!
— Мы не робім беспарадкі. Мы дбаем якраз пра большы лад!
— Народ не даваў i не дае вам такіх паўнамоцтваў...— абурыўся губернатар.— Вы, так званыя рэвалюцыянеры, толькі загульваеце з чэрню, нацкоўваючы яе на цара, на ўрад, на Расію ўрэшце i намагаецеся самі, для сваіх карыслівых мэт узурпіраваць уладу...
— Падыскутуем, пан губернатар, у іншым месцы,— абарваў яго Фрунзе,— Прашу, калі ласка, пакінуць гэты дом. Спадзяюся, вы не хочаце, каб мы ўжылі сілу?
— Але я сёння павінен быць на агульнагарадскім сходзе...— нібы за саломінку ўхапіўся губернатар, устаючы з-за стала.
— Абыдземся i без вас...
— Самазванцы!
— Прашу-прашу на свежае паветра,— нібы пачціва, а на самай справе пацвельваючыся, прамаўляў Фрунзе.— Хадзем да народа, які вы так «любіце»...
— Вы адкажаце за ўсё гэта...
— Але спачатку адкажаце за сваё вы,— кінуў Фрунзе i, паварочваючыся да Шломскага ды дастаючы з-пад шыняля чырвоны сцяг, сказаў таму: — Вывесі яго, братка, на балконе гэтага дома. Няхай заўтра з раніцы ўсе бачаць: i ў Мінску рэвалюцыя...
6.
Клёнаў з двума дружыннікамі павёў губернатара ў іхні штаб на блізкай Петрапаўлаўскай вуліцы, а Фрунзе з астатнімі дружыннікамі заспяшаўся да вакзала, на Падгорную, дзе магла быць жорсткая сутычка — з жандарамі.
Губернатарская i Захараўская вуліцы былі асветленыя ліхтарамі, з купкамі цывільных i вайсковых прахожых. На перакрыжаваннях i каля ўстаноў ужо не было гарадавых — замест ix вартавалі знаёмыя цывільныя людзі з чырвонымі павязкамі. Падарожныя з цікаўнасцю пазіралі на ix, а то i падыходзілі i, як чуў Фрунзе, дапытваліся, што ўсё гэта значыць? Пачуўшы адказ, адыходзіліся i разносілі па начным горадзе ашаламляльную вестку: «У М i н с к у р э в а л ю ц ы я! Земскія служачыя вунь руйнуюць стары апарат! A кіруе імі Міхайлаў!»
Фрунзе ж, не ведаючы, што ў гэтую хвіліну яго прозвішча вымаўляюць многія мінчукі, што ён становіцца адным з самых вядомых людзей, падыходзіў да высокага, змрачнаватага i ў той жа час прыгожага будынка на Падгорнай вуліцы. Тут сустрэў яго Ёська.
— Што чуваць? — адразу ж запытаў у яго Фрунзе.
— Ландар у гэтыя хвіліны займае апошні паліцэйскі ўчастак,— адказаў той.— Ёсць ахвяры. Забітыя i параненыя... Праз хвілін пятнаццаць Ландар будзе тут.
Фрунзе не спыняўся, ішоў i слухаў. Зморшчыўся. Усё ж, на жаль, не абышлося без крыві. Вестка пра гібель i раненне таварышаў паддала яму рашучасці ды злосці.