Выбрать главу

«Не будзем чакаць падмогі,— падумаў.—Будзем ліквідоўваць жандарскае ўпраўленне сваімі сіламі. Цяпер кожная хвіліна на ўліку...»

На пасту даволі лёгка падужалі, абяззброілі дзяжурнага афіцэра, без ніякіх нечаканых перашкод падняліся на другі паверх i ўзбоч зачыненых дзвярэй супрацоўнікаў упраўлення трапілі ў прасторны начальніцкі кабінет.

Там, як убачылі, было двое мужчын: гаспадар пакоя — тоўсты, пажылы вусаты палкоўнік, а таксама нервовы цывільны чалавек сярэдніх гадоў.

Як толькі зайшлі, у кабінеце зазваніў тэлефон. Палкоўнік, не то ca здзіўленнем, не то з варожасцю акінуўшы ix позіркам, узяў трубку, пачаў слухаць, усё больш ды больш змрачнеючы.

— Разявы! — вылаяўся неўзабаве i, перапыніўшы размову, здаецца, захацеў пазваніць камусьці сам.

Фрунзе, адчуваючы нядобрае, рэзка падаўся да стала i вырваў з палкоўніцкіх рук трубку, паклаў яе на месца.

— Што такое? — насупіўся палкоўнік.

— Toe, пра што вы пачулі па тэлефоне...— адказаў Фрунзе, здагадваючыся, што падначаленыя альбо тайныя агенты толькі што (на шчасце, са спазненнем!) перасцераглі палкоўніка пра іхнюю акцыю.

— Дык гэта вы — завадатар... путчу?

— Я.

Палкоўнік замаўчаў. Ці не страціў дар мовы ад іхняй смеласці — на яго мове, «нахабнасці».

— Земскі служачы. Міхайлаў,— адрэкамендаваўся Фрунзе, не толькі вытрымліваючы цяжкі жандарскі позірк, але i бянтэжачы таго сваім рашучым.

Палкоўнік вёртка павярнуўся i рэзка запытаў у цывільнага:

— Чуеце, бачыце, хто ён такі?..

Той нервова засмыкаў ротам, скінуў нагу з нагі, вырачыў вочы на Фрунзе. Палкоўнік жа апусціў галаву, бязвольна ўзяў са стала папку. Разгарнуў. Пачаў моўчкі чытаць, хітаючы, як конь ад аваднёў, галавою. Кароткія пальцы яго таўсматых рук затрымцелі.

— Міхайлаў Міхаіл Аляксандравіч,— прачытаў перарывістым голасам.— Ён жа — Арсень, Трыфанавіч. Ён жа — Фрунзе. Бальшавік, мацёры дзяржаўны злачынца.— Яшчэ пагартаў папку, узяў з яе лісток.— Вось ордэр на ваш арышт. Падпісаны хвіліну назад.

Фрунзе з усмешкаю рвануў з яго рукі гэтую паперыну, акінуў яе позіркам: напраўду, пастанова на яго арышт.

— Бачыце, што можа значыць у жыцці нейкая адна хвіліна...— усміхнуўся.— Не арыштавалі вы мяне, дык арыштую я вас. Раззброіць! — кіўнуў сваім дружыннікам, а сам ужо накіраваў позірк на нервовага цывільнага.— Вы хто?

— Падпалкоўнік Сінілаў,— падскочыў той.

— А, пан з ахранкі! Якраз вы ўрэшце такі напалі на мой след?

Той заплямкаў губамі, але нічога не змог адказаць.

— Вы таксама арыштаваныя,— прамовіў Фрунзе i азірнуўся: у кабінет ступіў высокі, можа, i двухметровага росту, светлавалосы афіцэр i разгублена залыпаў павекамі.— Вось што, малыш,— Фрунзе тут жа тыцнуў на яго пальцам,— зайдзі ва ўсе вашы кабінеты i скажы, каб супрацоўнікі зайшлі сюды.

Той, бачачы наведзены на яго браўнінг Супраневіча i Шломскага, падаўся задам з кабінета. Шломскі пакрочыў услед. Неўзабаве ён i ўжо Ландар, які прыскочыў сюды ca сваёю дружынай, вялі перад сабою гурт пажылых i маладых афіцэраў.

Тыя стоўпіліся ў дзвярах i пры сценах, хто ca злосцю, а хто са страхам пазіралі на яго.

— Паны «синие мундиры»,— сказаў ім Фрунзе.— Мінчане ліквідоўваюць вашу злавесную ўстанову, а вас ізалёўваюць. Зараз вы пакінеце гэты будынак. Зброі i папер з сабою не браць. Хто не будзе супраціўляцца, таму мы гарантуем жыццё. Хто ўздумае брыкацца, тым я не зайздрошчу. Сілы нашы вялікія, з намі, лічы, увесь цывільны Мінск. Усё. Прашу,— паказаў на дзверы.— Перасцерагаю: не даваць i драла. Вы выдатна ведаеце, што бывае пры ўцёках...

Праз хвіліну-другую ў кабінеце засталіся толькі ўдвух — Фрунзе i Ландар.

— Усё добра, Карл? — усміхнуўся Фрунзе.

— Аж не верыцца: усё выйшла ўдала! — паківаў той галавою.— Сапраўды, усіх ашаламілі...

— Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш,— астудзіў яго радасць Фрунзе.— Наперадзе яшчэ, можа, i самае адказнае.

Падышоў, узяў трубку i папрасіў злучыць яго з ад'ютантам галоўнакамандуючага.

— Злучыце мяне з генералам Эвертам,— сказаў яму Фрунзе, адчуваючы, як падкочваецца прыкрае хваляванне. Не простая гэта справа — гаварыць з генераламі. Ды яшчэ пра такое.

— Як вас адрэкамендаваць? — запытаў ад'ютант.

— Я назавуся сам.

Нейкі час трубка маўчала, толькі шыпела, а пасля іншы мужчынскі голас (грубы, уладны) прамовіў:

— Генерал Эверт слухае.

— Міхайлаў, земскі служачы,— назваўся ён, стараючыся гаварыць ясна i выразна.— Толькі што мы, земскія служачыя, арыштавалі губернатара, ліквідавалі паліцэйскія, жандарскія i ахоўнае аддзяленні i ўпраўленні, узялі пад сваю ахову ўстановы...