— Не зразумеў...— прамовіў той.
Фрунзе паўтарыў сказанае i да гэтага дадаў, што яны хочуць знайсці з арміяй паразуменне. Нейкі час было трывожнае маўчанне, а пасля пачуўся далекаваты рэзкі голас — не яму, a іншаму, таму, хто быў там побач з генералам: «Паклічце начальніка штаба i начальніка разведкі». I яшчэ праз хвіліну: «Паны, вы ведаеце, што ў Мінску рэвалюцыйны пераварот? Не? Дык хто павінен дакладваць мне пра гэта — вы ці самі мяцежнікі?»
Эверт сапнуў блізка ў трубку, але змаўчаў, перапыніў сувязь. Калі Фрунзе таксама паклаў трубку, Ландар занепакоіўся:
— Ну што? Пагражае?
— Накрычаў на сваіх падначаленых i кінуў трубку...
— Дык што ж будзе, Міша? — узбуджана, але i ў той жа час спакойна запытаў Ландар.— Эверт кіне на Мінск ваенныя часці, возьме ўладу ў свае рукі?
— Не думаю, Карл,— прамовіў Фрунзе.
Сеў. Адчуў: стаміўся. I ад напружання, i ад недасыпання.
— Калі б ён верыў арміі, то не даваў бы згоды на адрачэнне Мікалая Другога...— дадаў, паціраючы лоб.— А па-другое, ці дазволяць яму узурпаваць тут уладу Часовы ўрад i Петраградскі Савет? Небяспечна, калі пачнуць рабіць перавароты генералы...
— Што будзем рабіць цяпер? — запытаў Ландар.
— Падбірайцеся да сейфаў i архіваў. Паліцэйскае «прыгожае пісьменства» пра нас — у агонь... Як i ў Петраградзе...
— Ясна,— адказаў той i падаўся з пакоя.
Фрунзе ж зноў пачаў званіць — на гэты раз старшыні Мінскай губеранскай земскай управы.
— Пан Міхайлаў? — як толькі ix злучылі, перапытаў той яго прозвішча i, не чакаючы адказу, напаў: — Вы знаеце, што ў Петраградзе ёсць ужо Часовы ўрад?
— Ведаю, пан Самойленка,— спакойна адказаў ён.
— Вы, можа, нават знаеце, што ён сёння выступіў з праграмнай дэкларацыяй?
— Ведаю.
— I вы чыталі яе?
— Чытаў.
— Дык чаму вы займаецеся самаўпраўствам? Хто дазволіў вам арыштоўваць губернатара, раззбройваць паліцыю?
— Народ, рэвалюцыя, пан Самойленка...
— «Народ, рэвалюцыя!» — перакрывіў той.— Рэвалюцыя адбылася, народ дабіўся свайго. Цяпер патрэбен не гармідар, а лад...
— Выбачайце, пан Самойленка...— перапыніў яго Фрунзе.— Па-першае, рэвалюцыя яшчэ працягваецца i нават мы з вамі не ведаем, куды i ў што яна выльецца. Па-другое, народ яшчэ не дабіўся свайго. А па-трэцяе, лад у цяперашняй сітуацыі не азначае свядомага стрымлівання, заглушэння рэвалюцыйнага духу, спробы захаваць самадзяржаўныя парадкі...
— У праграмнай дэкларацыі Часовага ўрада ясна сказана, што цяпер ён бярэ ўладу,—па-ранейшаму варожа да яго паводзіўся Самойленка.— Дык Часовы ўрад, падпарадкаваныя яму органы на месцы будуць вырашаць лёс старой адміністрацыі, заменяць паліцыю міліцыяй... Тут, у Мінску, мясцовы кіруючы орган будзе выбраны сёння праз некалькі гадзін...
— Дык лічыце: мы памаглі ўжо належным чынам зрабіць тое, што павінна быць зроблена заутра...— пакпіў Фрунзе.
Самойленка на хвіліну замаўчаў ад яго гэтага кпіну, а пасля прыстрашыў:
— Я пазваню ў Петраград i дакладу пра вашы абуральныя паводзіны... Мушу буду настроіць супраць вас i высокіх сталічных гасцей, якія прыбылі на наш сённяшні сход...
— Глядзіце самі,— адказаў Фрунзе.— Мы ж пачынаем выконваць свае абавязкі. Сённяшні сход бяром пад сваю ахову, як i заўтра — агульны сход служачых i рабочых устаноў, прадпрыемстваў Усерасійскага земства ў Мінску, а таксама маніфестацыю пасля яго...
Самойленка нічога не адказаў, штосьці буркнуў сам сабе (здаецца, «гэта чорт ведае, што такое...»), як i нядаўна Эверт, першы паклаў трубку.
Фрунзе з хвіліну-другую пасядзеў з заплюшчанымі вачыма. Намагаўся асэнсаваць «перамовы» з Эвертам i Самойленкам, а заадно i супакоіцца. Канечне, не чакалі паны ваенныя i цывільныя такога павароту ў Мінску, хацелі накіраваць тут рэвалюцыю на сваёй каляіне i на малой пары. Не, панове. Будзе не толькі па-вашаму.
A палавіне адзінаццатай вечара, ідучы на агульнагарадскі сход, Фрунзе ў двары ўбачыў вялікі касцёр — дружыннікі зносілі i палілі сабраныя за дзесядігоддзі тоўстыя папкі з паперамі.
На Захараўскай вуліцы, каля губеранскай управы, яго нагнаў вялікі конны вайсковы атрад. Відаць, Эверт i сёння паслаў дадаткова батальён-другі салдат, каб «супакоіць» Мінск. Ваенныя, бачачы, што ніхто нічога не бурыць, не ломіць, дружыннікаў не чапалі, міралюбна скакалі далей.
Калі атрад паблізіўся, зацокаў зусім паблізу, Фрунзе акінуў позіркам крайняга маладога важнецкага кавалерыста, памахаў яму рукой. Той прыхільна сустрэў яго вітанне.