— Слава кавалерыстам! — выгукнуў Фрунзе.
Той усміхнуўся ў адказ, замахаў яшчэ болей прыветліва.
— Захоўвайце нейтралітэт, сябры! — дадаў Фрунзе.— Не замінайце народу вырашаць спрэчку са старым рэжымам!
Той нібы згодна заківаў галавою.
— Як зваць цябе, дружа?
— Сямён Будзённы,— ахвотна адказаў той.
— Спачувайце народу-паўстанцу, Сямён...
Той не паспеў адказаць — паскакаў далей разам з атрадам.
7.
Васілевіч прышыбаваў у гарадскі тэатр i яшчэ ў асветленым гардэробе, дзе было нямала люду, пачау шукаць «сваіх».
Яны стаялі на другім паверсе, каля ўвахода ў партэр, асобнаю купкаю: у новым шэрым касцюме, поўны i лысаваты Муха, невысокі, таўсматы, у вышыванай кашулі Шуляк, сярэдняга росту, танклявая, светлавалосая Ганна Белякова, важны з санавітымі вусамі пан Скураны.
Першы згледзеў Васілевіча Муха: той меў звычку размаўляць з некім i заадно варочаць галавою ды азірацца па баках. Услед за ім паклаў на Васілевіча вока i Скураны. Паблажліва ўсміхнуўся, падаў яму досыць невялікую белую i мяккую руку.
— Э-э,— не то застагнаў, не то захмыкаў,— здаецца, спадар Сымон на сёмым небе ад шчасця!
Васілевіч паціснуў кожнаму руку i тут жа запытаў:
— Ці ведаеце, што ў Мінску разагналі паліцыю?
Па тым, як усе ўхмыльнуліся, зразумеў: знаюць. Бачылі ўсё сваімі вачыма.
— Не ўсе, э-э, спадар Сымон, спяць так, як спім мы...— хітнуў галавою Скураны.— Цяперашні ход падзей у Мінску паказвае, што тут ёсць досыць моцныя падпольныя сілы...
Народ, які гудзеў, як пчолы ў вуллі, нечакана заціх і, як убачыў Васілевіч, пачаў расступацца. Па жывым калідоры, бянтэжачыся ад мноства цікаўных позіркаў, ішоў вайсковец сярэдняга росту. У афіцэрскай форме, але без пагонаў. Міхайлаў.
Здаецца, з радасцю ўбачыў яго, знаёмага, падаў руку. Астатнім хітнуў галавою i закрочыў у залу. Следам за ім падаліся яго калегі.
— Гэта, э-э, Міхайлаў? — запытаў у Васілевіча Скураны.— Сённяшні герой?
— Міхайлаў,— адказаў Васілевіч, усё яшчэ пазіраючы на чалавека, які гэтак нечакана, спрытна ачысціў Мінск ад царскіх абаронцаў, стаў за некалькі гадзін вядомы ўсяму гораду. Сімвалам аднаўлення — для адных i сімвалам пагрозы — для іншых.
— Па абліччы, э-э, не скажаш, што такі хват! — прамовіў Скураны.— Вось што значыць глыбокая канспірацыя, верныя людзі, жалезная дысцыпліна, аналіз сітуацыі, сувязі з цэнтрам, рашучасць... З-пад носа ўсіх, э-э, схапіў лейцы...
У гэтую хвіліну пачуўся званок. Люд, гудучы, усміхаючыся рушыў у залу. Падаліся i яны, «шчырыя беларусы»; Муха, Шуляк, Белякова i Васілевіч засталіся тут, селі на радзе пятым, а Скураны важна пашлэпаў па праходзе да сцэны, а на ёй — за кулісы. Значыць, запрошаны сядзець у прэзідыуме.
Васілевіч умасціўся паміж Шуляком i Мухам. Калі азірнуўся, дык убачыў: у зале чалавек семдзесят.
Зала заляскала: з-за высокіх чырванаватых куліс пачалі выходзіць на сцэну, за прыстаўленыя адзін да аднаго i накрытыя зялёным сукном сталы, важныя персоны: паперадзе ішоў сталічны госць, Шчэпкін, а за ім — мінская эліта. Самойленка, Хржанстоўскі, галоўнаўпаўнаважаныя саюзаў, Скураны. Замыкалі шэсце вядомыя грамадскія дзеячы, а таксама i пасланцы ад нацыянальных i працоўных груп.
Калі найбольш шаноўныя ў прэзідыуме запыніліся адразу за сталамі, іншыя — за імі, зала дружна паднялася, i ўжо ўсе разам моўчкі, дружна наладзілі авацыю. Значыць, хто шчыра, а хто i па прымусе павінен быў вітаць новае.
Першыя селі ў прэзідыуме высокапастаўленыя. Апроч Самойленкі. Той, сярэдніх гадоў, з высокім ілбом, цяпер у акулярах, абапёрся на стол i акінуў, здаецца, насцярожаным позіркам залу.
— Панове,— прамовіў.— Вы, канечне, ужо ведаеце: учора цар Мікалай Другі, a ўслед за ім i яго брат адмовіліся ад трона. А гэта значыць, што ў Расіі перастала існаваць манархія. Дазвольце павіншаваць вас з бліскучай народнай рэвалюцыяй!
Зала зноў з ахвотаю i адданасцю ўчыніла авацыю. Васілевіч таксама моцна, аж балелі далоні, пляскаў, узбуджана пазіраў то на спакойны прэзідыум, то на ажыўлены люд у зале, то на прыгожыя чырвоныя крэслы, на праход з доўгім зялёным ходнікам, на белыя, з пазалотаю па краях ложы i бельэтажы з люстрамі, на высока падвешаную галоўную электрычную люстру i адчуваў п'янкое ўзрушэнне.
Тое, што ён чуў i бачыў, было неверагоднае. Усе віталі падзенне таго, каму дагэтуль не толькі верна служылі, але каго, здавалася, любілі. Як бацьку. Гэты ж самы Самойленка ўвосень чатырнаццатага падносіў Мікалаю Другому хлеб-соль, кляўся, што i ён, i мінскае земства аддадуць усё да апошняй кроплі крыві дзеля царскай славы, веры i Айчыны...