Выбрать главу

Дык што гэта такое? Калі была шчырасць? Тады? Цяпер? Ці яе не было i няма, была i заўсёды ёсць, будзе «вера, адданасць, любоў» да таго, хто ва ўладзе?

Самойленка падняў руку—каб яму дазволілі гаварыць далей.

— Панове,— пасля прамовіў па-ранейшаму, здаецца, бадзёра.—У нашым прэзідыуме знаходзіцца шаноўны петраградскі госць — дэпутат Дзяржаўнай думы пан Шчэпкін. Па-першае, мы рады вітаць яго, а па-другое, папросім, каб ён расказаў нам пра петраградскія падзеі, а таксама выклаў знешнюю i ўнутраную палітыку новага, Часовага ўрада...

Справа ад яго падняўся пажылы, салідны чалавек у чорным гарнітуры, схіліў галаву ў знак знаёмства ды падзякі за воплескі i, трымаючы ў абедзвюх руках цёмную папачку, пайшоў да высакаватай, з дзяржаўным гербам Расійскай імперыі трыбуны.

На трыбуне ён паклаў папку. У зале запанавала ледзь не мёртвая цішыня. Госць абапёрся на краі трыбуны далоньмі i без паперкі пачаў расказваць пра лёс Расіі ў гэтай вайне — аж да ўчарашняга дня, да аб'яўлення Часовага ўрада.

— Панове,— прамовіў пасля.— Сёння сталічныя газеты ўжо апублікавалі праграмную дэкларацыю новага ўрада. Паколькі вы тут, можа, яшчэ не ўсе прачыталі гэтую дэкларацыю, то з вашага дазволу я пазнаёмлю вас з яе зместам.

Ён памяняў позу, дастаў з папкі лісток.

— «В своей настоящей деятельности,— пачаў чытаць,— кабинет будет руководиться следующими основаниями:

— 1) Полная и немедленная амнистия по всем делам, политическим и религиозным...»

— Выдатна! — радасна зашаптаў Муху Васілевіч.— Значыць, выпусцяць Лашковіча i Нямкевіча...

— Пачакай,— перапыніў той.— Слухай.

— 2) «Свобода слова, печати, союзов, собраний и стачек...— чытаў далей аратар.— 3) Отмена всех сословных, вероисповедных и национальных ограничений»...

Як пачуў апошняе, Васілевіч аж уздрыгнуў ад новай радасці. Напружыўся: што яшчэ дадасца да гэтага — «отмена национальных ограничений»? Але петраградскі госць нічога больш не дадаў, пачаў называць новае: 4) пра выбары ва Устаноўчы сход, 5) пра замену паліцыі народнай міліцыяй, 6) пра выбары ў органы мясцовага самакіравання, 7) пра нераззбраенне i нявывад з Петраграда воінскіх рэвалюцыйных часцей, 8) пра новыя салдацкія правы.

— Панове,— Шчэпкін паклаў паперку ў папку i зноў абапёрся далоньмі на трыбуну.— Дэкларацыя ўзгоднена з Петраградскім Саветам, які заклікае падтрымаць яе i Часовы ўрад, паколькі новая ўлада «идет по линии осуществления намеченных задач»...

— Цікава. Значыць, Савет добраахвотна аддаў уладу Часоваму ўраду! — цяпер ужо Муха нахіліўся i шапнуў яму.— I заўваж: дэкларацыя даволі стрыманая. У ёй многага няма, чаго дабіваліся некаторыя партыі. У прыватнасці, сацыял-дэмакраты. А якраз яны сваімі рэвалюцыйна-дэмакратычнымі лозунгамі прыспешылі рэвалюцыю...

— I пра «отмену национальных ограничений» зусім мала i туманна,— прашаптаў Васілевіч, чуючы, што шэпчуцца ў зале i іншыя. Неўзабаве Самойленка аж мусіў пастукаць алоўкам па графіне з вадой, каб усе слухалі ўважліва, не спяшаліся «мыць костачкі» новаму ўраду i яго дэкларацыі.

— Выступі...— нечакана натхніў на дзёрзкасць Муха.— Запатрабуй большых тлумачэнняў... Не бойся. Сам жа чуў: цяпер свабода слова, сходаў, саюзаў, друку...

— Панове,— расхваліўшы Часовы ўрад як найвялікшую вяршыню рэвалюцыі, сказаў Шчэпкін.— Я ўпаўнаважаны заклікаць вас падтрымаць Часовы ўрад, яго дэкларацыю, а таксама пераўтварыць кіруючы апарат у Мінску, у губерні i захоўваць спакой, не перапыняць мірнай працы, дружна спрыяць Расіі ісці па новым шляху...

З трыбуны яго праводзілі таксама з воплескамі, але ўжо не такімі бурнымі ды працяглымі, як да пачатку яго прамовы. Здаецца, некаторыя ў зале чакалі ад яго большых навін.

Пасля таўсматы Хржанстоўскі даў слова Самойленку.

Выйшаўшы за трыбуну, той расказаў, што цяпер робіцца ў губерні i ў Мінску, шмат гаварыў пра ўчарашнія i сённяшнія падзеі ў горадзе, што адбыліся «по инициативах партийных групп и волеизлиянию масс». Пра раззбраенне паліцыі, жандармерыі, разгон ахранкі сказаў мімаходзь i Міхайлава нідзе не назваў.

— Панове,— сказаў на заканчэнне,— Давайце аднадушна падтрымаем Часовы ўрад! Цяпер не час для звадаў, спрэчак, разладу, дробязных падбухторванняў альбо месніцкіх памкненняў, амбіцый. Толькi пры поўным адзінстве i спакойнай рабоце мы зможам дабіцца ладу, абнаўлення ўсёй Расіі i яе далейшага росквіту...

Калі яму запляскалі (таксама не так дружна, як раней), у прэзідыуме падняўся Шчэпкін i сказаў:

— Панове, мы ўсе ведаем пана Самойленку як вядомага дзяржаўнага мужа i сумленнага чалавека. Маю гонар перадаць вам думку Часовага ўрада. Ён раіць якраз пана Самойленку выбраць камісарам Часовага ўрада i грамадзянскім камендантам Мінска. Гэта значыць, даручыць яму кіраваць ходам падзей у губерні i ў горадзе, падтрымліваючы тут лад i спакой. Згодны?