«Што ж так замінае табе, афіцыйніку, сказаць праўду альбо пра наш боль?—хацелася запытаць Васілевічу.—Ці не шкодзіць звычайная абачлівасць ды карыслівасць? Па-твойму, калі туды-сюды вылучылі, далі смачны кавал, калі шчасліўчык, дык трэба маўчаць! Жуй хлеб, май каменнае сэрца, хоць твой бліжні пакутуе ад гора, бяды, ад голаду ды зняваг альбо нават i чэзне!»
Скураны, здаецца, заўважыў у яго вачах нядобры позірк, дык сумеўся, а на развітанне падакляраваў:
— Мы яшчэ, э-э, спадар Сымон, пагамонім пра ўсё гэта... Сапраўды, э-э, цяпер, у такую спрыяльную часіну, трэба варушыцца. Грэх праспаць... Днямі я дам вам знак, э-э, збярэмся i пакумекаем пра наша...
Калі яны выйшлі з тэатра на змрачнаваты двор i развіталіся, нечакана каля яго зноў апынуўся Муха, нібы з зямлі вырас. Значыць, сачыў, ішоў за імі ўслед.
— Ну што табе сказала старая ліса? —ухмыльнуўся той.— Апраўдваўся? Перасцерагаў?
— Сказаў: на днях трэба сабрацца, пагаварыць пра нашы клопаты,— шчыра прызнаўся Васілевіч.
— Гм. Значыць, трымае нос па ветры, на хаду пераарыентоўваецца...— нібы сам з сабою, не зважаючы на яго, пачаў разважаць Муха.— Ясна. Ну што ж, калі намеціцца нейкае адраджэнне, нейкі новы рух, то трэба падтрымаць...
Васілевіч слухаў i не разумеў, што робіцца з Мухам. Адкуль у яго такія шчырыя парывы, адданасць? Ці ўсё гэта толькі на словах? Каб не адстаць ад часу?
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
1.
Дадому Фрунзе вяртаўся з сябрамі. Ішлі ў халоднай, нават маразнаватай цемені i гаварылі пра нараду, а пасля перакінуліся пару словамі пра іншае вельмі важнае — пра свой партыйны сход, які павінен пачацца праз некалькі гадзін.
Каля трэцяй гадзіны раніцы сябры давялі Фрунзе да яго кватэры, разышліся, а ён, аслабелы, бадай, ледзь жывы ад стомы, падаўся ў хату, каб перадрамаць, крыху адпачыць i зноў рынуцца да патрэбнай, але знясільваючай работы, у бой.
Дзверы былі незамкнёныя; ён, стараючыся не грукнуць ці лішне гучна не ступіць, зайшоў у веранду, абмацаў клямку i ціхенька адчыніў дзверы. Але калі пераступаў парог, у хаце ўжо чакала яго скупое святло ад лямпы — у тапачках, у доўгай белай начной кашулі, з накінутай на плечы цёплай хусткай сустрэла Соня. Зусім не заспаная, толькі стомленая — ад хвалявання i доўгага чакання. Значыць, аж да гэтага часу не самкнула вачэй.
— Соня! — шчыра падакараў,— Чаму не спіш?
Яна нічога не адказала, толькі пільна зірнула ў вочы, мусіць, намагаючыся зразумець, была ці не была яму сёння ўдача і які яго цяпер настрой. Ён усміхнуўся i прыгарнуў яе.
— Гаспадынька мая! — прашаптаў i пацалаваў у цёплыя вусны.
Яна прытулілася, радая, што ён нарэшце вярнуўся, аддаючы яму сваю жаночую пяшчоту, тут жа i спахапілася:
— Ты ж галодны...
Што праўда, то праўда — вельмі хацеў есці. Пакуль ён распранаўся, ціхенька апалоскваў рукі (гаспадары адразу ж прачнуліся, але ляжалі на чарэні моўчкі), Соня за гэты час дастала з печы цеплаватую, але ўжо трохі пацямнелую абіраную бульбу, невялічкую патэльню з некалькімі скваркамі i падсохлым спечаным яйкам, з паліцы — міску кіслай капусты, хлеб.
Пасля, калі сеў за стол, Соня таксама апусцілася насупраць i з любоўю, радасцю пазірала, як ён смачна есць. Вочы яе цёпла блішчэлі, а на ўсім твары, здаецца, ззяла глыбокая жаночая альбо, лепш сказаць, жончыная радасць. Па нейкім мудрым прыродным законе чалавечнасці жонка вельмі любіць тую хвіліну, калі яе спрацаваны, галодны каханы з прагаю есць тое, што яна зрабіла сваімі рукамі, i рабіла шчыра, з любоўю. Затым, калі ён папіў гарбаты, патушылі святло i падаліся ў спальню. Там ён расказаў трохі пра сённяшні дзень. Пасля на міг замаўчалі, заплюшчылі вочы, i ix, мусіць, у адну i тую ж хвіліну, апаланіў сон.
Як i трэба было, Фрунзе падхапіўся ў восем гадзін раніцы. Стараючыся не пабудзіць Соню — у сне свежую, лагодную, папрыгажэлую,— на дыбачках выйшаў ca спальні. Перакінуўся некалькімі словамі з гаспадарамі пра падзеі ў Мінску, пра кёпскае надвор'е і, папіўшы гарбаты, хуценька пашыбаваў у горад.
Мінуўшы адліжны, з лужынкамі талай вады гарадскі сад, неўзабаве прышыбаваў у земсаюзаўскую сталоўку. Тут на крэслах абапал сталоў ужо сядзела, перамаўлялася нямала сяброў, блізкіх i незнаемых яму бальшавікоў альбо тых, хто ім спачуваў.
— Таварышы, знаёмцеся: вось ён, наш важак! Міхайлаў! — калі ён павітаўся з усімі, падхапіўся з гурту i ўсклікнуў Мяснікоў, які, бач, паспеў ужо прыехаць у Мінск.