— Ну й якія вашы новыя захады?
— Мы падумаем, параімся, як быць...
— З кім яшчэ параіцеся? — падчапіў яго, як рыбу на кручок, Фрунзе.— Ці не з былым паліцмайстрам? Ды пра тое, каб нядаўніх гарадавых пераапрануць у новую вопратку i зрабіць ix уяўнымі «абаронцамі» новага? Ці хочаце папоўніць стары карны апарат крымінальнікамі, якіх сёння якраз па вашаму слову вызвалілі з турмы? Не палітычных — свядомых, сумленных людзей — выпусцілі на волю, a злачынцаў, зброд... Калі нехта не адчувае розніцы паміж «гарадавымі» i «абаронцамі» рэвалюцыі, то мы добра адчуваем...
Самойленка раптоўна заліўся чырванню. Як сказалі Фрунзе дзяжурныя дружыннікі, той сапраўды сёння сустракаўся з былым паліцмайстрам, а падругое, сапраўды ён дазволіў выпусціць у горад адпетых зладзеяў i бандзюг. Можа, каб i сутыкнуць ix з дружыннікамі, нашкодзіць Савету — каб той не толькі дбаў пра вялікае, а найперш валаводзіўся з усякай пошасцю i дрэнню.
— А што будзем рабіць з паліцыяй, жандармерыяй, ахранкай? — запытаў Самойленка. Наўмысна ўткнуў гэтае «будзем», падкрэсліваючы сваю ўладу.
— Трэба ўсіх паслаць у акопы.
Самойленка не мог запярэчыць, але ўсё роўна муляўся. Не спяшаўся даваць яму адпаведны мандат. Не зусім мілы быў ён, бальшавік Фрунзе, не мілая была i новая міліцыя.
— Добра, мы абмяркуем вашу кандыдатуру,— прамовіў, заміргаў. Значыць, задумаў штосьці патайное.— Пазваню, скажу пра рашэнне.
— Па-першае, не варта, пан камендант, гуляць у кошкі-мышкі. Па-другое, зусім не салідна для вашага ўзросту i вашай пасады,— усміхнуўся Фрунзе.— Не дасце мандата вы, прадстаўнік Часовага ўрада, дык яго дасць мне Савет — прадстаўнік Петраградскага Савета, які, што вы ведаеце, кантралюе Часовы ўрад. Няўжо не разумееце: нас ужо прызнаў Мінск?!
Самойленка панік, пыхнуў зноў i большай, чым раней, чырванню.
— Я рэаліст, пан Міхайлаў,— упершыню назваў яго па прозвішчы, «запаважаў».— Канечне, вы — выключны арганізатар i кіраўнік. Канечне, міліцыя ёсць, робіць усё спрытна i рашуча... Але разумееце,— няшчыра залыпаў вачыма,— сёння не магу выдаць вам мандат. Няма машыністкі. Захварэла.
— Пра што клопат, пан камендант! — Фрунзе ўсміхнуўся, падняўся.— Вось,— паказаў на Соню, якая разам з мужчынамі стаяла пры стале,— прафесійная машыністка.
Самойленка моўчкі цяжка нагнуўся, дастаў з шуфляды стала картку, падняўся, цяжка, па-старэчаму, паціраючы паясніцу, падаўся ў прыёмную. Услед за ім пайшлі i яны; па дарозе Клёнаў сціснуў яму локаць i падміргнуў — бачыце, наша бярэ!
Соня скінула паліто, паклала яго на спінку крэсла, села за машынку i ўзяла ca стала некалькі белых лістоў, капірку, спрытна ўсё заклала. Зірнула на Самойленку: дыктуйце, пан камендант!
— Але я мушу паставіць адну ўмову: вашым намеснікам будзе толькі Яромін,— той зірнуў на Фрунзе.— I ўвогуле ўсе назначэнні будуць толькі з нашага ведама.
— Што ж,— развёў рукі Фрунзе,— калі трэба, дык трэба.
— Загад нумар...—ужо не толькі стрымана, а нявесела прамовіў Самойленка.— Горад Мінск, 4 сакавіка 1917 года.— Падышоў да акна і, не паварочваючыся да ix, пазіраючы на халодны i дажджлівы двор, задыктаваў: — Аб назначэнні пана Міхайлава...
— Прабачце,— перапыніў Міхайлаў,— не трэба «пана...». :
— А як трэба?
— Грамадзяніна, таварыша Міхайлава Міхаіла Аляксандравіча...
— Не. Я не магу так,— усё не азіраючыся, ссутуліўшыся, прамовіў Самойленка.— Пішыце проста: аб назначэнні Міхайлава Міхаіла Аляксандравіча начальнікам міліцыі...
Соня хутка заляскала, нібы з кулямёта.
— Міхайлаў М. А. назначаны мною з гэтага дня часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове ладу ў горадзе. Прашу ўсіх гарадскіх чыноў паліцыі выдаць Міхайлаву па вопісу ўсю зброю, што маецца ў ix распараджэнні...— I па-ранейшаму пагладжваючы паясніцу, дадаў: — Подпіс: грамадзянскі камендант горада Мінска Б. Самойленка.
Соня надрукавала, вышмаргнула паперы.
Самойленка павярнуўся, прачытаў тэкст, пасля тут жа, на стале, падпісаў усе тры экземпляры. Адзін з ix, другі, падаў Міхайлаву. Як падпісваў i падаваў ліст, дык аж трымцелі яго рукі, а на глыбокіх залысінах выступілі буйныя кроплі поту.
— Можа, i на вялікую рызыку іду... Хто ведае, чым абернецца мой гэты загад?! — квола ўсміхнуўся. Пасля падаў Соні картку, што дагэтуль трымаў у левай руцэ.—Запоўніце, калі ласка, мандат.
Калі тая аддрукавала, падпісаў i яе, аддаў Міхайлаву.
— Вось цяпер ужо законная ваша міліцыя, а вы — законны яе часовы начальнік,— прамовіў, надаючы вялікую ўвагу сваёй пасадзе, свайму загаду.— Заадно вы, як ведаеце, аўтаматычна з гэтай хвіліны становіцеся членам грамадскага камітэта пры каменданце горада.— Падаў руку.— Веру ў вашу адданасць рэвалюцыі...