Выбрать главу

— Не сумнявайцеся, пан камендант,— сказаў Фрунзе.

— Толькі, пан..., грамадзянін Міхайлаў, без свавольства...— затрымаў руку Самойленка, не то папрасіў, не то перасцярог.— Вы цяпер — афіцыйная асоба, падпарадкаваная мне, а праз мяне — i Часоваму ўраду...

— Жорсткая рэгламентацыя! — хітнуў галавой Фрунзе.

— А вы што хацелі? Самаўпраўства?

— Ясна,— прамовіў Фрунзе, адчуваючы ў душы вялікую ўрачыстасць, радасць ад сваёй перамогі. Тады, нібы раячыся, нібы гаворачы беспярэчна, сказаў: — Раз ужо ёсць законны часовы начальнік міліцыі, то неабходны i яго зварот да мінскіх насельнікаў...

Соня, са здзіўленнем ды з захапленнем зірнуўшы на яго, хуценька заклала некалькі лістоў паперы ў машынку.

— «Старый строй пал,— пачаў дыктаваць Фрунзе.— Прежняя власть, опиравшаяся на произвол и насилие, исчезает по всей стране, и на ее месте возникает новая, сильная народным единством и доверием.

Городская милиция уже разоружила полицию и стражников и заняла городское полицейское управление и полицейские участки. Жандармское управление упразднено.

Идет дружная работа по организации общественных сил...

Временный начальник городской милиции М. Михайлов».

Ён дагаварыў — i тут жа борздкая Соня дастала з машынкі лісты i аддала Фрунзе. Ён узяў, акінуў позіркам, а пасля першы экземпляр падаў гаспадару.

— Вы, пан Самойленка, не супраць такога звароту? Не? Тады, калі ласка, змясціце яго ў «Вестнике Минского губернского комиссариата».

Той узяў паперыну, прачытаў, схмурыўся.

— Добра,— буркнуў.— Надрукуем. Чысла 9 гэтага месяца.

— Дзякуем,— сказаў Фрунзе, развітаўся з невясёлым гаспадаром. A ўжо на вуліцы, калі ўсе перавялі дыханне, сказаў: — Вось што, таварыш Шломскі. Ідзі на Петраградскую i скажы нашым, каб падрыхтавалі атрад байцоў. Уночы будзем вызваляць палітвязняў.

— Ці не рызыкоўна, таварыш Міхайлаў? — паспрабаваў астудзіць яго разважлівы Клёнаў.— Хіба не чуў Самойленкавай запаведзі: кожную сваю задуму, кожны крок узгадняць з ім?

— Дудкі! — усміхнуўся Фрунзе.— А па-другое, мы не парушаем загады Часовага ўрада. Ёсць жа адпаведны пункт з яго дэкларацыі, каб вызваліць зняволеных? Ёсць. Няма канкрэтнай даты? Дык рэвалюцыйны народ сам устаноўлівае яе, жадаючы, каб барацьбіты за народнае шчасце больш ні дня, ні гадзіны не пакутавалі ў няволі.— Гарэзна штурхнуў локцем Клёнава.— Мы, міліцыя, «толькi» захаваем пры гэтым парадак!

А першай гадзіне ночы Фрунзе з атрадам міліцыі падышоў да варот турмы на Серпухаўскай.

Запыніліся каля высокай i шырокай жалезнай брамы. I гэтыя глухія вароты, i высозныя цагляныя сцены абапал турмы, i цёмная крэпасць з круглымі вежамі — усё было змрочнае, злавеснае, здаецца, непрыступнае. Фрунзе рашуча пастукаў у браму рукаяткай браўнінга, i неўзабаве ў браме прачынілася невялікае акенца, пыхнула скупое святло ад газавага ліхтара i пачуўся незадаволены голас:

— Хто тут?

Тут жа паказаліся побач з лямпаю рыжыя вусы, пляскаты нос.

— Адчыняй! — запатрабаваў Фрунзе.— Я— начальнік міліцыі. Вядзі да старшага дзяжурнага.

Турэмшчык, угледзеўшы яго афіцэрскую форму, паслухмяна адышоў з ліхтаром i неўзабаве адчыніў вузкія жалезныя дзверы. Фрунзе ступіў у вузкі праём, адхіліў невысокага турэмшчыка — услед за ім пачалі заходзіць i іншыя. Мусіць, усім было крыху вусцішна —трапілі ў шырозную i страшную яміну, быдцам нейкую зямную апраметную.

— Адчыняйце насцеж браму,— сказаў міліцыянерам Фрунзе, а вартавому, які стаяў побач, закамандаваў: — Вядзі ў дзяжурнае памяшканне.

Той павёў яго да яшчэ адной высокай i шырокай, але ўжо з дрэва, можа, i з дубу, брамы, акаванай жалезам, адамкнуў і, свецячы ліхтаром, падаўся ў блізкую цёмную канторку. Пастукаў. Доўга не было ніякага адказу. Пасля хтосьці заспана прабасіў:

— Ну, што там?

— Вас, ваша высокаблагароддзе, хочуць бачыць,— пачціва i, здаецца, апасліва прамовіў вартавы.

Той, чуваць было, скінуў з дзвярэй кручок, адчыніў дзверы. Пры святле ліхтара ўбачыў вартавога i чужых людзей. Наструніўся.

Фрунзе выхапіў з рук вартавога ліхтар i ледзь не папхнуў перад сабою штабс-капітана. Той, з накінутым на плечы шынялём, асцярожна адступіў.

— Вы хто? — не даў яму апамятацца Фрунзе, стаўляючы ліхтар на ненакрыты, зашмальцаваны локцямі стол.

— Я старшы дзяжурны. А вы хто?

Фрунзе назваўся. I тут жа запытаў:

— Чыталі дэкларацыю пра вызваленне палітвязняў?

— Чытаў.

— Мінскі Савет рашыў сёння ж выпусціць палітвязмяў на волю...