Выбрать главу

— Але...— замямліў той, маладжавы, васпаваты.— Я мушу далажыць начальніку турмы... А ён дома...

— Вось распараджэнне,— падаў яму паперыну Фрунзе.— 3 сённяшняга дня ваш шэф — ужо не начальнік турмы. Так што няма каму дакладваць... Па-другое, калі вы будзеце цягнуць ката за хвост, дык мы пасадзім вас самога. Ясна?

Штабс-капітан завагаўся, але калі сюды зайшло пяць-шэсць узброеных міліцыянераў, уздрыгнуў i запытаў са страхам:

— Вы цалкам усведамляеце, што робіце?

— Цалкам. Яшчэ нядаўна тыя, каго вы ахоўвалі, лічыліся дзяржаўныя злачынцы, а цяпер яны — народныя героі,— сказаў Фрунзе.— Рэвалюцыя не можа цярпець, каб народныя героі хоць хвіліну пакутавалі ў няволі... Вядзіце нас у ваша пекла, загадвайце адчыняць камеры i выпускаць пакутнікаў.

— Што за нерашучасць, ваша высокаблагароддзе?! — са здзекам прамовіў Клёнаў i рэзка тыцнуў афіцэру браўнінгам пад рабро.— А па-другое, прасіце, каб узялі вас пад ахову. Іначай тыя, каму вы ўпякліся ў косці, могуць абысціся з вамі няласкава...

— Мушу падпарадкавацца насіллю...— мармытнуў той.

...Праз паўгадзіны ўсе мінскія палітвязні выйшлі на волю. Сярод ix быў i Алесь Нямкевіч.

2.

З хронікі падзей у Мінску

за першую палову сакавіка 1917 года

4 сакавіка ўжо ўвесь горад убачыў, што няма старой паліцыі i замест яе нясе ахоўную службу народная міліцыя, уведаў, што зменена ўлада.

Гэтая вестка хутка ўляцела амаль у кожны дом, узбудзіла мінчукоў, i яны дружна вывалілі на вуліцы. Збіраліся ў вялікія гурты, распытвалі альбо расказвалі самі, што дзеецца ў сталіцы i тут, гудзелі, спявалі песні. 5 сакавіка мінчукі i салдаты таксама з раніцы былі на вуліцах, здаецца, запоўнілі ўвесь горад. Спачатку цешыліся ад узрушэння i радасці, а пасля па камандзе шустрых цывільных i вайсковых людзей з ахвотаю, з вясёлым настроем пастроіліся ў велізарную, не акінуць вокам, калону i з рэвалюцыйнымі транспарантамі, з песнямі прайшліся туды-сюды па прылеглых шырокіх вуліцах.

Каб даць выявіцца ва ўсю моц народным эмоцыям, а заадно не дазволіць ім выплеснуцца з берагоў, новая ўлада 6 сакавіка задумала хітры, нават, можна сказаць, мудры ход: наладзіла для агромністага, можа, i пад сто тысяч чалавек, натоўпу спектакль — «торжественное празднование обновления России».

Узбуджаных мінчукоў, салдатаў абачліва запрасілі на Саборную плошчу — на свядома задуманае ўрачыстае набажэнства, дзе ўсе пабылі ў адным людскім моры, адчулі еднасць i ўзнёсласць, а таксама міжволі, без ніякага прымусу «смирили» свае бунтоўныя душы i ў думках, сэрцы «присягнули» на вернасць Часоваму ўраду, «с волнением посозерцали», як камандуючы Заходнім фронтам «произвел смотр войскам новой России и произнёс строгую, патриотическую речь», пасля паслухалі «пламенные, революционные» прамовы петраградскага думца ІІІчэпкіна, мінскага гарадскога галавы i «представителей общественных организаций».

Праўда, не ўсё ішло гладка. Найперш там, на трыбуне, дзе знаходзілася вышэйшая i вайсковая эліта. Той-сёй з яе, да слова, не пускаў прамаўляць Позерна — старшыню Мінскага Савета, а таксама Скуранога, які меўся выступіць ад «імя беларускага народа». Ix угаворвалі, каб яны прамаўчалі, сваімі прамовамі не «портили торжественного праздника и радостного настроения».

Скураны ўгодліва згадзіўся не прамаўляць, не выпускаць беларускае слова на людзі, а вось Позерн упёрся i настояў, каб у такі дзень паважалі i яго, i Мінскі Савет. Выступіў i не засмуціў натоўп. Наадварот, многім спадабаўся i заваяваў павагу да сябе i Савета.

Пасля адбыўся ўнушальны ваенны парад, ён уразіў усіх «боевым духом», мощью» рускай арміі, яе лаяльнасцю да рэвалюцыі i новай улады.

Пасля ваеннага парада люд яшчэ доўга сноўдаўся па горадзе, гудзеў, спяваў песні, захоўваючы спакой i лад. Калі той-сёй спрабаваў ці праяўляць цынізм, ці падбухторыць да хаосу, гвалту i рабункаў, дык яго мігам супакойвалі агулам i турылі з вачэй.

7 сакавіка вуліцы яшчэ таксама былі шматлюдныя, але ўзбуджэнне пачало пакрыху ўжо спадаць. То тут, то там чуліся галасы, што час ужо вяртацца на заводы, фабрыкі i ва ўстановы, што «нужен уже созидательный труд». Не бачачы перашкод i не адчуваючы падагрэву страсцей, люд паволі сыходзіў з вуліц i плошчаў. Услед за паводкавым спадам зноў пачалі адкрывацца ўстановы, крамы, кінатэатры, запрацавала конка i зноў з'явіліся ў горадзе аўтатаксі.

Узбуджэнне, страсці перанесліся з вуліц у будынкі, за зачыненыя дзверы. Калі просты люд, інтэлігенцыя толькі гаманілі-разважалі пра бачанае i чутае, то ўладныя свету гэтага, палітычныя дзеячы ўзяліся за сваю работу, пачалі дбаць, каб не выпусціць ca сваіх рук ход падзей, а то i быць на чале яго.