У гэты ж дзень петраградскі пасланец, Шчэпкін, правёў назначаны пастановай парады ад 3 сакавіка агульны сход пасланцоў, выбраных да гэтага часу саюзамі, гарадскім i земскім самакіраваннем, грамадскімі i нацыянальнымі суполкамі. На гэтым сходзе абралі аператыўны орган — Гарадскі камітэт грамадскай бяспекі з дзевяці асоб. У яго ўвайшлі па аднаму чалавеку ад рускіх, польскіх i беларускіх дэлегатаў, а таксама i ад вайскоўцаў, два — ад яўрэйскіх, тры — ад Мінскага Савета (адзін з ix — Фрунзе).
Гэты Гарадскі камітэт, падуладны Часоваму ўраду, павінен быў клапаціцца пра лад у горадзе.
8 сакавіка адчувальна, а 9-га ўжо зусім Мінск суцішыўся, пачаў працаваць.
9 сакавіка пасля некалькіх перамоў i сходаў 118 бальшавікоў, меншавікоў, бундаўцаў i латышскіх сацыял-дэмакратаў сабраліся на агульны сход i на ім злучыліся ў адну трупу «без различия и национальных, и фракционных оттенков» — у Мінскую аб'яднаную арганізацыю РСДРП.
Бальшавікі, а пасля i «аб'яднанцы» паспрабавалі пасаюзіцца i з эсэрамі, некалькі разоў збіраліся разам, гаманілі, але паразумецца не змаглі. «Аб'яднанцы» вылучалі сваю праграму, эсэры — сваю.
Пачалі ўзнікаць у Мінску i іншыя легальный партыі. Да слова, свае нацыянальныя суполкі ўтварылі палякі i ўкраінцы, якія працавалі альбо служылі ў горадзе i паблізу яго. Ажывіліся розныя яўрэйскія партыі.
15 сакавіка газета «Правда» напіша: «Переворот в Минске прошел быстро и безболезненно. Минск принял все готовое. Наиболее туго воспринимала происшедшее высшая военная среда, но и ей пришлось быстро и предупредительно заявить себя сторонницей новой власти.
...Совет образовался довольно быстро. Работы масса, главным образом среди солдат Минска и фронта. С самого начала был выкинут и дружно поддержан лозунг демократической республики.
Фронт единодушно и радостно признает переворот, но осведомленность на позициях довольно слабая.
...Партийная работа только еще начинает налаживаться».
22 сакавіка змяніўся камандуючы Заходнім фронтам. Ім стаў генерал ад кавалерыі Васіль Іociфавіч Гурка — сын героя руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, які паходзіў з беларускага дваранскага роду. Каб мець штаб, а таксама ўвесь фронт пад сваім штодзённым назіркам, Часовы ўрад прыслаў сюды свайго камісара меншавіка Жданава.
3.
Таня спрытна, што амаль i не засталося следу, зацыравала каўнер яго каляровай, светла-рудой i ў клетачку кашулі, адкусіла зубамі нітку i агледзела рукавы: адзін локаць працёрся, свіціўся, a другі — ужо раней зашыты — распоўзся, i на ім была дзірка.
— I на адзін, i на другі локаць трэба латка,— прамовіла Таня i сумна зірнула на яго.
Ён цяпер сядзеў у сподняй бялізне i нецярпліва чакаў, калі яму ўдасца вырвацца з дому.
— Дык прышый! — лічы, загадаў.
Яна яшчэ больш гаротна адарыла яго сваім заўсёды цяжкім i сумным позіркам, паднялася i пайшла да куфра. Як ішла, дык ледзь не хісталася. За сёлетнюю зіму зусім схуднела, дык вунь зусім ценная, з ненатуральна тонкай шыяй i вострымі локцямі, з непрыгожа ўпалымі грудзьмі. A рукі, ногі... Ён не мог доўга пазіраць на яе мошчы, адвярнуўся i пачаў у думках падспешваць, каб яна хутчэй знайшла тыя латкі. Пасля, калі яна задоўга перабірала разнаколерныя лахманы ў мяшэчку, нецярпліва падагнаў:
— Калі ласка, скарэй!
Яна, нібы ад удару току, рэзка выпрасталася, гнеўна i з нянавісцю апякла адрачонымі, але з немалой жыццёвай сілай вачыма, здаецца, хацела шпурнуць яму пад ногі гэтую няшчасную кашулю, але неяк перамагла злосны прыліў, толькі быццам папікнула, быццам апраўдалася:
— Вечна табе ўсё гарыць! Вечна карціць табе збегчы, пакінуць мяне адну з дзецьмі!
Яго таксама апанавала раптоўная злосць, нават нянавісць: як яна не разумее яго! Але стрымаўся, не адказаў сёння ўспышкаю на ўспышку. Але Таню гэта не супакоіла. Наадварот, яго зацятае маўчанне паддало толькі ёй крыўды.
— Ну, вот куды ты гэтак спяшаешся? — раздражнёна запытала яна.
— Усё роўна ты не зразумееш i не ацэніш як след...— адварочваючы галаву, сказаў ён.
— Канечне, я дурная! — нібы зашкадавала сябе, а на самай справе пачала балюча біць яго ў сэрца.— Я ў горадзе мала бываю, з разумнымі людзьмі амаль не знаюся, газет, кніг не чытаю, навін не ведаю!.. Мой клопат — накарміць, апрануць чатырох дзяцей i цябе! Ды на тваю такую мізэрную плату, з якой няможна звесці канцы з канцамі!..— Схапіла яго кашулю i паказала яму прашмальцаваныя локці.— Ты болей пра новую кашулю думаў бы, а не...