Дзверы ім адчыніў пакаёвы. Пажылы, лысы дзядзька амаль у вясковым уборы — у хромавых ботах, чорным паўгаліфэ, белай вышыванай кашулі, падперазаны поясам.
— Добры дзень, спадары,— павітаў ix па-беларуску, памог распрануцца, павесіў іхнія паліто ў дубовую шафу, умураваную ў сцяну. Пасля запрасіў падняцца на другі паверх.
Яны — ведама ж, усе сялянскія дзеці — трохі камлюкавата рушылі па доўгім зялёным панскім ходніку, прыціснутым па краях да выгібаў лесвіцы бліскучай меднай выгінастай стужкай. Ішлі i разглядалі на сценах шматлікія сапраўдныя карціны, а таксама i рэпрадукцыі з ix. Лічы, усё было работаю даўнейшых тутэйшых мастакоў альбо жывапісам замежных творцаў на матывы гісторыі Вялікага княства Літоўскага, партрэты яго вядомых людзей.
На другім паверсе яны мінулі, мусіць, гасцёўню, а пасля — вялікую залу i трапілі ў даволі прасторны пакой, складзены з тоўстых пачышчаных, а пасля памазаных лакам сасновых круглякоў, з падлогаю i са столлю з шырокіх дошак, з бэлькамі, з масіўным стаяком, наперадзе якога красаваўся высот, ледзь не ў рост чалавека, спрытна выкладзены з чырвона-рудой цэглы камін. На сподзе яго была клетка з жалезных дратоў, a ў ёй гарэлі, аж гулі, невялікія паленцы. Паблізу каміна, у драўлянай скрыначцы, ляжалі паленцы ў запас — асінавыя, сухія, спрытненькія, адно да аднаго. Тут жа, каля скрыначкі, стаяў гаспадар з доўгімі абцугамі — падпраўляць паленцы i вуголле ў палаючай клетцы. Як i пакаёвы, сёння i гаспадар апрануўся па-вясковаму. Быў у ботах, вышыванай кашулі, падперазаны прыгожым поясам з файнымі кутасікамі на канцах.
Скураны шустра павесіў на высакаватую вешалку абцугі і, лагодна ўсміхаючыся, пайшоў ім насустрач, кожнаму ўчэпіста зазіраючы ў вочы. Пасля, калі таксама прысеў, пільна агледзеў кожнага па чарзе. Нібы зазіраў у душу. Перакінуўся словам-другім пра надвор'е, пра настрой, а пасля запытаў з жартам:
— Дык што, э-э, спадары, рэвалюцыя ўляглася?
Хітры Муха, ведаючы гаспадароў кансерватызм, падтакнуў:
— Уляглася, дзядзька Рыгор. I ўдала, хораша.
Скураны паблажліва ўсміхнуўся i ўталопіў позірк у Васілевіча, ведаючы таго эмацыянальны i нецярплівы характар.
— I вы, грамадоўскі лідэр, так лічыце? — запытаў.
— Не,— шчыра прызнаўся той,— Я лічу: пакуль што адбылася толькі змена каравула... Вялікіх пераўтварэнняў яшчэ няма...
— Але ж вы, э-э, у сваёй расклеенай па горадзе заяве ўхвалілі Часовы ўрад...
— А хто выступіў супраць яго? — адпарыраваў Васілевіч.
У гэтую хвіліну адчыніліся дзверы — у пакой зайшоў хлапчук-падлетак. Таксама, як i гаспадар ды яго пакаёвы, у боціках i белай вышыванай кашулі. Убачыў ix, сумеўся.
— Ну што, Янка? — запытаў яго Скураны.
— Выбачайце,— зусім нечакана для ўсіх загаварыў па-беларуску маладзенькі госць.— Я хацеў запытаць у цябе, тата: што такое псіхалагічная проза?
— Пазней, э-э, патлумачу, сын,— прамовіў гаспадар.— А цяпер мне трэба, э-э, пагаварыць з дзядзямі...
— Выбачайце,— прамовіў ветлівы хлопчык i выйшаў з пакоя.
— Дзякаваць богу, э-э, мне, спадары, удалося выхаваць дзяцей у патрэбным духу,— пахваліўся Скураны.— А то звычайна як у нашых, нават вясковых, інтэлігентаў бывае? Сам выб'ецца ў людзі, любіць, шануе сваё роднае, але ці жонку возьме нетутэйшую, ці дзяцей па-свойму не вучыць — дык на ім адным усё наша i абрываецца... А няможна, э-э, нават пагібельна, каб перарэзвалася пупавіна.
Шуляк i Нямкевіч былі яшчэ халасцякі, дык выслухалі ўсё гэта з павагаю, а Муха, Белякова ды Васілевіч, сямейнікі, крыху сумеліся, бо не дабіліся таго, чаго дабіўся гаспадар.
Той адчуў гэта. Пераможна паназіраў за ўсімі, а пасля, нібы забыўшыся, што Васілевіч не адказаў яму, як убачыў Нямкевіч, непрыкметна для астатніх націснуў кнопку на стале. Тут жа зайшоў сюды знаёмы пажылы пакаёвы.
— Дай, э-э, братка, нам па чарцы,— крактануў Скураны.
Пакаёвы паслухмяна хітнуў галавой, выйшаў i неўзабаве прынёс пляшку гарэлкі, а таксама сала, агуркі, хлеб.
— Хоць цяпер сухі закон, спадары, але давайце возьмем па кроплі,— падняў чарку Скураны.— Э-э, за перамены!
Стукнуліся, апаражнілі чаркі.
— Ах, смачна! — крактануў гаспадар.— Якая там забарона! Якое жыццё без такога цуду! Раз чалавецтва вынайшла гэткую ўцеху, асмакавалася, дык ужо не адмовіцца ад такой спакусы. Калі няможна цешыцца адкрыта, дык будзе ўжываць пад коўдраю...
Пазней, калі паперакідваліся рэплікамі, жартамi, апаражнілі пляшку i закусілі, а пакаёвы прыбраў стол, Скураны абвёў усіх, здаецца, зусім цвярозым позіркам (Алесь ахмялеў, a Васілевіч дык i добра ўпіўся ад трох невялічкіх чарак).