Выбрать главу

— Ну што, лідэр? — Скураны прыплюшчыў вочы на Васілевіча.— Як думаеце весці рэй?

— Давайце параімся,— адказаў той. Лізнуў языком ніжнюю губу (абы крыху выпіў, дык не можа адкараскацца ад такога жэсту).— Петраградскі Савет, таксама Часовы ўрад тое-сёе намякнулі пра нацыянальнае пытанне, тое-сёе падакляравалі, але... перамен няма...

— Ну, чаму так, з-э, спадар Сымон? — не згадзіўся Скураны.— Ужо тое, што Самойленка паслухаў мяне, запрасіў i нас, э-э, беларусаў, на ўстаноўчы сход, вылучыў спадара Шуляка ў Гарадскі камітэт, а таксама ўзяў яго памочнікам — гэта ўжо нямала... Гэта — ужо, адчуйце, вялікае дасягненне Часовага ўрада. Мінскі Савет, скажам, у свой выканком не выбраў ніводнага нашага земляка.

— Мы лічым: Часовы ўрад i падначаленыя яму тутэйшыя органы зрабілі яшчэ толькі першы крок да нас...— прамовіў Васілевіч.

— А чаго вы хочаце большага? Ды цяпер!

— Мы лічым, што нам трэба самім дбаць пра сябе...

— Вы, можа, э-э, намагаецеся дабіцца незалежнасці? — ухмыльнуўся Скураны.

— А чаму не паставіць так пытанне?

Скураны яшчэ болей здзекліва ўхмыльнуўся. Ну i ну, маўляў! Дзівакі i гарачыя галовы!

— Я перасцерагаў вас i перасцерагаю, спадары: выношвайма ідэю незалежнасці, але пра гэта нідзе i нікому чужому ні слова! Самае вялікае давайма ўслых гаварыць толькі пра аўтаномію... Іначай — з'ядуць жыўцом. I не зморшчацца. Я гэта гаварыў i гавару сваім былым сябрам-аўтанамістам, а цяпер — калегам па партыі народных сацыялістаў... Заклікаю, паўтару, да абачлівасці i вас...

— Што ж,— сказаў Васілевіч,— Паклічам нашых прыяцеляў на з'езд i параімся з імі. А з'езд мы рашылі склікаць на дваццаць пятае.

— На гуканне вясны...— усміхнуўся Муха. Можа, i дзеля таго, каб змякчыць напружанне паміж Васілевічам i гаспадаром.

— Дык будзеце шумець альбо нават i скандаліць? — запытаў Скураны. Зірнуў Васілевічу ў вочы дапытліва, хітра i, здаецца, з раўнівасцю.— Будзеце вылучаць ранейшыя свае тэзісы: «аўтаномію», «выбарнасць чыноўнікаў», «ураўняльнае землекарыстанне разам ca скасаваннем права асабістай зямельнай маёмасці», «усестаронняе сябраванне i таварыствы»?

— Мы, кажу ж, праграмы не мянялі...— прамовіў Васілевіч.

— Але ж гэтыя тэзісы нават i цяпер вельмі сацыялістычныя...— схмурыўся Скураны.— Вылучаць ix, далібог, не разумна...

— Яшчэ ёсць час да сходу, дык параімся...

— З кім? — ухмыльнуўся Скураны.— З віленцамі? З неабачлівым Стасем Лысковічам? З яго пранямецкім камітэтам?

— З віленцамі ў нас няма моста,— спакойна адказаў Васілевіч.— Мы параімся з тымі нашымі, хто цяпер жыве ў Маскве, Кіеве, Казані, Тамбове, Калузе.

— А там з кім раіцца? — зноў напаў Скураны.— З Бурбісам? З Цішкам Гартным? З Чарвяковым? Ці з Кужэльным? — I, не даючы Васілевічу адказаць, хмыкнуў:— Э-э, знайшлі дзеячаў! Бурбіс, хоць i адзін з заснавальнікаў вашай БСГ, даўно ўжо адышоў ад нашага руху, Цішка Гартны... Ну, мякка кажучы, сярэдняй рукі літаратар ды i сацыял-дэмакрат, Чарвякоў — зялёны яшчэ, а Кужэльны — эсэр — завельмі амбітны, неабачлівы.

— Дык што вы параіце нам? — запытаў Васілевіч.

— Я параю найперш адно: не трэба гарачыцца! Пакуль што ўсё ідзе добра. Дык давайце крочыць у нагу з часам, лішне не вытыркацца.

— Вы, як я разумею, нават супраць нашага з'езда? — здзівіўся Васілевіч.

— Я не супраць з'езда, я супраць неабачлівасці, гарачкі. Урэшце не забывайма: на нашай зямлі фронт, два раз'юшаныя мядзведзі...

— Мядзведзям таксама нявыкрутка...— перапыніў Васілевіч.

— У ix — адно, a ў нас — іншае. Мы ледзь-ледзь ступім не так — Петраград аб'явіць усе нашы помыслы пра волю здрадаю, гульнёю з кайзерам,— пастрашыў Скураны.— Паверце: Петраград ніколі, паўтару, ніколі не дазволіць нам самавызначыцца, мець самастойнасць...

— Дык што — нам i цяпер не рыпацца? — наступаў Васілевіч.— Мірыцца з парабкоўскім лёсам?

— Перачакаем мітрэнгу — штосьці новае ўбачым...

— Асабіста я не веру ў нечыю міласць...— прамовіў Шуляк.— Пра сябе трэба дбаць самім!

— А хто нам паможа? — рэзка запытаў Скураны.— Менск? Яго вярховіца? Просты люд? Не, не спадзявайцеся на вялікую помач! Напомню, які наш Менск. Па перапісе 1897 года ў ім жыло крыху болей 80 тысяч чалавек. З ix каля 47 тысяч — яўрэі, звыш 15 тысяч — рускія, звыш 10 тысяч — палякі. Нас, беларусаў, было толькі каля 9 тысяч. Цяпер сітуацыя, канечне, крыху іншая, але ўсё роўна, э-э, спадары, апірышча наша тут слабое... I такія амаль усе нашы гарады (апрача Магілёва, дзе нашага люду за 30 працэнтаў). Як вы i самі ведаеце, амаль увесь наш люд у вёсках. Але які паплечнік у палітыцы веска? Ды цяпер?! Ды нам?!