Скураны закрактаў, падняўся — здаецца, не зусім далікатна падаў знак: усё, «спадары», хопіць, пагаварылі. Я вам усё сказаў, а вы думайце. Калі яны, падзякаваўшы за пачастунак i сустрэчу, пачалі збірацца адыходзіць, то ён ix нават дзеля прыліку не затрымліваў.
Як апынуліся на цёмнай вуліцы, дык Васілевіч абурыўся:
— Стары ліс!
— Баіцца ўсякай рызыкі,— дадаў Шуляк.— Калі яму i цяпер добра — дык давайце i ўсе задаволімся тым маленечкім, што далі альбо яшчэ дакляруюць!
— Дарэмна мы сюды прыходзілі,— прамовіла Белякова.— Сыты галоднаму ніколі не спагадае.
— Не, калегі,—не згадзіўся Муха —Нам не трэба дражніць яго. Варта шукаць згоды, завабліваць на свой бок. Усё ж ён вядомы, уладны, багаты, мае вялікія сувязі i тут, i ў Петраградзе... А мы хто? Шчырыя, дзёрзкія, але галякі, адзіночкі. Мы нават не можам паклікаць на помач нашых паэтаў: Цётка памерла, а Купала, Колас, Багдановіч недзе па свеце... Хочаш ці не хочаш, а трэба трымацца за таго, хто мае моц...
Мухава дыпламатыя, здаецца, калі не пераканала ўсіх, то супакоіла. Нават Васілевіч i Шуляк не аспрэчвалі яе.
Неўзабаве яны разышліся. Нямкевіч застаўся з Мухам — усе гэтыя, пасля вызвалення з турмы, дні жыў у яго кватэры.
— Ну, што думаеш пра Скуранога, маўчун? — запытаў Муха.
— Скураны Скураным...— прамовіў Нямкевіч.— Я цяпер думаю пра іншае—пра наш вясковы люд. Калі амаль усе нашы гарады, як кажа Скураны, чужародныя, то вясковы люд, лічы, наш. Але да чаго ён цяпер ідзе? Да смерці? Ці да ўваскрасення? Зможам мы сабраць яго апошнюю сілу, мару, веру i надзею альбо не здолеем? Зразумее, падтрымае ён ці застанецца глухі?
— Ты зришь в корень! — ухмыльнуўся Муха.— Я, скажу табе шчыра, сумняваюся... Але... Не хачу быць у баку ад вас...
— Паглядзім,— сказаў Нямкевіч.— Цяпер не толькі лепшым сынам, але i ўсяму люду прыйшоў час сказаць сваё слова...
— Можна, браце, i так экзаменаваць,— прамовіў Муха, тулячыся ў сваё цёплае паліто,— але адказу можа i не быць... Як у таго вашага Гаспадара-каменя...
— Але ж, выходзіць, i камень мае іскры...— усміхнуўся Алесь (ён на днях расказаў Муху, як i сам перад сваім судом хадзіў на сустрэчу з Гаспадаром-каменем).
— ...калі моцна ўдарыць па ім...— дадаў Муха.
— Ды царызм, вайна ўдарылі ж як след...— прамовіў Нямкевіч.— А рэвалюцыя выкрасіла агонь i надзею...
— Ты думаеш? — ухмыльнуўся Муха.— Рэвалюцыя была восем дзён, а вось размоў пра яе, здаецца, будзе шмат... Як тое некаму i трэба...
5.
Алесь Нямкевіч дабраўся ў Янкавіны вельмі ўдала. У Стоўбцы прыехаў на цягніку, пяшком прайшоў мястэчка, а на выхадзе з яго на стаўбцоўска-кляцішчанскі шлях удала падсеў на сані да чужога, але спагаднага дзядзькі i даехаў з ім аж да Шашкоў, a ў Шашках нечакана прыладкаваўся да вайскоўцаў-медыкаў i на іхнім аўтамабілі як пан прыкаціў да самай сваёй хаты.
Сёння болей, як раней, хваляваўся пры сустрэчы з роднай вёскай — надта пры першым жа позірку на дарагі сэрцу i ў той жа час ненавісны Кацярынін высокі, накрыты белай бляхай дом i на сваю, як здалося, яшчэ болей аселую хату.
Ён саскочыў з кузава аўтамабіля на рыхлаваты снежны дол; малады прапаршчык, а таксама міласэрныя сестры памахалі яму рукамі на развітанне; аўтамабіль крануўся, паехаў у Налібакі; Алесь застаўся адзін — адзін са сваімі Янкавінамі, якія любіў, за якія пацярпеў, але якія, можа, пра яго ўжо забыліся.
У іхнім двары нікога не было; людзі — поўная («Цяжарная,— падумаў ён,— i можа, ужо другім альбо нават трэцім дзіцем»), у валёнках i кажушку Зося i таўсматы, пацяжэлы за апошнія гады Віця — стаялі ў суседавым дворышчы. Паілі каля студні каровы. Алесь махнуў ім рукой на прывітанне, пачакаў, пакуль яны адкажуць, і, ускінуўшы пляцак, падаўся ў сваю браму. Скіроўваючы позірк на акно, убачыў: вось прыпаў да шыбіны малады твар, тут жа знік —відаць, сястра (а гэта была якраз яна) сказала пра яго тым, хто быў у хаце, i пабегла. Сапраўды, пачулася, як ляпнулі дзверы ў сенцах, пасля паказалася i яна сама — высакаватая, у доўгай чорнай спадніцы i белай цеснаватай, асабліва на грудзях, блузцы. Паперадзе гойдалася доўгая i тоўстая чарнявая каса.
Сустракаў з усмешкаю, бачачы паўраскрыты рот з маладымі белымі зубамі, кірпаваты нос i чарнявыя густыя бровы. Не падлетак ужо, а сталая дзяўчына.
— Алеська! — падскочыла, абшчапіла шыю дужымі рукамі.
Ён, чуючы, як утрапёна тахкае сэрца, пагладзіў сястру па плечуках, як заўсёды, стараючыся не зачапіць горбік. Калі ж яна адхінулася, зірнула на яго, то маладыя сакаўныя губы яе былі ў гэтую хвіліну плаксіва скрыўленыя.