— От не дуры чалавеку галаву, таўчы цябе камары! — не выцерпеў, абарваў брата Сцяпан.— Што ты раўняешся! Ты за адно сядзеў, а ён — за другое...
— Не сяроўна?
— Не сяроўна. Ты, таўчы цябе камары, за бруднае кару адбываў, а чалавек пакутаваў за чыстае, за паліцічаскае...
— Першы раз, калі ўзялі, я някемлівы быў,— не зважаючы на братавы папрокі, пачаў расказваць пра сваё на самай справе заганнае, але для яго нібы геройскае Міхайла.— Згрэблі, патрымалі пад замком i пад вартаю, прыстрашылі, абманулі («Прызнаешся, дык даруем») — ну я i вылажыў усё, як на споведзі. Дык i засудзілі дурня. Другі раз, як сцэпалі, завялі ў стан, я ўжо стрэлены верабей быў. Давай на следстве ўрадніку плясці кашале. «Я,— кажу,— далібог, у хлеў не лез i каня не краў. Ішоў у гэтай Хатоўцы па цёмнай i вузкай вуліцы, i вось пасярод яе ляжыць, як калода, гэты конь. Не абысці, не пераступіць. Ну я, ясна, пералажу. А конь як падхопіцца, як панясе, дык я за грыву ўчапіўся i ледзь жывы застаўся. Дзякуй стражніку, што каня запыніў ды мне памог злезці, а то, можа, уходаў бы мяне той ветрагон».
«Не валяй дурака,— кажа ўраднік. Стары, лысы, бровы калматыя, вочы ад гарэлкі чырвоныя.— Па вачах бачу: не дурань. Дык от i не дуры. Гавары праўду, а то так павяду следства, такія паперы напішу, што будзеш вінаваты i за тое, што не вінаваты!»
«Паночак,— не здаюся,— каб гэта я хоць калі, хоць каму, што i як, знарок ці не, малавеля, якое, сякое, такое падумаў, сказаў ці зрабіў, дык яшчэ яно ведама было б, як скуль, калі i да чаго. Але, паночку, каб я ні тых, ні сіх не аглядаў, ніхто, нішто, ніяк, ніколі, нікаму, нічога, ніякага! А ён, гаспадар гэтага каня, ды стражнік заадно з ім, мне праз нішто, праз ніякае вунь што!.. I за што, паночку, усё тое?..»
«Цыц! — як грукне па стале кулаком ураднік, аж вочы наліліся крывёю, як у бугая.— У мяне гэта не прайдзёт. Я не дазволю, каб мяне вакол пальца абводзілі, сёмую запаведзь парушалі i нават не чырванелі!»
«Гэта ўжо на чырвоненькую, на дзесятку, замахваецца,— падумаў я сам сабе,— Але не, папробую збіць на беленькую. Я,— кажу,— які там чырвоны, паночак. Мусіць, белы як палатно».
Той раптам пачаў нешта пісаць. Ды так хутка, што нібы касу адбівае.
«Пане следчы,— перапужаўся ўжо я.— Не пішэце. Я пачынаю ўжо зелянець»,— гэта значыць, намякаю ўжо на траячку.
«Не будзеш ты ў мяне ні белы, ні зялёны,—не падымаючы галавы, адказвае той. Пачырванееш, як бурак».
«Я, паночку, ужо сінею»,— злякаўся я, намацваючы ў кішэні пяцёрку.
«Не, будзеш толькі чырвоны, шальмец!»
Што ж, няма чаго рабіць. Кладу на стол дзесятку. Той не пазірае на мяне, грабе грошы сваёй лапаю, а потым кліча стражніка.
«Турыце яго прэч, каб мае вочы не бачылі,— кажа яму.— Ловяць, ды не тых. Не могуць злодзея ад парадачнага чалавека атлічыць!»
Але ад суда я так i не выкруціўся. Падаў той гаспадар скаргу — i клічуць мяне ў павет, у Ашмяны, на суд.
«Я чуў: на следстве ты прыкідваўся дурнем,— кажа мне адвакат,—I, кажуць, як арціст быў. Дык вось i цяпер, як запытае што-небудзь міравы, ты i кажы: «Ну дык што?», як другі раз запытае: — «А яшчэ што?»
Суддзя i праўда запытаў: ты такі i такі?
«Ну, дык што ж?»
«Вы ўкралі ў такога-та каня?»
«Ну, а яшчэ што?»
«Дурань, адказвай, калі ў цябе пытаюць!»
«Ну, дык што?»
Палічылі, што я ёлуп цара нябеснага, i адпусцілі. Адвакат клыпае ўслед.
«Ну, бачыш, мужык, як я табе добра памог?» — пытае.
«Ну, дык што?» — кажу яму здзекуючыся.
«Трэба пазалаціць руку»,— ухмыляецца.
«А яшчэ што?» — я за сваё.
«Заплаці за навуку».
«Ну, дык што ж?»
Плюнуў адвакат ды пайшоў. А я, усміхаючыся, жывы i здаровы падаўся дадому. Ого,— хітнуў галавою Міхайла,— трэба вялікую навуку ведаць, каб па судах i цюрмах цягацца i сухім з вады выйсцi альбо...
— Ды годзе! — махнуў рукой Сцяпан.— Дай разумнага чалавека, таўчы цябе камары, паслухаць.— Павярнуўся да Алеся.— Дык гэта ж вы, Алеська, раней часу выйшлі на волю?
— Шлёмаў хлопец ды твой Пятрусь выпусцілі...— апярэдзіў яго, пахваліўся, хітра ўсміхаючыся, бацька.
— Як — Шлёмаў хлопец i мой Пятрусь? — здзівіўся Сцяпан.
— Ваш Пятрусь i Фоля — цяпер рэвалюцыянеры, у міліцыі,— стаў тлумачыць Алесь.— Дык вось гэтая міліцыя i выпусціла нас.
— Дык ты ix бачыў? Фолю i нашага бэйбуса?
— Бачыў i гаварыў. Баявыя, хвацкія міліцыянеры.
— У сабацую службу пайшоў! — скрывіўся Пятро, пазіраючы на Сцяпана i маючы на ўвазе яго сына.