— Не, дзядзька,— заступіўся за Петруся i не толькі за яго Алесь.— Міліцыя — зусім не тое, што старая паліцыя. У ёй новыя людзі, з салдатаў i рабочых.
— Я не ведаю, што там за міліцыя, а вот паліцыя...— сказаў Пятро, штурхнуў локцем Міхайлу.— Вот ён спрытна тут кашале плёў, хваліўся, што герой быў, але па-настаясцаму ўсё ж было не так. Не надта давалі яны гаварыць. Ледзь што не так— білі-лупілі, як ката. Як садане — дык толькі вочы на лоб...
— Пачакай, Пятро,— перапыніў яго Сцяпан.— Пра тое ўсе мы ведаем. Па пяць альбо i па дзесяць разоў ужо чулі. Дай паслухаць, таўчы цябе камары, навіны. Скажыце, Алеська,— зноў павярнуўся да яго,— цар вернецца ці не? Разгоніць, паб'е рэвалюцыянераў ці яны ўтрымаюцца, пачнуць ужо лейцаваць?
— Цяжка сказаць, бо цяжка ўсё прадбачыць,— адказаў Алесь.— Пакуль што ў Петраградзе, як вы ўжо, можа, i чулі, аж некалькі ўлад. I ўсе яны гавораць: лёс Расіі вырашыць Устаноўчы сход, які павінен быць у канцы гэтага альбо ў пачатку таго года...
— А чаму не адразу ўсё сказаць?! — здзівіўся Сцяпан.
— Нават ты, паліцік, не разбярэс! — пакпіў Пятро.
— Тату я ўжо казаў: пакуль што новы ўрад нi пра вайну, ні пра зямлю яшчэ нават не абмовіўся,— дадаў да сваіх навін, пра якія ў Янкавінах амаль нічога не ведалі, Алесь.
— Якія ж гэта перамены без перамен?! — махнуў рукою Міхайла.
Сцяпан пахітаў галавою: чаму маўчаць пра ўсіхны боль?!
— Дык які толк, што цара сапхнулі? — абурыўся Пятро.— Каб самім сесцы нам на шыю, піць з нас астатнія сокі?
— Можа, хутка i нешта новае пачуем...— сказаў Алесь.— Пакуль што ўлады перамаўляюцца, шукаюць згоды i выйсця з тупіка...
— Я, людзі, лічыў i лічу: улады — гады! А кожны гад мае свой яд...— падаў голас маўклівы, не ў прыклад сваёй гарачай радні, Юзік Чорны.— Аднаго балота чэрці...
— Праўду ты кажаш,— падтрымаў яго стары Нямкевіч.— Я тэж казаў ужо не раз i яшчэ скажу: каб не наша мужыцкая цярплівасць, разважнасць i прада, дык па панскай мудрасці, па іхніх файных словах даўно свет прапаў бы...
— О то-то ест,— захітаў галавою ў знак згоды з мудрым суседам Пётрык Гарбацэвіч.
— Цяпер якраз пра волю, роўнасць i братэрства гавораць,— усміхнуўся Алесь.
— Не было гэтага, пане Алесю, i ніколі не будзе,— махнуў рукою скрыўлены ад хваробы Гарбацэвіч.— Гавэнды гавэндамі, перамены пераменамі, а мы, просты люд, як былі простыя, дык i будзем простыя. Дык увесь наш паратунак, уся наша ўцеха ў рабоце. Любі зямлю, рабі,— дык i жыць будзеш, ні на што не зважаючы.
— Добра табе так мудрагеліць, калі ты багатыр,— перабіў яго Міхайла,— Ты наймітаў шукаеш, каб абрабіць свае аблогі, а мы дзесяціну-другую ніяк яшчэ не набудзем, ніяк на ногі не станем. Дык табе, можа, i малы інтарэс да перамен. А нам — велькі. Бо мы хоць якой, ды чакаем палёгкі...
— Найперш сам агінайся, а не на чужую ласку спадзявайся.
— От! — махнуў рукою Міхайла.— Табе толькі абы не страціць тое, што маеш...
— Ну, а вы, Алеська, што цяпер будзеце рабіць? — запытаў Сцяпан у Алеся пра тое, пра што не пыталі ў яго бацькі, пра што ён i сам не загаворваў.— Можа, вернуць вас у якую школу?
— Відаць, паеду ў Мінск,— адказаў Алесь, не ведаючы, што падумае, скажа на гэта бацька.— Я ўступіў у беларускую партыю, дык будзем з новай сілай Беларусі дабівацца.
— He адцураліся ад свайго? — усміхнуўся Сцяпан.
— З турмы, дзядзька Сцяпан, можна выйсці альбо зламаным, альбо загартаваным...— усміхнуўся i ён, бачачы, што сёння бацька спакойна, як належнае, слухае пра яго намеры.
6.
— Ну, дык хадзем зірнём на новую прысягу,— пацягнуў Алеся бацька.— Годзе табе сляпіць вочы над кнігамі i паперамі.
Алесь паклаў ручку (ён вёў далей слоўнікі, складаць якія пачаў яшчэ да турмы), паслухаў бацьку, апрануўся i падаўся з хаты, якую ўвесь тыдзень пакідаў рэдка.
На дварэ было светла, цёпла i сыра — пачыналася вялікая вада. Ужо не толькі на страхах ды прызбах, але i на пагорках пачаў знікаць снег; у полі, на гародчыках пры зацішках шарэліся пляміны вызваленай зямлі, а на вуліцы-дарозе стаялі вялікія зеленаватыя лужыны, агаляючы стары асенні лёд. На вярхоўі старых высокіх дрэў уздоўж вуліцы сядзелі плоймаю чорныя, з металічным бляскам гракі i гарланілі на ўсю вуліцу.
Нямкевічы ўсёй сям'ёю, апроч маці, пайшлі да школы, з-пад якой даносілася мелодыя ваеннага марша, надаючы глухаватым i змрачнаватым падчас адлігі, акружаным з усіх бакоў лесам Янкавінам урачыстасць, нават незвычайную пампезнасць.
Падыходзячы да былога школьнага плота (школу, як пачалася вайна, зачынілі), яны ўбачылі: доўгі чатырохкутні плот абляпілі янкавінцы — старыя, маладыя i дзеці. Калі ткнуліся за сям'ёю Стася Нямкевіча, дык Алесь, прыўзняўшыся, убачыў на шырокім школьным пляцы тры калоны роўненька — мусіць, па-ротна — выстраеных салдат у шэрых шынялях, а на стрэшцы вялікага, з чатырма круглымі калонамі, ганка высіўся ярка-чырвоны сцяг; яшчэ адзін сцяг,— можа, батальённы,— быў пад аховаю двух салдат i на ганку, a ніжэй яго стаялі малады высокі, прыгожы, як убачыў i адгэтуль Алесь, камандзір батальёна, Сухарукаў (ён стаіць на кватэры Сяргеенкі i гуляе з Кацярынаю), каля яго тоўпяцца на ніжніх лесвіцах ганка афіцэры i унтэрафіцэры, а на расчышчаным ад снегу доле стаіць купкаю янкавінская «знаць»: азызлы Сяргеенка, высозны і, здаецца, па-ранейшаму хлёсткі айцец Феадор, таптун Лядзяш у звыклай, толькі ўжо зношанай афіцэрскай форме з падпалкоўніцкімі пагонамі, Гарбацэвіч, папоўскія дочкі Валя i Маша ды высакаватая Кацярына ў паліто i чорнай прыгожай шапачцы.