— Безобразие! Черт знает что! — нібы апраўдаўся той.
— Глупое упрямство, господин полковник. С вашей стороны,— прамовіў Пернікаў.— Если вы будете мешать воплощению в жизнь приказов Петроградского Совета и военного министра, то я вынужден буду отдать распоряжение задержать вас и отправить в Минск в штаб фронта с сопроводительным письмом...
Палкоўніку адабрала мову. Ён разгублена акінуў позіркам увесь батальён, а пасля крута завярнуўся, з усяе сілы стукнуў абцасамі каня пад жывот i панёсся з двара. Услед яму з салдацкага строю засмяяліся i засвісталі.
Сухарукаў закрычаў ваеннаму аркестру:
— Музыку! Марш, сволочи!
Нібы залп, грымнуў аркестр, аглушыў наваколле. З усіх блізкіх дрэў пырхнулі ўгору гракі, накрылі хмараю, лямантам вёску.
Янкавінцы былі ашаломлены ад таго, што ўбачылі i пачулі. Неўзабаве вайсковы строй парушыўся, і салдаты, i янкавінцы змяшаліся, пачалі абгаворваць гэты выпадак, што ўвачавідкі паказаў вёсцы: сапраўды, у Расіі i бунт, i нейкія перамены. Той-сёй з вяскоўцаў, Алесь у тым ліку, i паасцерагаўся: а ці не чакае бяда гэты батальён i найперш — Пернікава?
Калі Алесь пагаварыў са Сцяпанам Чорным i збіраўся ісці дадому, дык на яго дарозе нечакана паўстала Кацярына. Яе бацька, айцец Феадор, Лядзяш, як бачыў, угнуўшы галовы, адразу ж пасля ўцёкаў палкавога камандзіра, як мышы, шмыгнулі ад школы адзін за адным, а вось яна, здаецца, згубілася ў натоўпе альбо, падумаў, наўмысна ўцякла, схавалася. Аж не, падпільноўвала яго.
Напраўду, не зважаючы на прыкметную папаўнеласць, папрыгажэла. Паўната надала вабнасць постаці, вялікія блакітнаватыя вочы яшчэ болей заззялі прагнай пажаднасцю, падпухлыя вусны выяўлялі неўтаймоўнае, нават, можа, нахабнае жаданне, светлыя льняныя валасы пад шапачкаю былі далікатныя — карацей, яе былая халаднаватая краса яшчэ болей расцвіла. Раней ён не мог пазіраць на яе вельмі пекны твар, але цяпер спакойна вытрымаў па-ранейшаму праніклы аж да душы, пякучы, юрлівы позірк — можа, i таму, што ў свой час меў яе ў абдымках, прывык крыху, а можа, i таму, што пракляў яе ў турме за здраду. Цяпер нават чыста па-мужчынску не зайздросціў, што такое хараство належыць не яму, а некаму.
«Ох, i яблыка! Белы наліў! — аднойчы, гады тры назад, неяк мімаходзь пажартаваў пра Кацярыну іхні стараста, Дземідовіч.— Ды толькі скараспелка. Рана наліваецца — рана i псуецца...»
— Ну, здарова табе,— лагодна ўсміхнулася Кацярына, дастала з чорнай шыкоўнай муфты i падала невялікую зграбную руку.
— Здарова,— легка паціснуў яе халодныя i ў цяпле пальцы, але не пацалаваў. Наўмысна. Каб паказаць сваю стрыманасць.
Яна ж не толькі адчула жаночым сэрцам, але ўжо i ўбачыла: можа, i захаваў нейкую кроплю любові, але ў цэлым перагарэў ужо, недаступны, чужы.
— Віншую са зваротам! — прамовіла i схавала руку ў муфту.
— Дзякую,— адказаў, зірнуў убок: убачыў, што кабеты i маладыя дзяўчаты, сярод ix Кастуся ды яе сяброўкі, кідаюць на ix цікаўныя i запытальныя позіркі.
— Давай сыдзем з людскіх вачэй,— збянтэжылася i яна, гордая красуня.— Не магу, калі так пазіраюць...
Ён завагаўся: варта ці не варта праходжвацца, гаварыць пра штосьці? Хоць i клялася, што кахае, аддавалася яму, не чакала ж. Кажуць, нават без ваганняў загуляла з гэтым Сухарукавым.
— Можа, увечар сустрэнемся? — нечакана першая прапанавала тое, што, можа, i не павінна першай гаварыць кабета.
— Дзеля чаго? — ціха запытаў ён, здзіўляючыся, што такі не толькі стрыманы, але i жорсткі. Няўжо гэта з-за крыўды? — Здаецца, у нас ужо ўсё скончылася, нават па-добраму не пачаўшыся...
— Сапраўды, дзіўна, незразумела ўсё...— выхапіла руку з муфты, пацерла лоб, шчокі.— Разумееш, Саша, прыкра, горка самой... Як тут кажуць? Дзеўкай была — плакала, замуж выйшла — завыла...
Ён аж сцяўся: асцерагаўся жаночых споведзей i слёз. Тады, калі кабета табе давяраецца, цяжка разабрацца, варта ці толькі паслухаць яе, паспачуваць, ці трэба яшчэ неяк i памагчы? Але як паспрыяць? Які новы ўзяць на сябе цяжар?
— Павер, Саша, я цябе паважаю, люблю...— прамовіла.— Але я не магу быць адна... Ды яшчэ гадамі... Ну, як табе сказаць? Я не вартая цябе... Я не змагарка, не патрыётка, не працаўніца, я — баба... Нізкае, пошлае стварэнне...
Ён маўчаў, паціху крочыў да Сяла i слухаў. Яе праўда пра самую сябе была горкая яму.
— Я веру: ты сустрэнеш сціплую, добрую дзяўчыну, пакахаеш... Ca мной ты не будзеш шчаслівы... Ды я... Ды ведай,— неяк уся сціснулася, паменела, нібы ўвайшла ў сябе,— я не магу нарадзіць. Я верыла, чакала, што нараджу ад цябе... Каб нарадзіла, я, павер, была б зусім іншая... Адпаведна... Нашто я такая табе?