Выбрать главу

Зазірнула ў вочы. З плаксіваю мінаю. Ён не мог зразумець: сама перажывае за свае ўчынкі? Але чаму тады так легка ix робіць? Чаму марнуе, даводзіць да непаразумення, а то i бязглуздзіцы іхняе каханне ды так легка сыходзіцца i з іншымі? Які ўжо год запар! Тое, што не можа нарадзіць, хіба апраўданне? Верным можна быць заўсёды, абы толькі кахаў.

— Скажу табе шчыра, Кацярына,— калі замаўчала яна, загаварыў ён.— Ты заблытала мае асабістае жыццё... Калі ад'язджаў з вёскі на суд, то верыў: на гэты раз ты будзеш чакаць, а вярнуся — i мы пажэнімся...

— I чаму я такая? — захліпала.— Чаму я не ўмею чакаць, быць вернаю сяброўкаю, разам цягнуць цяжкі воз? Чаму я пустышка? Чаму іду насустрач людзям пустым i нікчэмным? Чаму мне з імі лягчэй, чым з людзьмі вернымі i сумленнымі? — Шморгнула носам. А пасля, памаўчаўшы, нечакана заключыла:—Усё ў свеце ляціць! Да прорвы! Да пагібелі!

— Чаму якраз так, Каця? — ціха запытаў.— Ці не наадварот усё? Цяпер якраз, можа, многае i абновіцца...

— Бачыш, мы па-рознаму глядзім на ўсё...— уздыхнула.

Тая ж зязюля, горка падумаў, ды не так кукуе. Прападзе яна. I, можа, па-дурному. Але цяпер ён не можа за яе змагацца, бо няможна ж год за годам дароўваць. Відаць, ёсць мяжа, за якой ужо не разумныя ахвяры i сляпое пачуццё. Лепш берагчы каханне ў душы альбо глуміць яго, чым столькі разоў паступацца сваім гонарам, выпрошваць тое, што даецца само па сабе...

Ён запаволіў крок, а пасля i павярнуў назад. Амаль каля самай Собалішынай хаты, дзе раней была яго прыватная школа, дзе яны сустракаліся па вечарах з Кацярынаю. Яна, можа, таксама ўспомніла тыя кароткія, але вельмі апантаныя, не зусім зразумелыя часіны, адчула: ён не хоча, не спрабуе аднавіць былое, таксама паслухмяна павярнулася i моўчкі закрочыла побач.

Пры маўклівай хадзе ўсталявалася нейкая прыкрая няёмкасць: хацелася многае сказаць, было што сказаць, а разам з тым i не было пра што гаварыць— мост паміж імі быў ужо разбураны.

— Я вельмі хачу, каб ты быў шчаслівы, Саша,— пасля сказала, калі падыходзілі да яе дому (у двары яе чакаў прыгажун Сухарукаў).— Ты варты шчасця, вялікай любові...

Гэта было развітанне. Сказаўшы такое, яна, можа, чакала, што ён павядзецца іначай, нават паспрабуе яшчэ раз паваяваць за яе i сваё каханне, але ён не знайшоў ужо на гэта ні сілы, ні ахвоты, толькі ціха прамовіў:

— Будзь шчаслівая i ты. Якраз ты вартая шчасця i любові...

— Дзякую, Саша,— сумна ўсміхнулася.— Даруй,— i пайшла да сваёй брамы.

Сухарукаў прыплюшчыў маленькія, падпухлыя вочы i варожа агледзеў яго. Алесь, не павітаўшыся, таксама адарыўшы суперніка-пераможцу няласкавым позіркам, мінуў Сяргеенкаў вялізны дом, адчуваючы, што траціць не толькі Кацярыну, якую кахае гэтулькі ўжо гадоў, але i штосьці вельмі дарагое i святое ў сваёй душы —сёння ён развітваўся не толькі з ёю i сваёй доўгай вернасцю да яе, але сёння разам з гэтым развітаннем ён пакінуў за сабою маладосць, можа, i сваю мару пра сям'ю i ціхае сямейнае шчасце, ступіў на іншую, невядомую яму, сцяжыну. Можа, усё было ці будзе іначай, хто загадзя нешта можа ўведаць, але цяпер крочыў паныла, угнуўшы галаву. Не вясёлы набытак — пацярпець паражэнне ў асабістым жыцці. Не ўбачыў, што насустрач ідзе чалавек. Ужо зусім блізка пачуў толькі ветлівы дзявочы галасок:

— Дзяньдобры!

Схамянуўся, рэзка падняў галаву, не то збянтэжана, не то сарамліва ўсміхнуўся: віталася з ім Волька Чорная, Сцяпанава дачка. Глядзі ты, не худое, нязграбнае дзяўчо-падлетак, якім было да яго суда i арышту, a ўжо стройная, вылюднелая паненка-цыганачка. Не скажаш, што красуня (не зусім спрытны яе прыплюснуты да верхняй губы нос), але i валёначкі, i кароценькі чырвоны, шчодра нацёрты цэглаю кажушок, яркая квяцістая хустка добра падкрэсліваюць зграбнасць яе постаці i ўжо не зялёную, а паспелую маладосць.

— Добры дзень,— схіліў галаву. Не смяльчак, не ўрвіцель, але іншым разам, можа, прытрымаў бы, сказаў бы які-небудзь камплімент чарняўцы, але цяпер не мог саўладаць з сабою, дык i мінуў яе не затрымаўшы. Толькі міжволі падумаў: усё ж прыгожыя i ладныя ў Янкавінах дзяўчаты, няма ніякай патрэбы жаночую красу шукаць за гарамі ды за морам. А заадно па-мужчынску пашкадаваў, пазайздросціў: пэўна ж, нехта тутэйшы альбо са спрытнюг-салдатаў агледзеў ужо i гэтую Вольку, квапіцца, дабіваецца яе ўзаемнасці i, можа, даб'ецца, будзе цешыцца дзявочаю маладосцю...

7.

У пятніцу, перад благавешчаннем, Алесь які ўжо раз за сваё жыццё зноў пакінуў родны дом.