Выбрать главу

— Знаёмцеся,— Лашковіч павярнуўся да русявага, як i ён, задумлівага хлопца, назваў Алеся.— А гэта, Дзед, твой цёзка, Алесь Нядоля. Мой таварыш па партыі i па Сібіры, паэт.

Алесь Нядоля, падымаючыся i падаючы руку, сарамліва ўсміхнуўся. Можа, i ад таго, што яго гэтак пахвалілі. Хоць, як здавалася Алесю, вершы, надрукаваныя ў свой час у «Нашай ніве» пад подпісам Алеся Нядолі, былі добрыя.

Потым, калі ўжо да стала падсеў i Алесь, гэты Нядоля маўчаў, Муха i Алесь калі-нікалі ўстаўлялі адно-два словы, найчасцей які-небудзь жарт, а верхаводзіў Лашковіч — расказваў штосьці з сібірскага, парадзіраваў новае петраградскае i мінскае, кпіў, сыпаў анекдоты. Пасля, калі Нядоля пайшоў i Антаніна паслала Алесю ды Лашковічу на канапе i яны ляжалі ў цемнаце i ў цяпле, сябрук-сібірак суцішыўся — нібы стаміўся, нібы не мог гарэзаваць з Алесем. Ёсць людзі, з якімі добра весці лёгкую, вясёлую размову, i ёсць тыя, з якімі кепікі, пацешкі не ўдаюцца. Хоць Алесь не быў нудзюн, наадварот, любіў гумар, але не з усімі i не ва ўсіх размовах мог гарэзаваць альбо нават «гуляць».

— Ну што, Алесь, чуваць у нашым баку? — апусціўшы пад канапу акуляры i заклаўшы рукі пад галаву, пацікавіўся Лашковіч.— Я ж толькі другі дзень у Мінску.

— Нічога добрага, Максім, не чуваць,— адказаў Алесь, адкочваючыся да сцяны.— Люд знямогся ад вайны i салдатні.

— Душа рвецца ў Мікалаеўшчыну...— уздыхнуў Лашковіч.— Там жа, як помніш, маці. Адна як перст, без хаты i зямлі.

Алесь крыху ведаў Лашковічавы сямейныя сакрэты. Праўда, калі вучыліся ў семінарыі, той сачыніў пра сябе гісторыю — ён, маўляў, сын афіцэра, героя Крымскай вайны. Як i кожны, не мог хваліцца беднасцю ды прызнацца, што ён, да слова, байстручаня. Але пасля, калі ўжо настаўнічалі i аднойчы сустрэліся, пасядзелі ў рэстаране, дык нібы паспавядаўся. Мабыць, прыходзіць хвіліна, калі патрэшся ў жыцці, штосьці пазнаеш, дык тады ўжо нельга не расказаць хоць каму, нават i незычліўцу, пра свой цяжкі лёс.

— Калі знайду работу, які куток, адразу ж забяру маці да сябе,— сказаў Лашковіч.— Хопіць ёй па чужых людзях туляцца, дзецям азадкі падціраць ды пазіраць на чужыя міскі... Хай хоць перад смерцю адчуе сябе чалавекам, гаспадыняй, адпачне, убачыць, што ёсць сын — яе апора... Выпадковы, нежаданы, няўдалы, але сын...— Уздыхнуў.— Ну, а твае ўсе жывыя-здаровыя?

— Жывыя,— адказаў Алесь.— Але не скажаш, што ўсе шчаслівыя... Ну, а я, бачыш, з табой у Мухі ляжу...

— Здзівіў мяне наш Муха. Які раптам стаў «шчыры», «свядомы»! Ці сапраўды падабрэў душою, ці... Не разбяруся... А Сымон ні кроплі не змяніўся. Пыхкі, як порах, i наіўны, як дзіця...

— Ну, а ты, Максім, як гэтыя гады жыў?

— Я, як кажуць, ліцазрэл сібірскую Расею-матухну, дзяйсцвіцельнасць,— уздыхнуў Лашковіч, наўмысна перасыпаючы сваю мову казённымі словамі.— Знавалi закасцянелых чыноўнікаў, дэспатаў, хапуг, i турэмных душыцеляў, i хцівых купцоў, i просты сярмяжны люд, i летуценнікаў, валацуг, біндзюжнікаў, цынікаў, забойцаў, зладзеяў, i рэвалюцыянераў розных масцей... Бачыў, брат, i паэзію, узнёсласць, i дно, i бруд ды нікчэмнасць... Прайшоў па ўсіх кругах дантавага пекла... Сам не ведаю, як не паў. Не толькі ўтрымаўся, але падвучыў нямецкую ды англійскую мову, авалодаў рускай i польскай, склаў граматыку беларускай...

— А я, лічы, патраціў гэтыя гады марна.

— Ну, не прыбядняйся, Дзед,— не даў яму самазневажацца Лашковіч.— Як сказалі хлопцы, i сам быў малайчына, i ў іншых дух падымаў, i патрэбныя слоўнікі складаў. Гэта — не марнатраўства, a духоўнае інтэлігенцкае жыццё... Іншыя не толькі не варухнулі пальцам, але нават i не думалі пра гэта. Некаторыя i выракліся роднага, i з усіх сіл, з імпэтам тапталі сваё дзеля кар'еры. Усселіся народу на карак i смокчуць з яго кроў, як п'яўкі. Усе іхнія думкі толькі пра свой жывот, усе інтарэсы — найперш страўнікавыя... Мусіць, нідзе няма столькі гэткіх інтэлігентаў-пустацветаў, вырадкаў, як у нас.

— Ты па-ранейшаму з эсэрамі? — запытаў Алесь.

— Не ведаю, Дзед...— прамовіў той. Замаўчаў, падумаў ці, можа, шукаў патрэбныя словы.— Як у свой час пацягнула да ix, так цяпер адварочвае. I не толькі ад эсэраў...

— Што — так? — здзівіўся Алесь.