Выбрать главу

Аднапакаёвая доктарава кватэра была адначасова і спальняю, і залаю, і чымсьці накшталт майстэрні, як у сталяра ўнізе. Джутавая шторка падзяляла яе на дзве часткі. Два старыя прамятыя крэслы, стол, кнігі, лямпа.

— Але... я не ведаю...

— Слухайце, Жуль...

Калі ён пазнаў яе праз шкло, то загаварыў з кімсьці, яна ж чула. Значыць, за штораю нехта быў. А калі жанчына? Што ж, тым горш для яе, Жэрмэн. І якая розніца, надаваў ёй смеласці мандарынавы лікёр ці што іншае...

Яна ступіла тры крокі. Болей не трэба было. Падняла штору.

За ёю стаяў Марсэль. Ён глядзеў на яе так спалохана, што яна ледзь не зарагатала ад слёз, і толькі адно і сказала:

— Ідыёт!..

І вось яна ўжо і плакала і смяялася. Не асмельвалася дакрануцца да яго, бо быў вельмі бледны і грудзі былі шчыльна перавязаны — ён прыкметна раздаўся.

— Думаеш, хітры?..

— Дарагая...

— Ідыёт...

— Слухай, дарагая... Клянуся табе...

— Але спачатку ты адразу ж вернешся дамоў...

— Ён не дасць...

— Хто?

— Жуль...

Доктар выйшаў, каб не замінаць ім, на лесвічную пляцоўку — там яму, мусіць, холадна было ў адной кашулі.

— Кляніся, што... — пачала яна.

— Не трэба... я і так...

— Чаму раптам?

— Сама разумееш...

— Прызнайся, што было страшна...

Ён адвярнуўся ад выбеленай сцяны.

— Было...

— Прасі ў мяне прабачэння...

— Даруй...

— Скажы, што ніколі больш не будзеш гэтага рабіць і што я буду хадзіць з табою на ўсе матчы па боксе...

— Згодзен...

— А калі я яшчэ раз знайду ў тваёй кішэні бясхвостага парсючка...

І толькі тады яны загаварылі сур'ёзна.

Раманіст

Лекцыя, прачытаная ў Французскім інстытуце ў Ню-Ёрку 20 лістапада 1945 года

Шаноўныя панове!

Мяркую, што расчарую вас, прынамсі, у двух пунктах. Па першым вы ўжо гэта адчулі. Вы зразумелі: я належу да сама нуднай і страшнай пароды дакладчыкаў, што сядзяць перад шклянкай вады і моцненька звязаны пупавінаю са стосам аркушаў, якія яны перагортваюць з халоднай бязлітаснасцю машыны. Зрэшты, што я кажу? Прызнаюся вам, ніякі я не дакладчык. У мяне так мала вопыту ўдзелу ў падобнага кшталту ўрачыстасцях, што з простасці душэўнай я спачатку вырашыў выйсці да вас з пустымі рукамі. Мне ўяўлялася, як я хаджу па эстрадзе, часам спыняюся, каб падкрэсліць якую-небудзь дасціпную думку, уражваю вас красамоўствам і, не буду залішне сціплы, натхненнем.

Так было прыкладна месяц назад, калі я тэлеграфаваў П'еру Бэдару, што прымаю вельмі прыемнае мне запрашэнне. Я жыў у Канадзе ў зрубе на беразе возера. Там мне ўсё здавалася простым. Але ў цягніку, па дарозе ў Ню-Ёрк, упэўненасць пачала пакідаць мяне, і я падумаў: а ці не падрыхтаваць мне якія-небудзь нататкі? Гэта ж таксама ўражвае, і нямала: у чалавека ў руцэ лісточкі паперы, на якія ён час ад часу кідае кароткі позірк. Але ішлі дні, а галоўнае, ночы, і гэтыя лісточкі ператварыліся паціху ў кашмар. А раптам я іх усе пераблытаю? Ці мо забуду ў хваляванні сэнс якога-небудзь запісу і спатыкнуся?

Кашмар ператварыўся ў страх, у той каламутны страх, што знаёмы кожнаму артысту, і таму, панове, у апошнюю хвіліну я скарыўся з тым, што мне прыйдзецца паўстаць перад вамі гэтакім раманістам-лектарам, чалавекам, які перагортвае аркуш за аркушам, тым часам як слухачы позіркам ацэньваюць таўшчыню стоса і ў думках прыкідваюць, калі ж скончыцца гэтая кара.

Другое расчараванне: вам паабяцалі — і ў гэтым вінаваты толькі я — гутарку аб рамане і раманісце, дакладна не ведаю. Усё таму, што неабходная была назва. Бо я падумаў: раманіст, натуральна, мусіць гаварыць аб рамане. Я быў перакананы, што гэта будзе проста. Аднак я зразумеў, што зусім няздатны распавесці вам што-небудзь дужа слушнае аб рамане. І калі дазволіце, паспрабую вызначыць прычыну: каб вы не надта сердавалі на мяне з-за гэтай другой здрады.

Бачыце, раманіст зусім неабавязкова разумны чалавек. Вядома, такія існуюць. Мне зусім не хочацца настройваць супраць сябе маіх калег, надзеленых гэтай выдатнай вартасцю. Але ёсць і такія, што пазбаўлены яе. І гэта зусім не парадокс. Існуе, паводле майго вызначэння, «чысты» раманіст, чалавек, які выстройвае раманы, як іншыя лепяць з каменя ці пішуць карціны, раманіст, які свядома, а найчасцей несвядома збірае наўкол чалавечыя дакументы, назапашвае іх у сабе, пакуль не пачынае ад іх задыхацца і адчуваць настойлівую патрэбу выказаць нарэшце свае пачуцці, зашмат моцныя для аднаго-адзінага чалавека. Навошта ж патрабаваць ад яго, каб ён быў разумны? Як мне здаецца, аналітычны розум у яго дужа часта — недахоп. Я маю на ўвазе свядомы, сістэматычны аналіз.