Выбрать главу

Дык чаму ж усё-такі казаў я, што хачу стаць менавіта святаром ці афіцэрам?

Я бачыў, як кюрэ нашага прыхода нетаропка гуляе ў садзе свайго дома, пачытваючы малітоўнік. Бачыў афіцэраў, якія ў любы час раз'язджалі вярхом ці прагульваліся па горадзе. І ў іх, і ў святароў быў вольны час, які яны спакойна і прыемна бавілі. Іхняя прафесія, нават адмысловае адзенне надавалі ім нейкую вартасць, якая злівалася ў маім уяўленні з роляю пісьменніка. І нарэшце я меў адно яшчэ больш наіўнае меркаванне: у іх былі чыстыя рукі; ні тым, ні другім не даводзілася займацца цяжкаю працаю, ад якой рукі грубеюць і пакрываюцца мазалямі.

Ішлі школьныя гады. Як многія, я пісаў благія вершы. Як многія, у трэцім класе я арганізаваў часопіс, які выходзіў у некалькіх экземплярах; былі выпушчаны ўсяго два нумары, але гэтага хапіла, каб мяне ледзь не выкінулі з калежа. Няварта дадаваць, што часопіс быў страшэнна непачцівы да настаўнікаў. Я прыводжу гэтыя малацікавыя драбніцы толькі таму, што, як і ўсе, чытаў біяграфіі пісьменнікаў, якія былі да мяне, і згадваю толькі адно выключэнне з агульнага правіла: усе пісьменнікі ў пэўны момант адчувалі патрэбу выдаваць школьны часопіс і закранаць у ім сваіх настаўнікаў. Усе яны ледзь не вылецелі са школы, а нехта, думаю, і сапраўды быў выключаны.

Я не сцвярджаю, што гэта ўмова sine qua non*, абавязковая прыкмета прызвання, і не хацеў бы бянтэжыць кандыдатаў у раманісты, якія ў школьныя гады не выдавалі часопісаў.

* Абавязковая (лац.).

І ўсё ж я пытаюся ў сябе: а ці не было гэта сімптомам? Ці не выяўлялася тут патрэба аднаўляць на свой лад людзей, якіх бачыш побач? Бо ў часопісах падобнага кшталту амаль ніколі не знаходзіш выкладу якіх-небудзь ідэй. У некаторых, праўда, вучні ставяць і абмяркоўваюць палітычныя і філасофскія пытанні. Але гэтыя не стануць раманістамі. Як мне здаецца, будучага раманіста характарызуе патрэба ператвараць жывых людзей ці, калі вам даспадобы больш прэтэнцыёзнае вызначэнне, замешваць чалавечае цеста. Рэдка ён таксама вылучаецца і прыкладнымі паводзінамі. Хіба не трэба ўбіраць у сябе жыццё ўсімі порамі, каб перастварыць яго? Хіба не трэба як мага болей кантактаваць з людзьмі, каб нанова стварыць іх? Адсюль жудасны голад, жудасная прага жыцця ва ўсіх ягоных праявах, патрэба пагружацца ў чалавечае, пакуль не аб'ясіся ім да агіды.

У семнаццаць, вымушаны зарабляць сабе на жыццё, я стаў рэпарцёрам. Чаму? Не ведаю. Ніколі раней я не чытаў газет. Не меў аніякага ўяўлення аб палітыцы. Наўрад ці мог сказаць, якія партыі супернічаюць у нашым маленькім горадзе. І, аднак, у дзень, калі мне прыйшлося шукаць працу, я зусім натуральна, можна нават сказаць, непазбежна зайшоў у змрочны калідор рэдакцыі аднае газеты і пастукаўся ў кабінет да галоўнага радактара. А колькі маладых людзей да мяне рабілі тое ж самае — з такім жа няведаннем, але несвядома падпарадкоўваючыся таму ж інстынкту?

Я не знаходжу іншага слова, іншага тлумачэння. Тут, у гэтым цяжкім паху свінца і друкарскай фарбы, кандэнсавалася ўсё жыццё горада. Тут была процьма чалавечага цеста, і яно замешвалася на поўных абаротах. Бо гэтая машына заглытвала ўсё жыццёвае, чалавечае: пяцьдзесят тысяч чалавек, якія шалелі на баксёрскім матчы ці палітычным мітынгу; аўтамабільная ці трамвайная катастрофа, якая паламала жыццё многім людзям; крывавая драма, якая ўсхвалявала многія сем'і; валацуга, злодзей, пануры хуліган, наркаман у пошуках порцыі атруты; палітык, які вымольвае галасы, ці паважны абываталь, які дамагаецца ордэна або прэзідэнцтва ў якім-небудзь таварыстве, у чымсьці такім, што дазволіць яму вырвацца з кола пасрэднасці...

Які цуд для хлопчыка акунуцца ва ўсё гэта! Усе дзверы раптам расчыняюцца перад табою. Муры страчваюць сваю непранікальнасць. Ты зведваеш чалавечыя таямніцы. З нататнікам у руцэ нясешся да яшчэ не астылага трупа, гонішся за паліцэйскай машынаю, сустракаешся ў калідорах Палаца правасуддзя са злачынцам у кайданках, змешваешся з забастоўшчыкамі, з беспрацоўнымі, дый ці ж мала чаго яшчэ?..

Яшчэ некалькі хвілін назад я быў усяго толькі нікому не вядомы вучань. Але пасля таго, як я ўвайшоў у кабінет і нясмела пагаварыў з барадатым панам, у якога пад пазногцямі жалоба, гэтым прарокам сярэдняга чытача нашага горада, я мог лічыць, што мне належыць увесь свет.

Думаю, што, калі б сёння я апынуўся на месцы гэтага барадатага рэдактара і да мяне ў кабінет увайшоў семнаццацігадовы кандыдат у рэпарцёры, які дрыжаў бы ад хвалявання, я яму ласкава сказаў бы:

«Мой юны дружа, я бяру вас. Бяру, хоць загадзя ведаю, што ў вас на стале часцей будуць ляжаць старонкі рамана, чым гарадская кроніка. Верагодна, вы нават самі гэтага яшчэ не ведаеце, затое ведаю я, бо існуюць практычна непахісныя правілы, згодна з якімі вы прыйшлі сюды, каб адгадаваць зубы і кіпцюры і вывучыцца — але не прафесіі журналіста, да якой вам справы няма, а прафесіі чалавека і раманіста. І я прашу вас, малады чалавек, толькі адно: не выбірайце мяне першай ахвяраю вашых літаратурных практыкаванняў».