Выбрать главу

Дык вось, таго дня я зразумеў, што з прыдуманымі народнымі раманамі скончана. Гледзячы на сваё вартае жалю адлюстраванне, я адчуў, што збочыў за новы мыс, можа, сама небяспечны з усіх, што назаўжды развітаўся з мараю дзеля рэальнасці, з юнацкай наіўнасцю дзеля трывог і страхаў дарослага мужчыны. Гэты першы мой трапічны шлем стаў па сутнасці маім пашпартам, пропускам у сапраўднае жыццё. І калі б люстэркі мелі памяць, калі б іх кожны тыдзень не мылі, гэтае магло б вярнуць мне аблічча маладога чалавека, які да таго гуляў са светам, а цяпер нарэшце ўступаў у яго.

Выгляд у мяне быў досыць напалоханы. Я спрабаваў усміхнуцца, і ўсмешка мая павінна была перадаваць упэўненасць, але вусны крывіліся ад боязі заплакаць, ад чалавечага страху перад рэальнасцю. Згадайце, што так проста і з такім прадбачаннем казала мне Калет:

— Галоўнае, ніякай літаратуры!

Ну што ж! Цесныя кантакты з людзьмі, падарожжы, нават сама мая прафесія расказчыка гісторый, якую я пачаў асвойваць, напаўнялі мяне палкім жаданнем памерацца нарэшце не з надуманымі драмамі, а з рэальнасцю; тады я яшчэ не смеў казаць — з Жыццём.

Зміранасць прыйшла з узростам. Мне было амаль трыццаць, і Жыццё ўяўлялася мне гэтакай свецкай паненкаю, да якой я не смеў падступіцца з налёту. Вось чаму я прыйшоў аднойчы да Феяра, выдаўца большасці маіх народных раманаў, і сказаў:

— Я вырашыў узняць планку.

— Як вас зразумець?

— Хачу пасля народных раманаў паспрабаваць раман паўлітаратурны.

Гэты тэрмін развесяліў яго, але ў той самы час і збянтэжыў:

— Што вы маеце на ўвазе пад «паўлітаратураю»?

Блытаючыся, я паспрабаваў растлумачыць:

— Існуе дзесяць, а то і дваццаць відаў літаратуры. Яны ўсё роўна як розныя аддзелы ўнівермага. Інакш кажучы, існуюць толькі з маўклівай дамовы паміж прадаўцом і пакупніком. У кожнай з гэтых катэгорый свае правілы, і парушаць іх забаронена з прычын камерцыйнай прыстойнасці. Над усім гэтым узвышаецца «чысты» раман, твор мастацтва, які арыентуецца толькі на сябе самога і не падпарадкоўваецца аніякім выдавецкім правілам. Пакуль я яшчэ не адчуваю сябе досыць сталым, каб падступіцца да яго. Раман, сапраўдны раман нельга напісаць да сарака гадоў: ён вымагае сталасці, а раней за сорак яе не дасягнуць. Аднак я лічу сябе здатным адысці ад некаторых шаблонаў і ствараць герояў, амаль падобных да жывых людзей, пры ўмове, што буду карыстацца апораю, каркасам, буду абапірацца на павадыра, а такім з'яўляецца дэтэктыў. І ад гэтай пары мне хацелася б пісаць вам па дэтэктыве ў месяц.

— Чаму па адным у месяц?

— Бо паводле маіх разлікаў гэтага вымагае мой бюджэт.

— А хто мне гарантуе, што вы зможаце вытрымаць такі тэмп?

— Вось вам шэсць раманаў, напісаных за тры месяцы.

Феяр прачытаў іх і праз тыдзень сказаў:

— Я іх выдаю. — Аднак адразу ж дадаў: — Толькі мы ідзём да катастрофы.

— Чаму?

— Таму што, па-першае, вашы дэтэктывы — ніякія не дэтэктывы. Яны не навуковыя. Вы не выконваеце правілаў гульні.

— Далей?

— Па-другое, у іх няма кахання, хоць бы ў той меры, у якой яно дапускаецца ў дэтэктывах.

— Што яшчэ?

— Па-трэцяе, у іх няма персанажаў відавочна сімпатычных і відавочна антыпатычных. Вашыя раманы канчаюцца ні добра, ні дрэнна. Гэта катастрафічна.

Усё гэта праўда. У свеце не знойдзеш дэтэктываў, зробленых горш за мае. І ўсё-такі Феяр іх выдаў, дагэтуль не разумею чаму. Напэўна, усё з тае ж прычыны: кіруючыся спачуваннем, якое ўратавала мяне ад выгнання з калежа, а пазней ад звальнення з газеты, дзе я працаваў рэпарцёрам. Разумееце, гэтыя раманы былі даволі нізкай якасці. Яны ўяўлялі сабою этап. У багатых на ўмоўнасці рамках я спрабаваў прымусіць людзей жыць.

Вынік быў вельмі сціплы. І я прызнаюся вам у гэтым без падманнай сціпласці. Я тады ўсё яшчэ быў на ўзроўні гам. Іграў, як піяніст, гамы. І ўсё ж то тут то там мог паспрабаваць перастварыць атмасферу, характар.

Я напісаў Феяру за вызначаны дамовамі тэрмін ці то васемнаццаць, ці то дваццаць дэтэктываў. Яны былі перакладзеныя амаль на ўсе мовы, у тым ліку ідзіш, эсперанта і японскую. І, аднак, роўна праз паўтара гады пасля падпісання нашай дамовы я прыйшоў да Феяра, які так ніколі і не змог зразумець майго рашэння, і аб'явіў:

— З дэтэктывамі канчаю. Хопіць з мяне Мэгрэ.

Думаю, ён палічыў мяне вар'ятам і ўжо ва ўсякім разе параноікам. Добры камерсант, ён ніяк не мог уцяміць, як можна рэзаць курыцу, што нясе залатыя яйкі. Але пасля ўсяго, што я вам ужо распавёў, пасля ўсіх маіх шчырых прызнанняў, вы, спадзяюся, разумееце мяне. Я адчуваў, верыў, што цяпер я досыць моцны, каб адмовіцца ад усіх шаблонаў, каб адкінуць мыліцы, на якія абапіраўся.