Выбрать главу

— Гэта «Сэн-Мішэль»? — спытаўся камісар, убачыўшы паруснік, які выходзіў са шлюза ў порт. Судна здалося Мэгрэ вышэйшым, чым тады, калі ён убачыў яго ўпершыню.

Матрос нешта прабурчаў. Камісар ледзь зразумеў, што той хацеў сказаць: судна выгрузілася ў Кане і цяпер ішло ўлегцы па новы груз.

Яны падыходзілі ўжо да доміка Жарыса, калі да іх наблізіўся чыйсьці цень. Каб пазнаць адно аднаго, трэба было стаць твар у твар. Чалавек, што падышоў да іх, не надта ўпэўнена сказаў Вялікаму Луі:

— А, вось і ты… Спяшайся, адплываем…

Мэгрэ паглядзеў на недарослага капітана-брэтонца, пасля на мора, якое з грукатам кідала свае магутныя хвалі на пірсы. Неба, скрозь у хмарах, якія плылі і плылі, было трывожнае.

«Сэн-Мішэль» стаяў на якары каля паляў, у поўнай цемры, калі не лічыць маленькае лямпачкі, што гарэла пад рубкаю.

— Хочаце адплываць? — спытаўся камісар.

— А што ж нам рабіць?

— Куды курс?

— У Ларашэль, загрузімся віном…

— Вялікі Луі вам вельмі патрэбны?

— А вы думаеце, можна ўправіцца ўдвух у такое надвор'е?

Жулі змерзла. Слухаючы мужчын, яна пераступала з нагі на нагу. Луі глядзеў то на Мэгрэ, то на судна, на якім ужо скрыпелі шківы.

— Чакайце мяне на шхуне, — сказаў камісар Ланэку.

— Толькі…

— Што?

— Праз дзве гадзіны вада спадзе, і тады нам у мора не выйсці…

У вачах у Ланэка прамільгнуў нейкі цьмяны неспакой. Відаць было, што яму ніякавата. Ён таксама пераступаў з нагі на нагу і не мог ні на чым спыніць позірк.

— Мне трэба зарабляць на жыццё!

Капітан і Луі коратка пераглянуліся, і Мэгрэ зразумеў, якімі думкамі паспелі яны абмяняцца. Іншы раз інтуіцыі можна даверыцца.

Ланэкаў позірк здаваўся нецярплівым і выказваў нешта накшталт гэтага: «Судна побач… Застаецца аддаць швартоў… Умантуль разок паліцэйскаму — і парадак!»

Пасля кароткіх ваганняў Вялікі Луі змрочна зірнуў на Жулі, крутнуў галавою.

— Чакайце мяне на судне! — паўтарыў Мэгрэ.

— Але… — пачаў быў капітан…

Мэгрэ не адказаў і падаў брату і сястры знак ісці за ім у дом.

* * *

Яны сядзелі ўтраіх на кухні. У жалезнай печы дамавіта гарэў агонь, гудзенне якога часам пераходзіла аж у грукат — такая была цяга.

— Дай нам чаго-небудзь выпіць, — сказаў камісар Жулі.

Дзяўчына дастала з шафы графін з кальвадосам і размаляваныя шклянкі.

Мэгрэ адчуваў, што быў тут цяпер лішні. Жулі дорага б заплаціла, каб застацца з братам сам-насам. Той сачыў за ёй вачыма, у якіх угадваліся любоў і нейкая няўклюдная пяшчота.

Як сапраўдная гаспадыня, Жулі, наліўшы мужчынам, засталася стаяць і падкінула ў печ вугалю.

— Светлая памяць капітану, — сказаў Мэгрэ.

Потым запала доўгае маўчанне. Мэгрэ не спяшаўся з размоваю.

Цішыня давала кожнаму магчымасць лепш адчуць прыемную, цёплую ўтульнасць пакоя.

Патроху гудзенне ў печы загучала пад роўнае ціканне гадзінніка як нейкая мелодыя. Пасля ветру і холаду шчокі расчырванеліся, вочы заблішчалі. Паветра ў пакоі напоўнілася вострым пахам кальвадосу.

— Капітан Жарэс… — задуменна сказаў камісар. — Цяпер я сяджу на яго месцы, у яго крэсле… Плеценым крэсле, якое скрыпіць пры кожным руху… Калі б капітан быў жывы, дык вярнуўся б у гэты час з порта і, пэўна, таксама папрасіў бы крыху спіртнога, каб сагрэцца… Так, Жулі?..

Дзяўчына адвярнулася.

— Ён не адразу пайшоў бы спаць… Іду ў заклад, што капітан зняў бы абутак, вы прынеслі б яму пантофлі… А ён сказаў бы: «Ну і надвор'е… «Сэн-Мішэль» усё-такі вырашыў выйсці ў мора, памагай яму Бог…»

— Адкуль вы ведаеце?

— Што?

— Што ён так казаў: «Памагай яму Бог»? Менавіта так ён і гаварыў!..

Дзяўчына расхвалявалася і глядзела на камісара з удзячнасцю. Вялікі Луі ўнурыўся.

— Больш ён гэтага не скажа… А які быў шчаслівы… Меў прыгожы дом, сад з кветкамі, якія так любіў, і грошы ў яго былі… Здавалася, усе яго любяць… І ўсё ж такі нехта паклаў усяму гэтаму канец, раптоўна, усыпаўшы крыху белага парашку ў шклянку з вадою…

Жулі зморшчылася. Яна ледзь трымалася, каб не заплакаць.

— Крыху белага парашку — і ўсё… А той, хто гэта зрабіў, будзе жыць шчасліва — ніхто ж не ведае, хто ён!.. Хоць, мусіць, быў нядаўна сярод нас…

— Маўчыце! — папрасіла Жулі, умольна склаўшы рукі. Па твары ў яе цяклі слёзы.

Але камісар ведаў, што робіць. Ён ціха, паволі вымаўляў слова за словам. Гульнёю гэта нельга было назваць — Мэгрэ аддаўся ёй сам. Віною таму быў ідылічны спакой гэтага вечара, які так хваляваў душу, варта толькі было ўявіць сабе ў чатырох сценах кухні каржакаватую Жарысаву постаць.