— У нябожчыка толькі адзін сябар — я!.. Чалавек, які б'ецца ў адзіноце, каб адкрыць праўду і перашкодзіць забойцу Жарыса быць шчаслівым.
Жулі, не вытрымаўшы, рыдала — Мэгрэ гаварыў далей:
— А ўсе вакол маўчаць, усе хлусяць, так што міжволі падумаеш, што ўсе ў нечым вінаватыя, усе маюць дачыненне да злачынства!
— Гэта няпраўда! — крыкнула Жулі.
Вялікі Луі, які адчуваў сябе ўсё больш ніякавата, зноў наліў у абедзве шклянкі.
— Луі першы маўчыць, — зірнуў на матроса камісар.
Жулі паглядвала праз слёзы на брата, быццам працятая праўдай, якую яна толькі што пачула.
— А ён сёе-тое ведае… І нямала ведае… Можа, ён баіцца забойцы?.. Можа, яму ёсць чаго баяцца?..
— Луі! — крыкнула Жулі.
Луі сурова глядзеў некуды ўбок.
— Скажы, што гэта няпраўда, Луі!.. Ты чуеш?..
— Не ведаю я, чаму гэта камісар…
Матрос узняўся — на месцы яму не сядзелася.
— Луі маніць больш за іншых! Запэўнівае, што не знаёмы з нарвежцам, а сам яго ведае! Кажа, што не мае ніякіх спраў з мэрам, а я застаю яго ў доме гэтага мэра, калі ён лупцуе гаспадара…
На вуснах у катаржніка з'явілася ледзь прыкметная ўсмешка. Інакш адрэагавала на гэтыя словы Жулі.
— Гэта праўда, Луі?
І, паколькі той не адказваў, схапіла яго за руку.
— Тады чаму ты не кажаш праўды?.. Ты ж не зрабіў нічога благога, я ў гэтым упэўнена!..
Усхваляваны, ён вызваліў руку. Магчыма, ён быў гатовы здацца. Мэгрэ не даў яму часу абдумацца.
— Хапіла б, можа, адной маленькай дэталі, адной малюпасенькай праўды, каб развалілася ўся гэтая вежа хлусні!..
Ды не! Нягледзячы на ўмольны позірк сястры, Луі быццам скалануўся, усё роўна як скідваў з сябе дробных, але злых ворагаў.
— Нічога я не ведаю…
Адчуўшы, што брат нешта тоіць, Жулі спыталася:
— Чаму ты маўчыш?
— Я нічога не ведаю…
— Камісар кажа…
— Я нічога не ведаю!..
— Паслухай, Луі! Я заўсёды верыла табе, ты гэта добра ведаеш! І абараняла цябе, нават перад капітанам Жарысам…
Тут яна пачырванела, пашкадавала, пэўна, што сказала апошнія словы, і спешна загаварыла зноў:
— Ты скажаш праўду, Луі! Я не магу так больш… Я не застануся больш адна ў гэтым доме!..
— Маўчы! — выдыхнуў Луі.
— Што ён павінен сказаць вам, камісар?
— Дзве рэчы. Па-першае, хто такі Марціно. Па-другое, чаму мэр дазваляе лупцаваць сябе?..
— Чуеш, Луі? Гэта ж няцяжка.
— Я нічога не ведаю…
Жулі пачала злавацца.
Агонь у печы гудзеў і гудзеў. Роўна цікаў гадзіннік, у медным маятніку адбівалася святло лямпы.
На гэтай чысцюткай кухні сціплага ранцье матрос здаваўся залішне вялізным, няўклюдным, грубым. Ён сядзеў, схіліўшы галаву набок, плечы як звычайна былі перакошаныя, вялізныя рукі не знаходзілі сабе месца, позірк бегаў і бегаў, не ведаў, на чым спыніцца.
— Трэба, каб ты сказаў!
— Няма чаго мне казаць…
Ён хацеў наліць сабе яшчэ, але Жулі схапіла графін.
— Хопіць! Зноў нап'ешся!
Жулі была ўзнерваваная ўшчэнт. Яна цьмяна адчувала, наколькі важны можа быць гэты момант, і чаплялася за надзею, што ўсё стане ясна з аднаго слова.
— Луі… гэты чалавек… нарвежац… гэта ён хацеў купіць «Сэн-Мішэль» і стаць тваім гаспадаром, га?
Адказ быў хуткі і катэгарычны:
— Не!
— Тады хто ён? Яго ніколі не бачылі ў нас. Іншаземцы сюды не заязджаюць…
— Не ведаю…
Але сястра настойліва напірала на яго, з чыста жаночым пачуццём знаходзіла патрэбныя словы:
— Мэр цярпець цябе не мог… Праўда, што ты вячэраў сёння ў яго?
— Праўда…
Яна задрыжала ад нецярпення.
— Дык скажы мне тады хоць што-небудзь! Гэта неабходна, Луі! Або клянуся табе, што стану думаць…
Жулі недаказала. Знясіленая, разгубленая, яна апусціла рукі, зірнула роспачна на плеценае крэсла, пасля на печ, гадзіннік, размаляваную кветкамі вазу…
— Ты паважаў капітана, я гэта ведаю!.. Сто разоў гэта казаў, і калі вы пасварыліся, дык…
Яна адчула, што гэта трэба растлумачыць камісару.
— Не падумайце толькі чаго-небудзь такога, пан камісар! Брат паважаў капітана… І той яго таксама… Толькі вось… Але няважна!.. Луі не можа саўладаць з сабою, калі ў яго заводзяцца грошы, адразу ж усё спускае… Капітан ведаў, што іншы раз ён бярэ ў мяне грошы, якія я ашчаджала патроху… Ну, і выгаворваў яму… Вось і ўсё!.. І калі ўрэшце забараніў яму прыходзіць сюды, дык толькі таму, каб Луі не браў у мяне грошай!.. Але мне капітан казаў, што па сутнасці Луі — добры хлопец, хіба што з адным недахопам — слабым характарам…