Выбрать главу

Хіба ж мог Луі растлумачыць Ланэку тое, што ведаў, у двух словах?

Адкашляўшыся, капітан спытаўся:

— Вы добра падумалі?

Мэгрэ сядзеў на лаўцы, паклаўшы локці на стол, і машынальна круціў у руках засаленую шклянку.

Вялікі Луі стаяў, крыху нахіліўшы галаву, каб не даставаць да столі. Ланэк рабіў выгляд, што нешта шукае ў шафе.

— Пра што? — адказаў Мэгрэ на пытанне.

— Не ведаю, якія ў вас правы, але магу сказаць, што асабіста я падпарадкоўваюся толькі марскім уладам. Адны яны могуць забараніць судну ўвайсці ў порт або выйсці з яго.

— Ну і што з таго?

— Вы не даяце мне адплыць з Вістрэама, а мне трэба ў Ларашэль, дзе мяне чакае новы груз. За кожны дзень спазнення я плачу няўстойку.

Размова пачыналася блага: дужа сур'ёзны, бадай, афіцыйны тон быў у Ланэка. Мэгрэ ўжо чуў нешта падобнае: мэр пагражаў яму прыкладна гэтаксама, дый Жан Марціно згадваў пра ўлады, толькі дыпламатычна.

Мэгрэ з шумам удыхнуў паветра, кінуў на маракоў хуткі позірк, які можна было б назваць гарэзлівым.

— Не прыкідвайся хітруном, — сказаў ён Ланэку па-брэтонску, — а лепш налі выпіць.

Карта, якую пусціў у ход камісар, магла быць бітаю.

Але стары матрос першы здзіўлена павярнуўся да Мэгрэ.

Разгладзіліся маршчыны на твары ў Вялікага Луі. Ланэк, які яшчэ не зусім адтаяў, спытаўся:

— Вы брэтонец?

— Не зусім. Я з Луары, але вучыўся ў Нанце…

Капітан скрывіўся. Гэта была натуральная грымаса сапраўднага брэтонца з узбярэжжа, які пачуў пра брэтонца з унутраных раёнаў, ужо не кажучы пра паўбрэтонца з Нанцкага раёна.

— Няма больш таго галандскага джыну, што мы пілі таго разу?

Ланэк узяў бутэльку, паволі наліў у шклянкі. Здавалася, ён быў рады хоць чымсьці заняцца. Што рабіць, ён яшчэ не ведаў. А Мэгрэ, дабрадушна ўсміхаючыся, з люлькай у роце, ссунуўшы капялюш на патыліцу, уладкоўваўся ямчэй.

— Можаш сесці, Луі.

Той сеў. Няёмкасць заставалася, але была яна ўжо іншая: гэтыя трое сердавалі на сябе за тое, што не адказвалі сардэчнасцю на сардэчнасць. І ўсё ж такі яны былі вымушаны пільнавацца.

— Ваша здароўе, хлопцы! Але прызнайцеся ўсё-такі, што, перашкаджаючы вам выйсці ў мора сёння ноччу, я ратую вас ад добрае гойданкі.

— Небяспечна ў асноўным, калі выходзіш з порта, — прамармытаў Ланэк, глынуўшы джыну. — Калі выйдзеш у адкрытае мора, ужо не страшна… Але праход небяспечны: плынь Орны, пясчаныя водмелі… Кожны год хто-небудзь ды сядзе…

— А «Сэн-Мішэль» ніколі не меў непрыемнасцей?

Капітан спешна пастукаў пальцамі па драўляным стале. Сэлестэн, пачуўшы пра непрыемнасці, нешта незадаволена сказаў.

— «Сэн-Мішэль», можа быць, найлепшы паруснік на ўзбярэжжы… Ну вось вам выпадак. Два гады назад у непраглядным тумане ён усім днішчам сеў на камяні каля ангельскага берага… Прыбой быў — звар'яцець, ды толькі… Другое судна так і засталося б сядзець на камянях, а наша, апынуўшыся на плаву ў наступны прыліў, нават у сухі док на агляд не стала заходзіць…

Мэгрэ адчуваў, што ў такой гамонцы яны маглі б знайсці агульную мову. Але яму не хацелася гутарыць усю ноч пра суднаваджэнне. Ад мокрай адзежы пачынала ўжо ісці пара, на падлогу кроплямі сцякала вада. Да таго ж ён блага пераносіў гойданку, якая рабілася ўсё больш прыкметная, — час ад часу судна нават ударалася бортам аб палі.

— З вашай шхуны выйдзе неблагая яхта! — вымавіў ён, азіраючыся.

На гэты раз Ланэк уздрыгнуў.

— Але, магла б выйсці, — паправіў ён. — Хіба што палубу трэба было б перарабіць ды ветразі зрабіць больш лёгкімі, асабліва ўверсе…

— Нарвежац ужо ўсё падпісаў, што трэба?

Ланэк кінуў на Вялікага Луі хуткі позірк. Той уздыхнуў. Гэтыя двое дорага б заплацілі за хвілінку размовы сам-насам. Капітан гадаў: пра што можна сказаць камісару не баючыся?

Вялікі Луі маўчаў. Немагчыма было растлумачыць Ланэку, што адбываецца. Усё так складана! Вядома, зараз пачнуцца непрыемнасці.

Заставалася хіба што выпіць. Ён наліў сабе джыну, выпіў і, нібы скарыўшыся, кінуў на Мэгрэ позірк, які нельга было назваць варожым.

— Які нарвежац?

— Ну, нарвежац, які не зусім нарвежац… Марціно… Аднак ён не мог убачыць «Сэн-Мішэль» у Трамсё: шхуна ніколі не хадзіла так далёка на поўнач?..

— Але магла б гэта зрабіць. «Сэн-Мішэль» спакойна дойдзе і да Архангельска.

— Калі Марціно стане сапраўдным уладальнікам шхуны?

Стары матрос усміхнуўся.

«Ну, ну, паглядзім цяпер, што з гэтага выйдзе», — здавалася, казаў ён Луі і Ланэку.

Капітан не надта ўпэўнена вымавіў: