— Вось так, сябры мае! А цяпер пастарайцеся зразумець, што ўсё роўна клубок разблытаецца. Дык ці ж не здаецца вам, што лепш зрабіць гэта адразу?
Мэгрэ выбіў люльку, пастукаўшы ёю па абцасе свайго чаравіка, набіў яе зноў. Сэлестэн ужо спаў: хроп, разявіўшы рот. Вялікі Луі, нахіліўшы галаву, разглядваў брудную падлогу. Ланэк дарэмна спрабаваў, кідаючы на яго позірк, хоць без слоў параіцца, як тут быць.
Нарэшце капітан сказаў:
— Нам няма чаго сказаць.
На палубе пачуўся шум, усё роўна як бы ўпала нешта цяжкае. Мэгрэ ўздрыгнуў. Вялікі Луі высунуў галаву ў люк — на лесвіцы віднеліся толькі яго ногі.
Калі б ён вылез, камісар, відавочна, выбраўся б наверх сам. Цяпер чуваць было толькі шум дажджу і скрып шківаў.
Колькі часу Луі разглядваў, што б там такое магло здарыцца? Сама больш паўхвіліны. Матрос спусціўся, валасы ў яго прыліплі да лоба, па твары цякла вада. Тлумачыць нічога не стаў.
— Што там такое? — спытаўся ў яго Ланэк.
— Шкіў ударыўся аб рэлінгі.
Капітан падкінуў у печ вугалю. Кінуў на Луі дапытлівы позірк. Пасля патрос за плячо Сэлестэна.
— Ідзі пастаў шкот на бізань-мачце.
Матрос цёр вочы, нічога не разумеючы. Ланэку прыйшлося паўтарыць яшчэ раз. Тады Сэлестэн накінуў плашч, насунуў на галаву зюйдвестку, падняўся па лесвіцы, усё яшчэ сонны і, вядома, незадаволены, што трэба выходзіць на холад і дождж.
Чуваць было, як ён грымеў сваімі сабо, ходзячы па палубе акурат над галовамі тых, што засталіся ў кубрыку. Вялікі Луі наліў сабе ці не шостую ўжо шклянку — але не п'янеў зусім.
Усё тыя ж няправільныя рысы крыху азызлага твару, вылупленыя вочы. Выглядаў ён, як чалавек, што панура брыдзе па жыцці.
— Што ты пра гэта думаеш, Луі?
— Пра што?
— Ну, што ты хітруеш? Ты падумаў пра сваё становішча? Хіба не разумееш, што расплачвацца прыйдзецца табе? Спачатку — тваё мінулае. Ты ж былы катаржнік! Пасля ты робішся гаспадаром гэтага судна, хоць у цябе не было ні су! Жарыс не хацеў бачыць цябе больш у сваім доме, бо ты надта часта цягнуў з сястры грошы! «Сэн-Мішэль» стаіць у Вістрэаме ў ноч выкрадання капітана! Ты знаходзішся тут і тае ночы, калі яго атруцілі… Нарэшце, твая сястра атрымлівае па завяшчанні трыста тысяч франкаў!..
Ці думаў цяпер увогуле пра што-небудзь Вялікі Луі? Позірк у яго быў пусты-пусты і абсалютна нерухомы.
— Што ён там робіць! — занепакоіўся Ланэк, гледзячы на адчынены люк, з якога сцякала на падлогу вада — назбіралася ўжо добрая лужа.
Мэгрэ выпіў яшчэ крыху. Мала, але даволі, каб ударыла ў галаву кроў, асабліва ў гэтай заблытанай сітуацыі. Досыць, каб разамлець ад розных думак, звязаных з жыццём маракоў, што сядзелі насупраць яго…
Цяпер, калі ён добра ведаў усіх трох, ён без цяжкасці ўяўляў сабе, як праходзілі іх дні на борце «Сэн-Мішэля», што быў ім светам.
Адзін — на ложку, амаль заўсёды адзеты. На стале — бутэлька і брудныя шклянкі. Другі — на палубе, чуваць, як ён ходзіць па ёй, стукаючы сабо… А яшчэ гэты глухі рокат мора, што ніколі не аціхае… Ледзь свеціцца компас… Святло ліхтара, які матляецца на фок-мачце… Вочы няспынна ўзіраюцца ў цемрадзь, шукаюць светлячок маяка… Дзень пры дні — пірсы, пагрузка, разгрузка… Пасля — два-тры дні адпачынку, якія з ранку да вечара праходзяць у шынках, такіх падобных адзін на адзін…
Наверсе пачуўся нейкі няясны шум. Вялікі Луі, здавалася, таксама задрамаў. Маленькі будзільнік паказваў ужо тры гадзіны. Бутэлька была амаль пустая…
Відаць, у такую самую ноч і знік капітан Жарыс… У кубрыку было гэтаксама душна, пахла потам і спіртным, горача была напалена печ… Ці сядзеў тады ён разам з імі, змагаючыся са сном?..
Раптам на палубе пачуліся нейкія галасы. Вецер быў вельмі моцны, і да кубрыка даносіліся толькі асобныя гукі.
Мэгрэ ўстаў, нахмурыў бровы, убачыў, як наліваў сабе джыну Ланэк. Нахіліўшы галаву, драмаў Вялікі Луі. Вочы ў яго былі ўжо прыплюшчаныя.
Мэгрэ намацаў у кішэні рэвальвер, узняўся па прыступках стромкай лесвіцы.
Люк быў якраз такой шырыні, каб праз яго мог пралезці чалавек, а камісар быў шырокі ў плячах.
Таму Мэгрэ нават абараняцца не змог: толькі ён высунуў галаву з люка, як на рот яму накінулі павязку і завязалі яе на патыліцы.
Зрабіў гэта Сэлестэн і яшчэ нехта, той самы чалавек, які быў да таго на палубе са старым матросам.
А знізу ў яго выхапілі рэвальвер і звязалі яму рукі за спінаю.
Мэгрэ з усяе сілы брыкнуў нагою і трапіў, здаецца, у чыйсьці твар. Але прайшло якое імгненне, і яму канатам звязалі ногі.
— Цягні! — абыякава сказаў Вялікі Луі.