Выбрать главу

Падышлі бліжэй. Камісар канчаткова зразумеў, у якой бядзе апынулася судна. Бачны быў зялёны кіль, да якога прыліплі ракаўкі.

Маракі ўжо разглядвалі шхуну з усіх бакоў, шукалі пашкоджанні, але нічога не знаходзілі.

— Проста селі на мель…

— Нічога сур'ёзнага?

— З бліжэйшым прылівам буксір выцягне — не сумняваюся… Не разумею толькі…

— Чаго вы не разумееце?

— Чаму яны пакінулі судна… Хлопцы не з баязлівых… Дый ведаюць, што шхуна многае можа вытрымаць… Вы паглядзіце толькі, што гэта за судна!.. Гэй, Жан-Баціст!.. Схадзі пашукай лесвіцу…

Без лесвіцы немагчыма было залезці на шасціметровы борт нахіленай шхуны.

— Не трэба!

Са шхуны звешваўся парваны вант. Зачапіўшыся за яго, Жан-Баціст ускараскаўся па ім, нібы малпа, пагайдаўся колькі секунд у паветры і саскочыў на палубу. Праз некалькі хвілін ён спусціў уніз канец вяровачнай лесвіцы.

— На борце нікога?

— Нікога!

На беразе за некалькі кіламетраў віднеліся дамы гарадка Дзіў, заводскія коміны. Можна было разгледзець абрысы Кабура, Улгата, скалісты выступ, за якім хаваліся Давіль і Трувіль.

Каб выканаць да канца свой абавязак, Мэгрэ падняўся па лесвіцы. Але адчуў сябе на нахіленай палубе не надта ўпэўнена. Адчуванне небяспекі было большае, чым на маленькім судне ў час страшнага шторму!

У кубрыку — асколкі разбітага шкла, расчыненыя шафы…

Начальнік порта не ведаў, што і рабіць. Шхуна ж не была яго ўласным суднам! Пачынаць здымаць яе з мелі, выклікаць буксір з Трувіля, узяць на сябе адказнасць за ўсё, што трэба рабіць у такім выпадку?

— Калі пакінуць тут шхуну да наступнага прыліву — капцы! — змрочна сказаў Дэлькур.

— Добра, паспрабуйце зрабіць усё, што ў вашых сілах… Скажаце, што гэта я загадаў…

Ніколі яшчэ дагэтуль трывога не была такая цяжкая, не прыгнятала так, як цяпер. Людзі міжволі паглядвалі ў бок пустынных дзюнаў, усё роўна як чакалі, што адтуль з'явяцца Ланэк, Вялікі Луі, Сэлестэн…

І дарослыя і дзеці ішлі з вёскі ў порт. Калі Мэгрэ падыходзіў да Вістрэама, насустрач яму выбегла Жулі.

— Гэта праўда?.. Яны пацярпелі крушэнне?..

— Не… Селі на мель… Такі дужы хлопец, як ваш брат, павінен быў выбрацца…

— Дзе ён?

Ніякавата адчуваў сябе камісар у гарадку. Толькі ён падышоў да гатэля «Універсаль», гаспадар спытаў:

— Я яшчэ не бачыў двух вашых сяброў. Будзіць іх?

— Не трэба…

Мэгрэ сам падняўся ў нумар Люка, які ляжаў на ложку, звязаны гэтаксама надзейна, як і Мэгрэ якую гадзіну назад.

— Зараз усё растлумачу…

— Не трэба!.. Хадзем…

— Ёсць што новае? Ну і змоклі вы!.. Дасталася вам, відаць…

Мэгрэ прывёў яго на пошту насупраць у верхняй частцы гарадка. Тыя, хто мог, беглі на бераг, астатнія стаялі на ганках.

— Ты што, абараніцца не змог?

— Ён мяне на лесвіцы скруціў… Падымаліся на другі паверх… Ён ішоў ззаду… Раптам схапіў мяне за нагу — і ўсё гэта здарылася так хутка, што я і пальцам не паспеў варухнуць. Вы ж яго бачылі!

Убачыўшы Мэгрэ, усе разгубіліся. Можна было падумаць, што ён усю ноч праседзеў па шыю ў вадзе. На пошце ён нават не змог пісаць: папера намакала ад вады, што сцякала з яго адзежы.

— Вазьмі пяро… Тэлеграмы ва ўсе мэрыі і жандарскія аддзяленні дэпартамента… Дзіў, Кабур, Улгат… Паўднёвыя пасёлкі таксама: Люк-сюр-Мэр, Льён, Кутанс… Правер па карце… Усе вёсачкі на дзесяць кіламетраў ад Вістрэама… Прыкметы чатырох: Луі, Марціно, Ланэка, Сэлестэна… Калі адправіш тэлеграмы, тэлефануй у бліжэйшыя мэрыі і аддзяленні, каб выйграць яшчэ час…

Пакінуўшы інспектара займацца тэлеграмамі і тэлефоннымі перагаворамі, Мэгрэ заскочыў у шынок насупраць пошты, выпіў залпам шклянку гарачага грогу. Прыпаўшы да акна, у камісара цікаўна ўзіраліся хлапчукі.

Вістрэам прачнуўся. Усе хваляваліся, нерваваліся, глядзелі на мора або спускаліся да берага, перадавалі навіны, якія абрасталі рознымі дэталямі і рабіліся неверагодныя.

Па дарозе Мэгрэ сустрэў старога рыбака, які вызваліў яго раніцай.

— Ты не расказваў, што…

— Я сказаў, што знайшоў вас, — абыякава адказаў стары.

Камісар даў яму дваццаць франкаў і зайшоў у гатэль пераапрануцца. Праймалі дрыжыкі. Кідала то ў гарачку, то ў холад. Мэгрэ глянуў у люстра. Шчацінне, пад вачыма — мяшкі. Аднак, нягледзячы на стомленасць, галава была ясная. Нават больш ясная, чым звычайна. Ён паспяваў усё заўважыць вакол сябе, адказваў людзям, задаваў ім пытанні — і рабіў усё гэта з бездакорнай логікай.

Калі ён вярнуўся на пошту, было каля дзесяці гадзін. Люка заканчваў тэлефонныя перагаворы. Тэлеграмы былі ўжо адпраўлены. На яго пытанні жандары адказвалі, што пакуль нічога асаблівага не прыкмецілі.