Выбрать главу

На самым краі вёсачкі, акурат каля агароджы вакол лугу, пасвіліся два кані. Мэгрэ ўбачыў невялічкую хаціну, дах якой прыкметна пакасіўся. Камісар азірнуўся і, пачуўшы мэравы крокі на другім канцы вёсачкі, не стаў стукацца ў дзверы.

Увайшоўшы ў хату, ён пачуў нейкі шоргат. Было зусім цёмна, у печы ледзь гарэла. Перад вачыма вырасла нейкая згорбленая старая ў белым каўпаку.

— Хто там? — спыталася яна, тупаючы насустрач камісару.

Было горача. Пахла саломаю, капустаю, седалам. Вакол дроў, складзеных у куце, нешта дзяўблі кураняты.

Мэгрэ, які амаль даставаў галавою да столі, убачыў дзверы ў глыбіні памяшкання і зразумеў, што дзейнічаць трэба хутка. Не кажучы ні слова, падышоў да гэтых дзвярэй і адчыніў іх. Пані Гранмэзон была там. Седзячы за сталом, яна нешта пісала. Побач з ёю стаяў Жан Марціно.

Убачыўшы камісара, яны разгубіліся. Жанчына ўзнялася з саламянага крэсла, а Марціно адразу ж схапіў і змяў аркуш паперы. Абое інстынктыўна наблізіліся адно да аднаго.

У хаціне былі толькі два пакоі. Другі быў спальняю старой. На яго сценах, пабеленых вапнаю, віселі два партрэты і танныя лубкі ў чорных з пазалотаю рамках. Высокі ложак і стол, за якім пісала пані Гранмэзон. Відно было, што з яго толькі што знялі тазік, які стаяў цяпер на падлозе.

— Праз некалькі хвілін ваш муж будзе тут! — пачаў Мэгрэ.

Марціно з нянавісцю кінуў:

— І гэта вы прывялі яго сюды?

— Маўчы, Раймон, — спыніла пані Гранмэзон.

Яна была з ім на «ты» і называла яго не Жан, а Раймон.

Адзначыўшы сам сабе гэтыя дэталі, Мэгрэ падышоў да дзвярэй, прыслухаўся і вярнуўся да стала.

— Будзьце ласкавы, перадайце мне ліст, які вы пачалі пісаць.

Раймон-Марціно і пані Гранмэзон пераглянуліся. Жанчына была стомленая і бледная. Мэгрэ ўжо бачыў яе аднойчы, але тады яна выконвала пачэсныя абавязкі гаспадыні багатага дома, якая прымае ў сябе знакамітых людзей Кана.

Тады ён адзначыў яе бездакорнае выхаванне і завучаную грацыёзнасць, з якой яна ўмела падаць кубак гарбаты або адказаць на камплімент.

Ён уявіў сабе яе жыццё: хатнія клопаты ў Кане, візіты, выхаванне дзяцей. Штогод два-тры месяцы на водах або ў санаторыях. Умеранае какецтва. Імкненне не так здавацца прыгожай, як захаваць годнасць.

Бясспрэчна, усё гэта было ў жанчыне, якая стаяла цяпер перад ім. Але праглядвала і штосьці іншае. Па праўдзе кажучы, яна трымалася больш спакойна і ўпэўнена, чым яе спадарожнік.

— Аддай яму ліст, — сказала яна, калі ён сабраўся разарваць скамячаны аркуш.

Напісана было ўсяго толькі некалькі слоў:

«Пан дырэктар, маю гонар прасіць вас…»

Буйны почырк з нахілам — тыповы для жанчын, якія выхоўваліся ў пансіёнах пачатку стагоддзя.

— Сёння раніцай вам двойчы званілі, праўда?.. Адзін раз — ваш муж… Ці, дакладней, вы яму самі паведамілі, што едзеце ў Вістрэам. Потым званіў пан Марціно: прасіў вас прыехаць сюды. Ён паслаў па вас на развілак грузавічок.

На стале за чарніліцаю ляжаў нейкі пачак, які Мэгрэ не адразу прыкмеціў, — стос банкнотаў па тысячы франкаў.

Марціно злавіў камісараў позірк. Хаваць грошы было позна. Надламаны стомаю, што агарнула яго, апусціўся на край ложка і ўтаропіўся абыякавымі вачыма ў падлогу.

— Гэта вы прывезлі яму грошы?

І зноў маўчанне, у каторы ўжо раз у гэтым следстве! Маўчала Жулі. Не сказалі ні слова ў адказ Гранмэзон і Вялікі Луі на мэравай віле, калі камісар заспеў матроса якраз у той самы момант, як ён лупцаваў гаспадара. Ні ў чым не адкрыліся мінулай ноччу і сябры экіпажа «Сэн-Мішэля».

Ну і ўпартасць! Ніводнага слова, якое б дапамагло хоць што-небудзь прасвятліць!

— Мяркую, вы збіраліся адрасаваць гэты ліст дырэктару калежа «Станіслаў»? Ваш сын вучыцца там, і пісьмо, напэўна, датычыць яго… А грошы… Ну вядома! Спяшаючыся, Марціно быў вымушаны пакінуць шхуну, якая села на мель, і дабірацца да берага плывам… Там ён, як я разумею, і згубіў кашалёк… А вы прывезлі яму грошы, каб…

Раптоўна змяніўшы і тэму і тон, ён спытаўся:

— А астатнія, Марціно? Усе цэлыя?

Марціно нейкі час вагаўся, алё ўрэшце кіўнуў галавою.

— Я не пытаюся ў вас, дзе яны хаваюцца. Ведаю, што гэтага вы не скажаце…

— Праўда.

— Што — «праўда»?

Гэта гучаў голас раз'юшанага мэра — дзверы былі шырока расчыненыя. Яго нельга было пазнаць. Ён проста задыхаўся ад нянавісці. Сціскаў кулакі, гатовы кінуцца на ворага. Пераводзіў позірк з жонкі на Марціно, з Марціно на стос банкнот, які ўсё яшчэ ляжаў на стале.