Выбрать главу

Погляд у яго быў пагрозлівы, але раз-пораз мільгалі ў ім не то жах, не то адчуванне краху.

— Што — праўда?.. Што ён сказаў?.. Што ён вам яшчэ наманіў?.. А яна? Яна, якая… якая…

Ён больш не мог гаварыць. Мэгрэ стаяў побач, гатовы ўмяшацца.

— Што — праўда?.. Што тут адбываецца?.. Што за балбатню вы тут развялі?.. І чые гэта грошы?..

Чуваць было, як у суседнім пакоі старая шоргала нагамі і клікала з ганка куранят: «Цып-цып-цып-цып!..»

Кукурузныя зярняткі градам сыпаліся на каменныя прыступкі ганка. Старая адганяла нагою суседскую курыцу:

— Кыш, кыш, пайшла вон, Чарнушка!..

А ў спальні — ні гуку! Глыбокая цішыня! Яна прыгнятала, як неба ў гэты дажджлівы ранак.

Гэтыя трое нечага баяліся… Вядома, баяліся!.. Усе трое!.. І Марціно, і мэр, і яго жонка!.. І кожны баяўся па-свойму… У кожнага быў свой страх!..

Мэгрэ напусціў на сябе ўрачысты выгляд і паволі, быццам суддзя, пачаў:

— Пракуратура даручыла мне знайсці і арыштаваць забойцу капітана Жарыса, раненага стрэлам з пісталета ў галаву, а праз месяц атручанага стрыхнінам у сябе дома. Ці не хоча хто з прысутных заявіць што-небудзь з гэтай нагоды?

Дагэтуль ніхто не заўважыў, што печ у пакоі была няпаленая, — і раптам усе адчулі, як тут было холадна. Кожнае слова гучала гулка, як у царкве. Здавалася, што ўсё яшчэ чуецца: «…атручанага стрыхнінам…» Асабліва стаялі ў вушах апошнія словы: «Ці не хоча хто з прысутных заявіць што-небудзь з гэтай нагоды?»

Марціно першы апусціў галаву. Пані Гранмэзон кінула позірк на мужа, пасля на нарвежца. Вочы ў яе блішчалі.

Але ніхто не вымавіў ні слова. Ніхто не мог вытрымаць цяжкага позірку Мэгрэ.

Дзве хвіліны… Тры… Чуваць было, як старая падкідвала ў печ дровы…

Зноў камісараў голас, наўмысна сухі, без ніякага пачуцця:

— Жан Марціно, імем закона вы арыштаваны!

Крык жанчыны. Усёй сваёй істотаю пані Гранмэзон падалася была да Марціно — і адразу ж страціла прытомнасць.

Раз'юшаны мэр павярнуўся да сцяны.

А Марціно, нібыта скарыўшыся, стомлена ўздыхнуў. І нават не падышоў да жанчыны.

Мэгрэ нахіліўся над ёю, пашукаў вачыма шклянку вады.

— Воцат ёсць? — спытаўся ён, адчыніўшы дзверы, у старой.

І без таго цяжкае паветра халупы змяшалася з пахам воцату.

Неўзабаве пані Гранмэзон апрытомнела. Узнервавана ўсхліпнуўшы некалькі разоў, яна спыніла позірк на нейкім узоры на дыване.

— Вы можаце ісці.

Яна слаба кіўнула галавою, паднялася і пайшла да дзвярэй няроўнай паходкаю.

— Прашу вас ісці за мною, панове! Спадзяюся, гэтым разам я магу разлічваць на тое, што вы будзеце памяркоўныя?

Разгубленая старая моўчкі глядзела ім услед. І толькі калі ўжо ўсе выйшлі на двор, яна кінулася да дзвярэй і крыкнула:

— Пан Раймон, вы вернецеся абедаць?

Раймон! Ужо другі раз гучала гэтае імя. Марціно адмоўна пакруціў галавою.

Усе чацвёра пайшлі па вясковай вуліцы. Перад тытунёвай крамай Марціно спыніўся і сказаў Мэгрэ:

— Выбачайце, але я не ведаю, ці вярнуся яшчэ сюды, і мне не хацелася б пакідаць за сабою даўгі. Я павінен заплаціць тут за тэлефон, грог і пачак цыгарэт.

Заплаціў Мэгрэ. Выйшлі з вёскі. У канцы няроўнай дарогі іх чакала машына. Камісар запрасіў усіх сесці ў яе і, падумаўшы крыху, сказаў шафёру:

— У Вістрэам! Але спачатку спыніцеся каля жандармерыі.

Усю дарогу праехалі моўчкі. Па-ранейшаму ішоў дождж, неба было ўсё такое ж шэра-халоднае, вецер спакваля ўзмацняўся і пагойдваў мокрыя дрэвы.

Перад жандармерыяй Мэгрэ папрасіў Марціно выйсці з машыны і загадаў начальніку аддзялення:

— Пасадзіць яго ў камеру… Вы адказваеце за яго. Тут нічога новага?

— Буксір прыйшоў. Чакаюць, калі павысіцца ўзровень мора.

Паехалі далей. Мэгрэ трэба было пабываць у порце, і камісар яшчэ раз спыніў машыну, выйшаў з яе на хвілінку.

Быў поўдзень. Шлюзаўшчыкі чакалі на сваіх месцах параход з Кана. Мора падыходзіла ўсё бліжэй да берага, белыя хвалі набіралі ўсё больш моцы.

Справа стаяў вялікі натоўп. Людзі з цікаўнасцю разглядвалі буксір з Трувіля, што стаяў на якары за паўмілі ад берага. Да «Сэн-Мішэля», які з прылівам ужо напалову выраўняўся, набліжалася невялікая шлюпка.

Глянуўшы на машыну, Мэгрэ заўважыў, што мэр таксама назірае за выратавальнымі работамі. З шынка выйшаў капітан Дэлькур.

— Атрымаецца? — спытаўся камісар.

— Думаю, што ўсё будзе нармальна. Вось ужо дзве гадзіны яны вызваляюць шхуну ад баласту. Толькі б швартовы не парваліся. — Спрабуючы ўгадаць, які будзе вецер, ён паглядзеў на неба, бы на карту. — Трэба адно зрабіць усё гэта да канца прыліву.