Выбрать главу

Начальнік порта заўважыў, што ў машыне сядзяць мэр і яго жонка, пачціва павітаў іх, але больш у іх бок не глядзеў.

Падышоў Люка, адвёў камісара на колькі крокаў ад Дэлькура.

— Узялі Вялікага Луі.

— Гм!

— Сам папаўся!.. Сёння раніцай жандары з Дзіў заўважылі сляды на полі… Сляды чалавека, які ішоў напрасткі, перамахваючы праз агароджы… Сляды вялі да ракі, да мясціны, дзе адзін рыбак пакідае звычайна на беразе лодку… А тут яна была на другім беразе…

— Жандары перабраліся туды?

— Але… І выйшлі акурат насупраць шхуны. Там, каля дзюнаў, ёсць…

— Разваліны капліцы!

— Вы ўжо ведаеце?

— Капліца Божай Маці Дзюнаў…

— Ну, там яго і накрылі… Ён залез туды і назіраў за выратавальнымі работамі. Калі я прыйшоў, ён упрошваў жандараў не забіраць яго адразу і дазволіць заставацца там, пакуль не выратуюць шхуну… Я дазволіў… Ён у кайданках… Аддае загады: баіцца, што без яго судна загіне… Не хочаце глянуць на яго?

— Не ведаю… Можа, крыху пазней…

Камісара чакалі ў машыне мэр з жонкаю.

— Думаеце, дакапаемся ўрэшце да праўды? — спытаўся Люка.

І, паколькі Мэгрэ не адказваў, інспектар дадаў:

— Асабіста я пачынаю думаць, што не. Усе маняць! А тыя, што не маняць, маўчаць, хоць і ведаюць сёе-тое. Можна падумаць, што ў смерці Жарыса вінаваты ўвесь гарадок…

Але камісар адно паціснуў плячыма і пайшоў да машыны.

— Да сустрачы! — толькі і сказаў на хаду.

У машыне ён вельмі здзівіў шафёра, загадаўшы:

— Дамоў!

Нібыта гаворка ішла пра яго ўласны дом, гаспадаром якога быў ён сам.

— Дамоў у Кан?

Па праўдзе кажучы, Мэгрэ яшчэ пра гэта не думаў, але словы шафёра навялі яго на думку.

— Але, у Кан!

Гранмэзон нахмурыўся. Што да яго жонкі, дык тая, здавалася, скарыўшыся, плыла па цячэнні.

* * *

Па дарозе ад гарадскіх варот да вуліцы Дзюфур з Гранмэзонамі павіталіся чалавек пяцьдзесят. Відаць, мэраву машыну ведалі ўсе. Віталіся вельмі пачціва. Суднаўладальнік быў падобны на сеньёра, што аб'язджае свае землі.

— Простая фармальнасць! — сказаў Мэгрэ праз зубы, калі машына спынілася. — Выбачайце, што прывёз вас сюды. Але, як я ўжо вам казаў, неабходна, каб сёння вечарам усё было скончана…

Паабапал ціхай вуліцы стаялі прыватныя дамы, якія цяпер можна ўбачыць толькі ў правінцыі. Перад домам з пачарнелага каменю ўзвышалася вежа. На агароджы перад уваходам вісела медная шыльда з надпісам: «Ангельска-Нармандская навігацыйная кампанія».

У двары стаяў указальнік: «Каса». На дзвярах вісела яшчэ адна шыльда: «Кантора адчынена з 9 да 16 гадзін».

Было крыху больш за дванаццаць. Дарога да Кана заняла ўсяго толькі дзесяць хвілін. У гэты час большасць служачых абедала, але некаторыя сядзелі яшчэ за сваімі сталамі. У пакоях было змрочна. Тоўстыя дываны і мэбля ў стылі Луі-Філіпа надавалі канторы ўрачысты выгляд.

— Пані, зрабіце ласку, падыміцеся да сябе. Праз нейкі час я, напэўна, папрашу вас знайсці для мяне колькі хвілін.

Першы паверх быў цалкам адведзены пад памяшканні кампаніі. У вялізным вестыбюлі па баках стаялі свяцільні з каванага жалеза. На другі паверх, які займалі муж і жонка Гранмэзон, вяла мармуровая лесвіца.

Мэр Вістрэама, пахмурны, злосны, чакаў, што скажа яму Мэгрэ.

— Што вы яшчэ хочаце ведаць? — ціха спытаў ён і, падняўшы каўнер паліто, насунуў капялюш на вочы, каб служачыя не бачылі яго твару, спляжанага кулакамі Вялікага Луі.

— Нічога асаблівага. Я толькі прашу ў вас дазволу пахадзіць тут, падыхаць паветрам дома.

— Я вам патрэбен?

— Не.

— У такім выпадку дазвольце мне падняцца да пані Гранмэзон.

Пачцівы тон, з якім ён гаварыў пра сваю жонку, ніяк не вязаўся з ранішняй сцэнаю ў халупе ў старой. Мэгрэ пачакаў, пакуль мэр падымецца па лесвіцы. Пасля прайшоў у канец калідора і пераканаўся, што ў доме быў толькі адзін выхад. Выйшаў на вуліцу, знайшоў непадалёк паліцэйскага і загадаў яму стаяць каля агароджы.

— Зразумелі? Выпускаць усіх, апроч суднаўладальніка. Вы яго ведаеце?

— Ну, як не ведаць!.. Але… што ён нарабіў? Такі чалавек!.. Вы знаеце, што ён старшыня гандлёвай палаты?

— Тым лепш!

Кабінет справа ў вестыбюлі «Генеральны сакратарыят». Мэгрэ пастукаў, адчыніў дзверы, удыхнуў пах цыгары, але нікога не ўбачыў.

Кабінет злева: «Дырэктар». Тая ж самавітая, урачыстая атмасфера, тыя ж цёмна-чырвоныя дываны, шпалеры з пазалотаю, столі з мудрагелістай лепкаю.