Выбрать главу

— Не ведаю. Думаю, ён кахаў мяне па-свойму. Ён хацеў, каб я стала яго жонкаю, — і атрымаў мяне, вы гэта можаце зразумець? Чалавек, няздольны да парыву. Ажаніўшыся, ён жыў, як і раней, для самога сябе. Я была часткай яго дома. Нешта накшталт даверанай асобы ў канторы. Не ведаю, ці паведамлялі яму пасля што-небудзь пра стрыечнага брата, але калі аднаго разу сын убачыў фатаграфію Раймона і спытаўся, хто гэта, Эрнэст толькі і сказаў:

— Стрыечны брат, які дрэнна скончыў.

Мэгрэ быў крыху ўсхваляваны: перад яго вачыма прайшло цэлае жыццё. І жыццё не аднаго чалавека, а цэлага дома, сям'і!

І гэтак праляцелі пятнаццаць гадоў! Купляліся новыя параходы. У гэтым вось пакоі ладзіліся прыёмы, партыі ў брыдж і абеды, вячэры…

Лета праводзілі ў Вістрэаме і ў гарах.

А цяпер пані Гранмэзон адчувала толькі стомленасць. Яна апусцілася ў крэсла, правяла рукою па твары.

— Не разумею, — прашаптала яна. — Гэты капітан… Я яго ніколі раней не бачыла. Вы сапраўды думаеце, што?..

Мэгрэ прыслухаўся і пайшоў адчыняць дзверы. За імі стаяў «дзядзька Бернар». Ён быў устрывожаны, але ўвайсці ў пакой не асмельваўся. Клерк дапытліва паглядзеў на камісара.

— Пан Гранмэзон памёр. Паведаміце гэта яго доктару. А служачым і слугам скажаце крыху пазней.

Мэгрэ зачыніў дзверы, сунуў быў руку ў кішэню па люльку, але перадумаў паліць.

У яго душы нарадзілася дзіўнае пачуццё сімпатыі, павагі да гэтай жанчыны, якая пры першай сустрэчы здалася яму вельмі банальнай істотай.

— Гэта муж паслаў вас учора ў Парыж?

— Але. Я не ведала, што Раймон у Францыі. Муж мяне проста папрасіў забраць сына з калежа і правесці з ім колькі дзён на поўдні. Я не разумела, нашто гэта трэба, аднак зрабіла, як ён хацеў. Але толькі я прыехала ў «Лютэцыю», Эрнэст пазваніў мне і сказаў, каб я не ішла ў калеж, а вярталася дамоў.

— А сёння раніцай вам званіў Раймон?

— Званіў. Прасіў тэрмінова прывезці яму крыху грошай. Кляўся, што ад гэтага залежыць наш далейшы спакой.

— Не вінаваціў вашага мужа?

— Не. Там, у халупе, ён нават не ўспомніў пра яго. Гаварыў пра нейкіх сяброў, маракоў, якім ён павінен заплаціць, перш чым паехаць з Францыі. Казаў яшчэ нешта пра нейкае караблекрушэнне.

Прыйшоў доктар, сябра сям'і. З жахам, не верачы вачам, глядзеў на труп.

— Пан Гранмэзон скончыў жыццё самагубствам! — цвёрда вымавіў Мэгрэ. — А вам трэба вызначыць хваробу, ад якой ён памёр. Вы мяне разумееце? Паліцыю я бяру на сябе…

Ён падышоў да пані Гранмэзон, пакланіўся ёй. Тая пасля некаторых ваганняў спытала:

— Вы не сказалі мне, чаму…

— Раймон вам калі-небудзь усё раскажа… Апошняе пытанне… Шаснаццатага верасня ваш сын быў у Вістрэаме з вашым мужам, так?

— Так, ён заставаўся там да дваццатага.

Адышоўшы спінай да дзвярэй, Мэгрэ выйшаў з пакоя. Цяжка ступаючы, ён спусціўся па лесвіцы на першы паверх, прайшоў па калідоры, адчуваючы нейкі цяжар на плячах і агіду ў душы.

На вуліцы ён глыбока ўдыхнуў свежае паветра. Нейкі час стаяў пад дажджом з голай галавою, як бы хацеў асвяжыцца, скінуць з сябе ўсё тое жахлівае, што вынес з дома Гранмэзонаў.

Зірнуў апошні раз на вокны. Пасля паглядзеў на дом насупраць, у якім мэрава ўдава правяла сваю маладосць, і глыбока ўздыхнуў.

* * *

— Выходзьце!

Мэгрэ адчыніў дзверы камеры, у якой сядзеў Раймон, і знакам загадаў арыштаванаму ісці за ім. Камісар ішоў паперадзе, спачатку па вуліцы, пасля па дарозе ў порт.

Раймон дзівіўся, не разумеючы прычыны гэтага раптоўнага вызвалення.

— Вы нічога не хочаце мне сказаць? — кінуў Мэгрэ наўмысна незадаволеным тонам.

— Нічога!

— Вы дадзіце вынесці вам прысуд?

— Я паўтару перад суддзямі, што нікога не забіваў!

— Але праўды не скажаце?

Раймон апусціў галаву. Удалечыні ўжо віднелася мора, чуліся гудкі буксіра, які ішоў да пірса, ведучы за сабою на стальным тросе «Сэн-Мішэля». Тады, быццам бы гэта было нешта зусім звычайнае, кінуў:

— Гранмэзон памёр.

— Га?.. Што вы сказалі?..

Раймон схапіў яго за руку і ліхаманкава сціснуў яе.

— Ён?..

— Налажыў на сябе рукі. Гадзіну таму назад, у сябе дома.

— Ён усё расказаў?

— Не! Хадзіў туды-назад па гасцёўні хвілін пятнаццаць, пасля стрэліў. Вось і ўсё!..

Яны зрабілі яшчэ некалькі крокаў. Удалечыні, на сценах шлюза, стаялі, назіраючы за выратавальнымі работамі, людзі.

— Цяпер вы можаце сказаць мне ўсю праўду, Раймон Гранмэзон… Зрэшты, я ўжо ведаю яе ў сама агульных рысах… Вы хацелі забраць з сабою вашага сына?