Каля шлюза партавікі сабраліся вакол капітана Дэлькура.
— Ну і намучыўся ж я праз іх цьмяныя адказы! — уздыхнуў Мэгрэ, кіўнуўшы на маракоў.
Раймон усміхнуўся:
— Гэта ж маракі!
— Я ўжо ведаю, што гэта за людзі. Не любяць яны, калі сухапутныя тыпы, як я, лезуць у іх справы!
Пальцам ён умінаў тытунь у сваёй люльцы. Запаліўшы, спытаўся:
— Што ім сказаць?..
Эрнэст Гранмэзон быў мёртвы. Ці трэба казаць гэтым людзям, што забойца — ён?
— Можна было б, — пачаў быў Раймон…
— Не ведаю! Скажу, відаць, што нейкая даўняя гісторыя. Адзін замежны марак адпомсціў і ўцёк…
Маракі з буксіра паволі ішлі ў шынок і знакамі клікалі шлюзаўшчыкоў.
А Вялікі Луі імкліва крочыў то ўзад, то ўперад па шхуне, абмацваючы ўсё, што траплялася пад руку, — гледзячы на яго, камісар міжволі прыгадаў сабаку, які, вярнуўшыся дадому, радасны, хоча пераканацца, што ўсё на месцы і не змянілася…
— Гэй! — крыкнуў яму Мэгрэ.
Матрос аж падскочыў. Але падысці да камісара ці пакінуць шхуну ён не рашаўся. А калі ўбачыў раптам, што Раймон на волі, здзівіўся не менш за Люка:
— Як гэта?..
— Калі «Сэн-Мішэль» зможа выйсці ў мора?
— Хоць зараз! Усё ў поўным парадку! Цуд, а не судна, клянуся!..
Луі дапытліва глядзеў на Раймона. Той вымавіў:
— У такім выпадку прагуляйся на шхуне з Ланэкам і Сэлестэнам…
— Яны тут?
— Зараз прыйдуць… Некалькі тыдняў марской прагулкі… Далей адсюль… Каб пра «Сэн-Мішэль» тут ужо болей не гаварылі…
— Я мог бы прыхапіць з сабою і сястру — займалася б кухняю… Ведаеце, Жулі не з палахлівых…
І ўсё ж такі яму было няёмка перад Мэгрэ. Перад вачыма стаялі падзеі апошняй ночы. І ён яшчэ не ведаў, ці можна ўсміхнуцца, маючы іх на ўвазе.
— Вы хоць не прастудзіліся?
Яны стаялі на краі шлюза, і Мэгрэ адным штуршком адправіў матроса ў ваду.
— Здаецца, мой цягнік адыходзіць у шэсць, — сказаў пасля камісар. Аднак ён не рашаўся пайсці. Глядзеў вакол сябе з сумам: гэты маленькі порт стаў яму дарагі. Усё ж такі цяпер яму былі знаёмыя ўсе яго закуткі… І ў якое толькі надвор'е не давялося яму пабываць ці не ў кожным з іх: і пад слабым яшчэ ранішнім сонцам, і ў буру, і ў дождж, і ў непраглядны туман…
— Вы едзеце ў Кан? — спытаўся Мэгрэ ў Раймона, які ўсё яшчэ стаяў каля яго.
— Не адразу. Думаю, так будзе лепш… Трэба, каб прайшоў нейкі час…
— Час, — скончыў за яго Мэгрэ.
Калі праз чвэрць гадзіны вярнуўся Люка і спытаў, дзе Мэгрэ, яму паказалі на «Марацкі прытулак», дзе ўжо гарэла святло.
Праз запацелыя вокны шынка інспектар угледзеўся ў камісара…
Той сядзеў, ёмка ўладкаваўшыся на саламяным крэсле, з люлькаю ў зубах і кухлем піва ў руках, і слухаў розныя гісторыі, якія расказвалі вакол яго людзі ў марскіх фуражках і гумавых ботах…
У цягніку, гадзін каля дзесяці вечара, Мэгрэ ўздыхнуў.
— Мусіць, сядзяць цяпер усе трое ў кубрыку ў цяпле…
— У якім кубрыку? — спытаўся Люка.
— На «Сэн-Мішэлі»… На зрэзаным стале — лямпа, цяжкія шклянкі і бутэлька галандскага джыну… Печ патрэсквае… Дай мне запалкі!..
Чалавек на лаўцы
1. ЖОЎТЫЯ ЧАРАВІКІ
Забойства здарылася ў панядзелак, 19 кастрычніка — у швагеркі камісара Мэгрэ быў якраз дзень нараджэння. Дзіўна, але на набярэжнай Арфэўр даўно заўважылі, што ў панядзелак забойстваў бывае меней, чым у астатнія дні.
Гэта была першая восеньская справа, расследуючы якую Мэгрэ адчуў набліжэнне зімы.
Усю нядзелю ліў дождж, халодны і дробны. Дахі і асфальт заблішчалі, а потым узняўся жаўтаваты туман, які, здавалася, украдаўся ў жытло праз аконныя шчыліны.
Стала так холадна, што ў панядзелак раніцай пані Мэгрэ сказала:
— Трэба закласці шчыліны лямцам.
Камісар гадоў ужо пяць сама меней абяцаў жонцы кожную восень зрабіць гэта «ў наступную нядзелю».
Калі ён выйшаў з дому, першы раз надзеўшы гэтай восенню прапахлае нафталінам паліто — прапанавала жонка, — была ўжо палова дзевятай, але на вуліцы было так змрочна, што ў кватэры яшчэ гарэла святло.
Удзень дождж скончыўся, аднак асфальт не прасыхаў і рабіўся ўсё больш брудны. А гадзіны ў чатыры Парыж зноў ахутаў той самы жаўтаваты туман, у якім расплывалася святло ліхтароў і вітрын.
Калі зазваніў тэлефон, у бюро не было ні Люка, ні Жанв'е, ні нават маленькага Лапуэнта. Адказаў Сантоні, карсіканец, новы чалавек у брыгадзе — да гэтага ён працаваў у аддзеле азартных гульняў, потым — у аддзеле нораваў.