— Шэф, вас турбуе інспектар Нэвэ, з трэцяга раёна, — далажыў Сантоні камісару. — Хоча пагаварыць асабіста з вамі. Здаецца, справа тэрміновая.
Мэгрэ ўзяў слухаўку:
— Слухаю, даражэнькі.
— Званю з бістро на бульвары Сэн-Мартэн. Толькі што знайшлі аднаго тыпа. Зарэзаны.
— На самым бульвары?
— Не, не зусім. У адным тупічку.
Нэвэ, які ўжо даўно працаваў у паліцыі, ведаў, пра што адразу ж падумае Мэгрэ. Такое забойства, асабліва ў густанаселеных кварталах, — справа следчаму мала калі цікавая. Найчасцей гэта вынік п'яных сварак альбо звядзеяне рахункаў сярод шпаны, гішпанцаў, арабаў. Таму інспектар таропка дадаў:
— Справа здаецца мне няпростай. Лепей бы вы прыехалі. Гэта паміж вялікай ювелірнай крамай і крамкаю штучных кветак.
— Добра. Еду.
Камісар упершыню паехаў з Сантоні і цяпер ніяк не мог дачакацца, калі ж яны прыедуць на месца — так моцна наадэкалоніўся інспектар. Каб здацца вышэйшым, нізкарослы карсіканец насіў чаравікі на высокіх абцасах, валасы ў яго былі напамаджаныя, на безыменным пальцы жаўцеў буйны брыльянт, напэўна, фальшывы.
На бульвары Сэн-Мартэн стаяў натоўп чалавек трыццаць. Іх стрымлівалі паліцэйскія ў накідках. Нэвэ, які чакаў камісара, адчыніў дзверцы машыны.
— Я папрасіў доктара пачакаць вас, — сказаў ён.
Быў той час, калі гэтая частка Вялікіх бульвараў робіцца найбольш шматлюднай. Вялікі святлісты гадзіннік над ювелірнай крамай паказваў дваццаць хвілін на шостую. Але ў краме штучных кветак, якая выходзіла на вуліцу толькі адной вітрынаю, было ўжо цёмна. Шкло вітрыны было такое бруднае, што, здавалася, у краму ніхто ніколі і не заглядваў.
Паміж крамай і крамкаю — вузкі тупічок, дакладней, неасветлены, якіх багата ў гэтым квартале, праход ва ўнутраны двор.
Нэвэ праціснуўся наперад, вызваляючы дарогу камісару. Метры за тры-чатыры ад пачатку праходу іх чакалі ў цемрадзі нейкія людзі. У двух былі ліхтарыкі, але твары можна было разгледзець толькі зблізу.
Тут было яшчэ халадней, чым на бульвары — дзьмуў скразны вецер. Паміж ног круціўся, колькі яго ні адштурхоўвалі, нейкі сабака.
На зямлі, ля сырой сцяны, ляжаў чалавек. Адна ягоная рука была закінута за спіну, а другая, выцягнутая ва ўсю даўжыню, загароджвала амаль увесь праход.
— Мёртвы?
Доктар кіўнуў:
— Смерць, відаць, наступіла імгненна.
Усё роўна як пацвярджаючы гэтыя словы, святло ліхтара прапаўзло па целе забітага і спынілася на нажы, усаджаным у спіну. Другі ліхтар асвяціў паварот твару, адкрытае вока, шчаку, разадраную аб камяні пры падзенні.
— Хто яго знайшоў?
Адзін з паліцэйскіх, які толькі гэтага і чакаў, выступіў наперад.
— Я рабіў абход. Я звычайна зазіраю ва ўсе закуткі, бо ў іх усё і здараецца. І тут убачыў яго. Спярша я падумаў, што ён п'яны.
— Ён быў ужо мёртвы?
— Напэўна. Але цела было яшчэ цёплае.
— Які гэта быў час?
— Без чвэрці пяць. Я засвістаў паставому і пабег званіць у аддзяленне.
— Слухаўку падняў я, — уступіў у размову Жэнэ. — І адразу ж прыбыў на месца. Загадаў выклікаць доктара. Паліцэйскае аддзяленне было паблізу.
— Ніхто нічога не чуў?
— Не ведаю.
Непадалёк віднеліся невялікія дзверы, над якімі гарэла слабенькая лямпачка.
— Што гэта?
— Дзверы ў кантору ювелірнай крамы. Імі рэдка карыстаюцца.
З'явіліся эксперты, якіх Мэгрэ выклікаў, выязджаючы з набярэжнай Арфэўр.
— А што там, у канцы двара? — спытаўся Мэгрэ.
— Нічога. Сцяна. Ёсць дзверы ў дом па вуліцы Мэле, але яны даўно закалочаныя.
Было відавочна: чалавека забілі ўдарам нажа ў спіну, як толькі ён зайшоў у глыб тупічка. Нехта, праслізнуўшы ўслед за ім, ціха зрабіў сваю справу.
— Я праверыў кішэні і выняў кашалёк.
Нэвэ працягнуў яго Мэгрэ. Адзін з экспертаў пасвяціў ліхтарыкам. Кашалёк як кашалёк, не новы, але і не надта заношаны, з добрай скуры. Усярэдзіне — тры паперкі па тысячы франкаў і некалькі па сто, пасведчанне, выдадзенае на імя Луі Турэ, кладаўшчыка, жыхара Жувізі (вуліца Таполяў, 37), картка выбаршчыка з тым самым іменем, шматок паперы, на якім напісаны алоўкам пяць-шэсць слоў, і старая фатаграфія маленькай дзяўчынкі.
— Ну што, прыступім? — спытаўся эксперт.
Мэгрэ кіўнуў. Зазіхацелі бліцы, зашчоўкалі фотаапараты. Эксперты рабілі свае вымярэнні спакойна, не задавалі ніякіх пытанняў, адчувалася адно, што ім трохі нязручна працаваць у такім вузкім праходзе. Натоўп з боку бульвара павялічваўся, і паліцэйскія з цяжкасцю стрымлівалі яго.