Выбрать главу

Эксперты асцярожна вынялі нож і паклалі яго ў скрыню. Перавярнулі цела на спіну. На твары ў забітага, чалавека гадоў сарака — пяцідзесяці, застыла здзіўленне. Было ў гэтым здзіўленні штосьці дзіцячае. Чалавек, напэўна, так і не зразумеў, што з ім здарылася. Нехта, гледзячы на яго, узнервавана хіхікнуў.

Апрануты ён быў прыстойна: чыстыя цёмны гарнітур і бэжавае дэмісезоннае паліто. Але вось на нагах былі жоўтыя чаравікі, зусім не па сезоне.

Каб не яны, то на вуліцы гэтага чалавека ніхто і не заўважыў бы, такі ён быў неадметны.

Аднак паліцэйскі, які знайшоў яго, сказаў:

— Мне здаецца, я яго недзе бачыў...

— Дзе?

— Не памятаю. Але твар мне знаёмы. Ведаеце, часта сустракаеш адных і тых самых людзей, а твары неяк не запамінаюцца.

Нэвэ пацвердзіў:

— Мне ён таксама некага нагадвае. Магчыма, працаваў тут непадалёк.

Але што магло спатрэбіцца нябозе ў гэтым тупіку?

Мэгрэ паглядзеў на Сантоні. Карсіканец доўга працаваў у паліцыі нораваў і мог запомніць яго, як аднаго з маньякаў — шукальнікаў адзіноты. Там іх ведаюць амаль усіх. Часам гэта значныя людзі. Зрэдку іх ловяць, але калі адпускаюць, яны зноў бяруцца за сваё.

Аднак Сантоні пакруціў галавою.

— Ніколі не бачыў.

Тады Мэгрэ прыняў рашэнне:

— Працягвайце, панове. Калі завезяце яго ў Інстытут, не распранайце да майго загаду. А мы, Сантоні, паедзем. Паглядзім на яго сям'ю, калі такая ёсць.

Камісар быў заінтрыгаваны: забіты зусім звычайны, нічым не прыкметны чалавек...

— У Жувізі! — загадаў Мэгрэ шафёру.

Яны спыніліся на момант ля Італійскіх варотаў, каб выпіць па куфлі піва. А калі ў Жувізі, ля вакзала, пачалі распытваць пра вуліцу Таполяў, дык адказаў ім толькі пяты чалавек:

— Гэта вунь там, у недабудаваным раёне. Як даедзеце, дык глядзіце на шчыткі. Там кожная вуліца носіць назву якогасьці дрэва, а так яны ўсе аднолькавыя.

Спачатку доўга ехалі ўздоўж сарціровачнай станцыі, на якой лязгалі, пераязджаючы з аднаго пуці на другі, вагоны, свісталі і сіпелі, пускаючы клубы дыму, дзесяткі два паравозаў. Нарэшце дабраліся да патрэбнага раёна. Вузенькія вулкі і праўда зусім аднолькавыя, сотні, можа, тысячы досыць новых домікаў, пабудаваных па адной мадэлі. Дрэвы, пасадкі якіх давалі назвы вуліцам, яшчэ не паспелі вырасці, сям-там не было нават ходнікаў. За аднымі дамамі — пусткі, за іншымі — чэзлыя садкі, у якіх засыхалі апошнія восеньскія кветкі.

Дубовая вуліца... Бэзавая... Букавая... Магчыма, калі-небудзь гэты раён будзе падобны на парк, калі толькі ўсе гэтыя дрэнна пабудаваныя дамы не разваляцца, перш чым вырастуць як след дрэвы.

Жанчыны за вокнамі кухняў гатавалі вячэру. На вуліцах пуста. Дзе-нідзе — маленькія крамы, таксама даволі новыя з выгляду, аднак вітрыны іх нічым не вабілі.

— Налева.

Хвілін дзесяць кружылі, пакуль не прачыталі на шчытку патрэбную назву. Але дом праскочылі, бо трыццаць сёмы нумар ішоў чамусьці адразу ж за дваццаць першым.

Святло гарэла толькі на кухні, унізе. Было відаць, як за штораю ходзіць мажная жанчына.

— Хадзем, — уздыхнуў Мэгрэ, з цяжкасцю вылазячы з маленькай машыны, і выбіў люльку аб абцас.

Калі ён ступіў на ходнікі, штора зварухнулася і жанчына прыпала тварам да акна. Выдавала на тое, што прыезд машыны быў ёй падзеяй.

Мэгрэ ступіў на ганак і спыніўся перад пакрытымі лакам сасновымі дзвярыма, з жалезнай ручкаю і сінім акенцам. Ён пачаў шукаць кнопку званка, але перш чым знайшоў яе, пачуў голас з-за дзвярэй:

— Хто там?

— Пані Турэ?

— Я.

— Я хацеў бы пагаварыць з вамі.

Але жанчына не рашалася адчыніць дзверы.

— Паліцыя, — ціха дадаў Мэгрэ.

Гаспадыня зняла ланцужок, адсунула засаўку і, агледзеўшы мужчын праз шчыліну прыадчыненых дзвярэй, спыталася:

— А што вам трэба?

— Пагаварыць з вамі.

— Чым вы дакажаце, што вы з паліцыі?

Мэгрэ паказаў паліцэйскі жэтон.

— Добра. Спадзяюся, ён не фальшывы, — сказала пані Турэ, убачыўшы жэтон, і ўпусціла нечаканых гасцей.

Вузкі калідор, выбеленыя сцены, пакрытыя лакам дзверы і плінтусы. Дзверы на кухню заставаліся адчыненыя, жанчына правяла іх у суседні пакой і запаліла святло.

Мэгрэ разгледзеў гаспадыню. Сорак — сорак пяць гадоў, як і мужу, паўнейшая за яго, але не рыхлая, а шырокая ў касцях. Імпазантнай не назавеш. Шэрая сукенка і фартух, які яна машынальна церабіла, яшчэ больш спрошчвалі яе.

Спыніліся яны ў сталовай. Абсталюнак у вясковым стылі, кожная рэч на сваім месцы, як на вітрыне мэблевай крамы. Нідзе нічога лішняга — ні кінутай люлькі ці пачка цыгарэт, ні шытва ці нават газеты, нічога такога, што магло б даць хоць нейкае ўяўленне, чым тут людзі жывуць.