Сесці гаспадыня гасцей не запрасіла, але выразна паглядзела на іхнія ногі, перасцерагаючы ўсім сваім выглядам: «Не запэцкайце лінолеум!»
— Слухаю вас.
— Вашага мужа зваць Луі Турэ?
Нахмурыўшы бровы і спрабуючы здагадацца, што прывяло сюды паліцыю, яна кіўнула галавою.
— Ён працуе ў Парыжы?
— Памочнікам дырэктара фірмы «Каплан і Занэн», на вуліцы Бондзі.
— Ён працаваў калі-небудзь на складзе?
— Працаваў.
— Даўно?
— Некалькі гадоў таму назад. Але ўжо тады ён быў у дырэктара першым памагатым.
— У вас няма яго фатаграфіі?
— А нашто яна вам?
— Мне б хацелася ўпэўніцца...
— У чым? — Падазрона ўзіраючыся ў гасцей, пані Турэ запыталася: — Луі трапіў у аварыю?
Яна машынальна паглядзела на насценны гадзіннік, які вісеў на кухні, усё роўна як прыкідвала, дзе цяпер можа быць муж.
— Спярша я павінен упэўніцца, ці ён гэта.
— Гляньце на сервант, — сказала яна.
Падышоўшы да серванта, Мэгрэ ўбачыў некалькі фатаграфій: на адной — маладзенькая дзяўчына, на другой — чалавек, — зарэзаны ў тупіку, але маладзейшы, у чорным.
— Вы часам не ведаеце, ці ёсць у вашага мужа ворагі?
— Адкуль яны ў яго могуць быць?
Гаспадыня выйшла на хвілінку ў кухню і выключыла газавую гарэлку — на пліце нешта закіпела.
— А якой гадзіне вяртаецца ён звычайна дамоў?
— Ён выязджае з Ліёнскага вакзала ў шэсць дваццаць дзве. Дачка вяртаецца наступным цягніком, яна пазней заканчвае працаваць. У яе адказная пасада, і...
— Я вымушаны папрасіць вас праехаць з намі ў Парыж.
— Луі памёр? — Яна паглядзела на іх спадылба, позіркам жанчыны, якая не церпіць маны. — Скажыце мне праўду.
— Яго забілі.
— Дзе?
— У тупіку ля бульвара Сэн-Мартэн.
— Што яму там спатрэбілася?
— Не ведаю.
— Калі гэта здарылася?
— Мы мяркуем, недзе пасля паловы пятай.
— А палове пятай ён быў яшчэ ў Капланаў. Вы з імі гаварылі?
— Не, не паспелі. Ды мы й не ведаем яшчэ, дзе ён працуе.
— А хто ж яго забіў?
— Якраз гэта мы і спрабуем высветліць.
— Ён быў адзін?
Мэгрэ адчуў раздражненне.
— Ці не лепей вам апрануцца і паехаць разам з намі?
— Што вы з ім зрабілі?
— Цяпер ён у Інстытуце судова-медыцынскай экспертызы.
— Гэта морг?
Мэгрэ змаўчаў.
— Як мне папярэдзіць дачку?
— Можаце пакінуць цыдулку.
Гаспадыня задумалася.
— Не. Мы лепей заедзем да маёй сястры, і я перадам ёй ключ. Яна прыйдзе сюды і дачакаецца Монікі. Дачку вам таксама трэба ўбачыць?
— Пажадана.
— Дзе ёй лепш сустрэцца з намі?
— У маім бюро на набярэжнай Арфэўр. Гэта будзе найбольш аператыўна. Колькі ёй гадоў?
— Дваццаць два.
— А вы не маглі б папярэдзіць яе па тэлефоне?
— Па-першае, у нас няма тэлефона, а па-другое, яна ўжо пайшла з працы і едзе на вакзал. Пачакайце мяне.
Яна паднялася наверх па лесвіцы, якая ўся рыпела пад ёю — дом быў пабудаваны з уцэненых матэрыялаў, і дажыць да старасці яму наўрад ці было наканавана.
Уніз яна спусцілася ў чорным, напарфумленая. Падышоўшы да машыны, пані Турэ спынілася, усё роўна як сумнявалася, ці памесціцца яна ў такім маленькім аўтамабілі. Нехта назіраў за імі з суседняга акна.
— Сястра жыве за два кварталы адсюль. Няхай шафёр паверне направа, а потым на другую вуліцу налева.
Домікі сясцёр здаваліся блізнятамі. Адрозніваліся яны хіба што колерам шкла ў акенцы на дзвярах: тут яно было жоўтае.
— Я зараз вярнуся, — сказала пані Турэ, выйшаўшы з машыны, аднак затрымалася хвілін на пятнаццаць.
Вярнулася яна разам з сястрою, падобнай на яе як дзве кроплі вады і таксама апранутай у чорнае.
— Сястра паедзе з намі. Я думаю, месца хопіць. Яе муж пойдзе да мяне і дачакаецца Монікі. Сёння ў яго выхадны. Ён кантралёр на чыгунцы.
Мэгрэ сеў побач з шафёрам. Сантоні ледзь уціснуўся на сядзенне побач з мажнымі жанчынамі. Па дарозе сёстры перашэптваліся.
Калі яны прыехалі ў Інстытут судмедэкспертызы, цела Луі Турэ ўжо ляжала на мармуровай пліце. Нябожчыка згодна з загадам Мэгрэ яшчэ не распраналі. Камісар сам адкінуў з твару забітага прасціну.
Мэгрэ назіраў за сёстрамі. У цемнаце ён прыняў іх за блізнят. А цяпер, пры яркім святле, заўважыў, што сястра гады на тры-чатыры маладзейшая.
— Вы яго пазнаяце?
Пані Турэ трымала ў руках насоўку, але не плакала. Сястра трымала яе пад руку.
— Гэта Луі... Нябога... — уздыхнула ўдава. — Ці магла б я падумаць уранку... — Раптам яна заўважыла: — Яму ж ніхто не закрыў вочы...