— Можаце гэта зрабіць.
Сёстры пераглянуліся: а чый гэта абавязак?.. Разважыўшы, пані Турэ з урачыстым выглядам закрыла мужу вочы.
Прашаптаўшы: «Бедны Луі...» — яна звярнула ўвагу на чаравікі нябожчыка, бачныя з-пад прасціны, і адразу ж нахмурыла бровы.
— Што гэта?.. Хто надзеў яму гэтыя чаравікі?
— Яны былі на ім, калі мы яго знайшлі.
— Не можа быць. Луі ніколі не насіў жоўтых чаравікаў. Прынамсі, за ўсе дваццаць шэсць гадоў, што мы разам жылі. Ён ведаў: я такога колеру не дапусціла б. Жанна, ты бачыла?
Сястра згодна кіўнула.
— Вы ўсё-такі падумайце, — сказаў Мэгрэ, — ці былі ў яго такія адзежа і абутак... А можа, гэта не ён?
— А хто ж? Але чаравікі не ягоныя. Я ж чышчу іх кожны дзень. Магла я запомніць іх колер?.. Сёння ўранку на ім былі чорныя чаравікі на двайной падэшве, ён надзяваў іх ца працу.
Мэгрэ адкінуў прасціну да канца.
— Паліто ягонае?
— Ягонае.
— А гарнітур?
— Таксама. А гальштук — не. Ён ніколі не надзеў бы такога яркага гальштука. Гэты ж амаль чырвоны!
— Які лад жыцця быў у вашага мужа?
— Сама мерны. Сястра можа пацвердзіць. Уранку ён ад'язджаў на працу, сядаў у аўтобус, ехаў да вакзала на цягнік у восем семнаццаць. На Ліёнскім вакзале ён спускаўся ў метро і выходзіў на станцыі Сэн-Мартэн.
Супрацоўнік Інстытута зрабіў Мэгрэ знак, і камісар, зразумеўшы яго, падвёў сясцёр да другога стала, на якім былі раскладзены рэчы, знойдзеныя ў кішэнях у забітага.
— Спадзяюся, вы пазнаяце гэтыя рэчы?
На стале ляжалі срэбраны гадзіннік з ланцужком, насоўка без меткі, пачаты пачак цыгарэт, запальнічка, ключ і, побач з кашальком, два сінія білеты.
— Квіткі ў кіно, — адзначыла пані Турэ.
Мэгрэ дадаў, зірнуўшы на іх:
— Кінатэатр «Навіны дня», бульвар Бон-Нувэль. Калі я не памыляюся, квіткі сённяшнія.
— Не можа быць. Ты чуеш, Жанна?
— Цікава, — адказала сястра.
— Будзьце ласкавы, гляньце, што там у кашальку.
Праверыўшы кашалёк, пані Турэ зноў нахмурыла бровы.
— У Луі не было столькі грошай уранку.
— Вы ўпэўнены?
— Я ж кожную раніцу правяраю, ці ёсць у яго грошы. Ён ніколі не бярэ з сабою больш як тысячу дзвесце, тысячу трыста.
— Можа, ён сёння атрымаў грошы?
— Ды не, цяпер жа канец месяца.
— Калі ён вяртаўся ўвечары, у яго заўсёды заставаліся грошы?
— За вылікам тых, што ён плаціў за метро і цыгарэты. А на цягнік у яго праязны.
Яна не рашалася пакласці кашалёк сабе ў сумку.
— Напэўна, ён вам яшчэ патрэбны?
— Пакуль што патрэбны.
— Я ніяк не магу зразумець, чаму ў яго гэтыя гальштук і чаравікі. І чаму, калі ўсё гэта здарылася, ён не быў у сябе ў краме?..
Нічога не адказаўшы, Мэгрэ папрасіў яе распісацца на бланках.
— Вы паедзеце дамоў?
— Калі мы зможам забраць цела?
— Напэўна, праз дзень ці два.
— Яго будуць ускрываць?
— Магчыма. Але не абавязкова.
Пані Турэ паглядзела на гадзіннік.
— Праз дваццаць хвілін адыходзіць наш цягнік, — сказала яна сястры і звярнулася да Мэгрэ: — Ці не маглі б вы давезці нас да вакзала?
— Ты не будзеш чакаць Моніку? — запыталася ў пані Турэ сястра.
— Яна можа вярнуцца сама.
Вяртаючыся з Ліёнскага вакзала ў паліцыю, Мэгрэ і Сантоні яшчэ раз зірнулі з машыны сёстрам услед.
— Ведзьма! — прабурчаў Сантоні па дарозе з вакзала на набярэжную Арфэўр. — Нябозе, відаць, было не надта весела.
— Ва ўсякім разе, з ёю.
— Што вы думаеце пра гэтыя чаравікі? Калі б яны былі новыя, можна было б падумаць, што ён купіў іх сёння...
— Наўрад ці. Ён не пасмеў бы. А цікава, ці падобная на маці дачка?
Заехалі ў піўную перакусіць. Мэгрэ патэлефанаваў жонцы і сказаў, што не ведае, калі вернецца.
Калі яны пад'ехалі да камісарыята, вартавы-паліцэйскі паведаміў Мэгрэ:
— Вас пыталася нейкая дзяўчына. Кажа, што вы яе выклікалі. Я адправіў яе ў вашае бюро.
— Даўно?
— Хвілін дваццаць назад.
Туман зноў змяніўся дажджом, і пыльныя прыступкі лесвіцы стракацелі мокрымі слядамі. Большасць пакояў ужо апусцела. Але ў некаторых яшчэ гарэла святло.
— Мне застацца з вамі? — спытаўся Сантоні.
Мэгрэ кіўнуў. Раз ужо пачаў расследаванне з ім — будзе з ім і працягваць.
У чакальні сядзела дзяўчына ў блакітным капялюшыку. Твар з-за слабага святла разгледзець было цяжка. Дзяжурны, які чытаў вячэрнюю газету, далажыў:
— Гэта да вас, шэф.
— Я ведаю.
Звяртаючыся да дзяўчыны, Мэгрэ запытаўся:
— Панна Моніка? Хадземце, калі ласка, у мой кабінет.
Мэгрэ запаліў настольную лямпу. Святло ўпала на крэсла, і, калі камісар прапанаваў дзяўчыне сесці, то адразу заўважыў сляды слёз на яе твары.