Выбрать главу

Пошукі патрэбнага нумара прывялі Мэгрэ да старой, занядбанай будыніны. Уваходныя дзверы былі адчынены насцеж, па абодвух баках віселі розныя шыльдачкі: «Урокі машынапісу», «Продаж пёраў», «Набіўка матрацаў», «Юрыдычны кансультант», «Дыпламаваная масажыстка».

Кансьержка раскладвала пошту па скрынях.

— Дзе тут фірма «Каплан і Занэн»? — спытаўся Мэгрэ.

— Шаноўны пан, праз месяц будзе ўжо тры гады, як фірма перастала існаваць.

— І вы ўвесь гэты час жылі тут?

— Я жыву тут ужо дваццаць шэсць гадоў.

— А ці ведалі вы Луі Турэ?

— Яшчэ як! А што з ім здарылася, вы не скажаце? Ён не заходзіў да мяне ўжо некалькі месяцаў.

— Ён памёр.

— Божа літасцівы... Такі здаровы мужчына! Што з ім здарылася? Сэрца, мабыць?..

— Яго забілі ўчора пад вечар ударам нажа ў спіну.

Кансьержка ажно здранцвела.

— Я яшчэ не чытала сёння газет...

Пра гібель Луі Турэ ў газетах было згадана ўсяго ў некалькіх радках, як пра банальнае здарэнне.

— І хто гэта мог забіць такога добрага чалавека?.. Дваццаць тры гады ён хадзіў міма майго пакоя пад лесвіцай, праходзіў па чатыры разы на дзень і кожны раз казаў мне што-небудзь прыемнае. Калі пан Каплан закрыў сваю фірму, пана Луі нібыта падкасіла...

Кансьержка выцерла слёзы і высмаркалася.

— Пан Каплан яшчэ жывы?

— Я вам магу даць яго адрас. Ён жыве на плошчы Маё. Выдатны чалавек, але зусім іншы. Яго бацька, напэўна, таксама яшчэ жывы.

— Чым яны гандлявалі?

— Як, вы не ведаеце гэтай фірмы?!

Яна так здзівілася, што можна было падумаць, увесь свет павінен ведаць фірму «Каплан і Занэн».

— Я з паліцыі, — растлумачыў Мэгрэ. — Мне трэба ведаць усё, што датычыць пана Турэ.

— Для нас ён быў проста панам Луі. Усе яго так і звалі, многія нават не ведалі ягонага прозвішча. Пачакайце, калі ласка, хвілінку...

Яна таропка рассоўвала астатяія лісты па скрынях, прычыніла дзверцы ў грубцы і накінула на плечы шаль.

— Пан Луі забіты! Хто б мог падумаць! Такі чалавек... Хадземце. Я пакажу вам дом. Яго павінны былі знесці яшчэ тры гады назад і пабудаваць на гэтым месцы кінатэатр. Жыхароў загадзя папярэдзілі, я нават з'язджала да сваёй дачкі ў Ньеўр. Таму пан Каплан і закрыў сваю фірму. А можа, яшчэ і таму, што апошнія гады справы ў яго былі няважныя: ягоны сын, пан Макс, глядзеў на жыццё зусім не так, як бацька... Хадземце сюды...

Яны прайшлі ў вялікі ўнутраны двор, і камісар убачыў павільён са шкляным дахам, падобны на вакзальнае памяшканне. Над уваходам можна было яшчэ прачытаць колькі літар на аблезлай шыльдзе «Каплан і Занэн».

— Калі я пасялілася тут, Занэнаў ужо не было. Справы вёў стары Каплан. Ён быў так падобны на Дзеда Мароза, што дзеці на вуліцы спыняліся і глядзелі яму ўслед.

Замок на дзвярах у павільён быў вырваны. Усярэдзіне — рэзрух. Які быў гэты свет, дзе яшчэ тры гады назад жыў Луі Турэ, уявіць было цяжка.

Велізарная зала з разбітым шкляным дахам, уздоўж сцен, як у фешэнебельнай краме, адна над адной — галерэі; прылаўкі і паліцы былі знятыя, але на сценах яшчэ заставаліся сляды ад іх.

— Кожны раз, калі пан Луі заходзіў да мяне...

— А ён часта гэта рабіў?

— Раз у два-тры месяцы. І заўсёды прыносіў што-небудзь смачнае... Я адчувала, што на душы ў яго цяжка... Памятаю, у пана Каплана працавала да дваццаці ўкладчыц, а то і болей, перад святамі даводзілася працаваць і ўначы. Пан Каплан вёў аптовы гандаль, прадаваў тавар дробным гандлярам. Чаго толькі ў яго не было! Прыстаўныя бароды, кардонныя свістулькі, шары, карнавальны серпанцін, маскі, сувеніры з марскога ўзбярэжжа... Не было як прайсці праз залу... Часта адзін толькі пан Луі і мог знайсці патрэбны тавар...

— Ён быў кладаўшчыком?

— Кладаўшчыком. Ён заўсёды хадзіў у шэрым халаце. Справа, вось у гэтым куце, стаяў за шкляной перагародкаю стол пана Каплана, маладога, бо пасля першага ўдару стары ўжо больш не прыходзіў у краму. З панам Максам сядзела сакратарка, панна Леон, а бухгалтар быў там, на першым паверсе. Ніхто тады і не думаў, што ўсяму гэтаму хутка настане канец. І вось аднаго дня, у кастрычніку ці ў лістападзе, не магу сказаць больш дакладна калі, памятаю адно, было ўжо холадна, пан Макс сабраў усіх і аб'явіў, што закрывае фірму і прадае тавар іншаму аптавіку. Усе тады думалі, што дом будзе знесены і тут пабудуюць кінатэатр. Усе жыльцы атрымалі паведамленне аб зносе. Многія выехалі. А іншыя не сталі спяшацца і не памыліліся: жывуць сабе тут спакойна дагэтуль. Але дом усё-такі прададзены, і новыя ўладальнікі адмаўляюцца рабіць рамонт. Жыльцы ўсё судзяцца з імі, сюды ледзь не кожны месяц з суду прыходзяць. Я сама двойчы збірала рэчы...