Выбрать главу

— А вы ведаеце, дзе цяпер сакратарка, панна Леон?

— А як жа! У мяне ёсць яе адрас. Яна жыве са сваёй маці, у яе цяпер свая крамка на вуліцы Клін'янкур, на Манмартры. Яна, мабыць, зможа расказаць вам больш за мяне. Пан Луі заходзіў і да яе. Неяк мы загаварылі з ім пра яе, і ён сказаў, што яна прадае розныя рэчы для немаўлят. Смешна.

— Што смешна?

— Што яна, старая дзеўка, такое прадае.

Міма праходзілі жыльцы і, выбіраючы пошту са скрынак, падазрона пазіралі на Мэгрэ, мяркуючы, мабыць, што гэты таксама прыйшоў з нагоды іхняга высялення.

— Ну, дзякую. Я яшчэ зайду да вас.

— У вас ёсць якая-небудзь здагадка наконт забойцы?

— Ніякай, — прызнаўся камісар.

— Кашалёк у яго ўкралі?

— Не. І гадзіннік не ўзялі.

— Ну, тады яго, мабыць, пераблыталі з кімсьці іншым.

Каб трапіць на вуліцу Клін'янкур, Мэгрэ трэба было прайсці праз увесь горад. Ён зайшоў у бар і патэлефанаваў у камісарыят.

— Жанв'е слухае.

— Нічога новага?

— Хлопцы ўсе разышліся згодна з вашымі загадамі.

Уранку Мэгрэ загадаў сваім пяці інспектарам размеркаваць між сабою кварталы Парыжа і абысці ўсе крамы, каб высветліць, дзе забойца або ягоны памагаты мог купіць нож. Сантоні атрымаў заданне сабраць інфармацыю аб Моніцы Турэ.

Калі б у пані Турэ быў тэлефон, Мэгрэ неадкладна пазваніў бы ёй, каб даведацца, ці браў нябожчык з сабою апошнія тры гады абед, загорнуты ў цырату.

— Жанв'е, прышлі па мяне машыну. Я на вуліцы Бондзі. Буду чакаць насупраць кінатэатра «Адраджэнне».

Потым камісар даручыў Жанв'е распытаць у крамах на бульвары Сэн-Мартэн, ці ведаюць там Луі Турэ. Праўда, такое заданне ўжо атрымаў інспектар Нэвэ, але ў такіх справах, дзе прыходзіцца спадзявацца на шчаслівы выпадак, лішняя праверка ніколі не зашкодзіць.

— І дай фота ў газеты. Няхай яны і далей паведамляюць аб справе Турэ як аб сама банальным забойстве.

— Зразумеў. Высылаю машыну.

Было холадна, і, згадаўшы, як кансьержка з нагоды візіту Турэ бегала ў краму па кальвадос, Мэгрэ выпіў кілішак. Потым, засунуўшы рукі ў кішэні, перайшоў цераз бульвар і зазірнуў у тупік, дзе забілі Турэ.

Мабыць, ніхто не звярнуў асаблівай увагі на газетныя паведамленні аб забойстве: Мэгрэ вельмі доўга стаяў ля вітрын ювелірнай крамы, але ніводны чалавек так і не зазірнуў у тупічок пацікавіцца.

У краме працавалі пяць ці шэсць прадаўцоў. Надта дарагіх вырабаў не было. На большасці тавараў віселі этыкеткі «Рэкламная цана». Было багата брыльянтаў, пераважна фальшывых, сустракаліся, напэўна, і сапраўдныя. Заручальныя пярсцёнкі, будзільнікі, насценныя гадзіннікі, не вельмі густоўныя.

Звярнуўшы на камісара ўвагу, да дзвярэй з ветлівай усмешкаю падышоў прадавец, збіраючыся запрасіць нерашучага, як ён, напэўна, падумаў, пакупніка ў краму, але Мэгрэ рушыў далей.

Праз некалькі хвілін ён ужо ехаў у службовай машыне на вуліцу Клін'янкур.

Раён быў ціхі, небагаты. Крама панны Леон, пад шыльдаю «Усё для сама маленькіх», ледзь віднелася, заціснутая паміж мясной крамаю і шынком для шафёраў.

Увайшоўшы ў краму, Мэгрэ адразу ж сумеўся: ні тая старая жанчына, што сядзела ў фатэлі з кошкаю на каленях у суседнім з крамным пакоі, ні гэтая, маладзейшая, што ціха выслізнула насустрач яму, ніяк не адпавядалі ягонаму ўяўленню аб Капланавай сакратарцы, уяўленню, якое ён паспеў скласці, пагутарыўшы з кансьержкаю. Вядома, камісар разумеў, калі кіраваўся сюды, што сустрэне старую панну, аднак не настолькі ж ужо «кідкую» — сакратаркаю ўсё ж такі жанчына колісь была.

Але, канечне, гадаць не прыходзілася: панна Леон — гэтая, маладзейшая.

Яна дужа нагадвала мнішку. Вельмі ўжо строгая, як на любы погляд, чорная сукенка, твар і рукі здаваліся зусім бясколернымі, абяскроўленымі. Праўда, на тонкіх вуснах віднелася нешта накшталт слабенькай усмешкі, якая хоць трохі ажыўляла невыразны твар.

Рысы ўсе былі вельмі незаўважныя, так бы мовіць, нават нейкія сцёртыя, але за выняткам адной — тоўстага носа, які так і кідаўся ў вочы.

Як смешна, падумаў Мэгрэ, што яе завуць Леон*.

* Leonne — ільвіца (фр.).

Вялікі мясісты нос рабіў жанчыну і праўда падобнай да ільвіцы ў заапарку — у час сну. Але ж якая только гэта ільвіца...

З суседняга пакоя ішло цяпло ад грубкі. Адчувалася адразу, што палілі тут не шкадуючы. На прылаўку і на паліцах раскладзены пушыстыя распашонкі, пінеткі з ружовымі ці блакітнымі банцікамі, каптурыкі, сукеначкі...